Старажытны Тураў пад дажджом



Старажытны Тураў сустрэў нас дастаткова моцным дажджом і асеннім дзённым паўзмрокам. На ўездзе ў горад з боку Жыткавічаў, ад якіх да Турава 25 км, пратэстанцкі дом-храм з белай цэглы. Гэта царква хрысціян веры евангельскай, на доме па вуліцы Ленінская, інфармацыйная таблічка на ёй па-расейску. Паабапал дарогі-асфальтоўкі высокія мураваныя платы з рознакаляровымі графіці і напісамі. Тут можна пабачыць і стылізаваную мапу Беларусі з абласнымі цэнтрамі па-расейску, і тэкст “Туров древний і молодой”, і нейкія лубочныя малюнкі з гусямі і ні то турамі, ні то быкамі разам з слоганам “За Беларусь”. Глядзіцца ўсё гэта неяк ненатуральна і, скажу шчыра, ня надта прывабна. Бліжэй да цэнтру гораду адметная драўляная Усясвяцкая царква, пабудаваная ў 1810 годзе. Каля гэтай царквы стаіць помнік у гонар Канстанціна Астрожскага, які быў ахрышчаны пад імем Васіль. На помніку даты нараджэння і смерці выдатнага чалавека, а таксама герб роду Астрожскіх.

У цэнтры Турава вялікі праваслаўны сабор. Па перыметры плошчы размешчаны таксама будынак мясцовай улады, магазін з беларускай назвай “Тураўскі” – на ім выява Кірылы Тураўскага, кафэ “Прыпяць”, гандлёвы павільён “Явар”. Далей можна пабачыць помнік, стылізаваны пад крыж – на ім тэкст, што ён пастаўлены ў 2005 годзе ў гонар тысячагоддзя Тураўскай епархіі. Далей проста дарога вядзе на старажытнае гарадзішча, дзе размешчаны музейны комплекс. За шкляным будынкам музея ў глыбіні стаиць помнік Кірылу Тураўскаму. З гарадзішча добра відаць наваколлі і затокі Прыпяці.  На гарадзішчы ёсць яшчэ невялікі драўляны крыж, перавязаны ручнікамі.

Каб выехаць у бок Давыд-Гарадка, трэба вярнуцца з тэрыторыі гарадзішча і музейнага комплексу і з цэнтру скіравацца іншай дарогай. Амаль ужо на выездзе з Турава па левым баку Барысаглебскія могілкі, дзе знаходзіцца хіба галоўная святыня старажытнага гораду. Гэта два каменныя крыжы, якія растуць з зямлі. Усяго ў Тураве тры каменныя крыжы. Паводле легенды два з іх прыплылі сюды супраць плыні Прыпяці, паводле іншай версіі – выраслі з зямлі.

Перад могілкамі ўсталяваныя адмысловыя інфармацыйныя стэнды, якія расказваюць пра гісторыю святыні, далей ўказальнікі, на жаль усё па-расейску. Да абодвух крыжоў пракладзена адмысловая дарожка, сюды прыязджаюць шматлікія паломнікі. Крыжы зусім невялічкія, але яны растуць, прычым як угару, так і ўшыркі. На гэтых могілках стаіць яшчэ крыж на месцы мяркуемай цэнтральнай часткі даўняга Барысаглебскага манастыра. У гэтую мясціну варта завітаць кожнаму падарожніку, каб пакланіцца крыжам і папрасіць пра аздараўленне блізкіх людзей. На пачатку могілак стаіць каплічка, побач з ёй некалі даволі старых помнікаў.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара