Старажытныя фрэскі Спаса-Прэабражэнскай царквы



Каля 23 гадоў вядзецца рэстаўрацыя ўнікальных фрэсак XII стагоддзя ў полацкай Спаса-Прэабражэнскай царкве, якая знаходзіцца на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. І вось праца набліжаецца за завяршэння.

Carkva_Spasa_Polacak

Фрэскі былі схаваныя пад пазнейшымі роспісамі, якія здымаюцца рэстаўратарамі і захоўваюцца на адмысловых палотнах. Паводле рэстаўратара Міколы Маліноўскага, засталося зусім няшмат працы, каб адкрыць старажытныя фрэскі цалкам:

– Амаль увесь храм на 12 стагоддзе па жывапісу адкрыты, прынамсі самая асноўная частка. Застаецца ў нартаксе крыху і крыху на другім паверсе. То бок у храме ўжо можна пабачыць, як ён быў распісаны ў 12 стагоддзі.

Спаса-Прэабражэнская царква была пабудавана ў Полацку на замову славутай княжны Еўфрасінні Полацкай, якая пасля смерці, у 1547 годзе, была кананізавана і сёння з’яўляецца святой для ўсіх асноўных хрысціянскіх канфесій, якія існуюць у Беларусі. Большасць беларускіх гісторыкаў лічаць, што працэсам стварэння фрэсак у Спасаўскай царкве і нават замаўленнем сюжэтаў мастакам займалася сама Еўфрасіння, бо ў свеце няма іншай царквы, якая была б распісана менавіта так, як гэтая перліна беларускай архітэктуры.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік