Талінскі музей вясковай архітэктуры і побыту



Музей вясковай традыцыйнай культуры Эстоніі размешчаны ў сталіцы Таліне ў мікрараёне Рока-аль-Марэ. Займае ён амаль 80 гактараў, а заснаваны быў яшчэ ў 1957-ым годзе. У музейны комплекс уваходзіць 72 пабудовы, бальшыня з якіх скампанавана ў 11 хутарскіх падворкаў, якія сваім парадкам аб’яднаныя ў тэрытарыяльныя групы: Заходняя Эстонія, Паўночная Эстонія, Паўднёвая Эстонія і Выспы. Музей на ўскрайку Таліна знаёміць наведнікаў з эстонскай нацыянальнай архітэктурай апошніх двух стагоддзяў, а таксама з традыцыйным побытам, вясковым жыццём. Наведнікі могуць паабедаць у традыцыйнай эстонскай карчме, скаштаваўшы там папулярныя ў гэтай краіне стравы. На тэрыторыі комплексу можна ўбачыць розныя адрыны, клеці, царкву, карчму, школу, драўляныя ветракі, падпаветку для захоўвання рыбацкіх сетак, іншыя разнастайныя пабудовы. Можна праехацца брычкай, набыць вырабы майстроў, выйсці на марское ўзбярэжжа Копліскай затокі.

Даехаць да гэтага музея пад адкрытым небам з цэнтру Таліна можна ўсяго за 15-20 хвілін.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара