Тэхнікум, у якім стваралася «Полацкая даўніна»



Полацкі лясны тэхнікум – легендарная беларуская навучальная ўстанова. Па-першае, гэта найстарэйшая адукацыйная ўстанова сярэдняй прафесійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, была заснаваная ў 1921 годзе. Сёння адзіная ў сваёй галіне падобная навучальная ўстанова ў Беларусі. Па-другое, гэта быў адметны культурны цэнтр Полацка 20-30 гадоў мінулага стагоддзя. Невыпадкова сярод першых сяброў полацкай філіі літаратурнага аб’яднання «Маладняк» былі студэнты лястэхнікума. У будынку тэхнікума ладзіліся сустрэчы з пісьменніка, тут выступалі Янка Купала, Пятрусь Броўка, Тарас Хадкевіч, Алесь Звонак. Па-трэцяе, гэтая ўстанова звязаная з лёсам многіх вядомых у Полацку і Беларусі людзей.

DSC000150

Будынак Полацкага ляснога тэхнікума

Тут вучыўся Аляксандр Гаравец, славуты лётчык, Герой Савецкага Саюза. 6 ліпеня 1943 года ў час Курскай бітвы ўступіў у бой з 20 варожымі бамбардзіроўшчыкамі, збіў 9 самалётаў, загінуў у гэтым баі. Перад будынкам Полацкага ляснога тэхнікума ўсталяваны помнік легендарнаму лётчыку.

Тут працяглы час выкладаў, а адразу пасля Другой сусветнай вайны ўзначальваў тэхнікум самы вядомы полацкі краязнаўца, аўтар «Полацкай даўніны» Іван Дэйніс. Тут вучыўся паэт Валянцін Лукша, той самы – аўтар тэксту славутай песні «Стаяць на рэйдзе брыганціны», музыку да якой напісаў малады тады кампазітар Ігар Лучанак. Тут вучыўся вядомы фатограф дзікай прыроды, кіраўнік выдавецтва «Рыфтур» Сяргей Плыткевіч.

Полацкі лясны тэхнікум абавязаны і месцам нараджэння вядомага філолага і пісьменніка Юрася Пацюпы. У гэтай навучальнай ўстанове вучыліся яго бацькі, і менавіта ў Полацку, яшчэ студэнтамі, пабраліся шлюбам.

Paciupa

Юрась Пацюпа ля будынка Полацкага ляснога тэхнікума.

Ну і нельга не распавесці пра сам будынак, у якім размешчаны тэхнікум. Пабудаваны ён у 1908 годзе для падрыхтоўкі настаўнікаў царкоўна-прыходскіх школ, раней у ім знаходзілася Спаса-Еўфрасіннеўскае жаночае епархіяльнае вучылішча. Будынак адметны і тым, што тут неаднойчы здымалі розныя беларускія гістарычныя фільмы, напрыклад, «Гадзіннік спыніўся апоўначы».

25 красавіка 2009 года загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «УА Полацкі дзяржаўны лясны тэхнікум» перайменаваны ў «УА Полацкі дзяржаўны лясны каледж».

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтара