Тэрнопаль — курорт без мора



Заходнеўкраінскі Тэрнопаль няўлоўна нагадвае тыповы курортны горад дзе-небудзь у Славаччыне: старасвецкая забудова сярэдзіны XIX стагоддзя, брукаванка аўстра-венгерскіх часоў, ветлівыя і добразычлівыя месцічы… Маляўнічае Тэрнопальскае возера толькі ўзмацняе падабенства з курортам. Дарэчы, вадаём гэты штучны, як і копанка ў цэнтры Менска, і да 1992 года называўся гэтак жа: Камсамольскае возера.

Цэнтр горада можна агледзіць за якую гадзіну, і цэнтр гэты пакідае ўражанне цацкі. Дамкі не вышэйшыя за чатыры паверхі, укручаныя плюшчом фасады і процьма шыльдаў рэстарацый, кафэ і гандэлкаў ці не на кожным кроку. Між іншым, ва ўсім Тэрнопалі няма аніводнай шыльды расейскай мовай: акрамя надпісаў украінскай, зрэдку сустракаюцца шыльды па-польску і па-ангельску. Беларускае вока асабліва цешыць амаль поўная адсутнасць смецця; у плане акуратнасці Тэрнопаль моцна адрозніваецца ад якіх Палтавы ці Харкава.

Лепш за ўсё аглядаць цэнтр горада нядзельнай раніцай. Людзей на вуліцах практычна няма, як і аўтамабільнага руху. Але ўражанне гэта падманлівае. Калі вы пойдзеце да грэка-каталіцкага храма Беззаганнага Зачацця Божай Маці, дык абавязкова пачуеце гукі імшы і казань святара. А па хуткім часе пабачыце і вернікаў, якія выходзяць з бажніцы. Нямала тутэйшых вернікаў ходзіць на нядзельную імшу ў вышыванках. Бо вышыванка ў Тэрнопалі не столькі «знак датычнасці да ўкраінскасці», колькі натуральны святочны строй.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя