Царква з абразамі на…вуліцы



Расказваючы пра Высокае, мы абмінулі адзін адметны канфесійны асяродак – мясцовы праваслаўны храм. Яго гісторыя пачынаецца з другой паловы 19-га стагоддзя. У 1863 годзе паўстанцкі аддзел Рамана Рагінскага на пэўны час вызваліў Высокае з-пад расейскай улады. У 1869-ым годзе расейскія царскія ўлады збудавалі ў мястэчку мураваную царкву Узвышэння Святога Крыжа коштам сродкаў, канфіскаваных у паўстанцаў. Пабудавана яна была на месцы драўлянай царквы 1840 году. Гэта помнік архітэктуры так званага рэтраспектыўнага-рускага стылю. Будаўніцтва вёў нейкі мешчанін Чарнігаўскай губерні па прозвішчы Назараў.

Сёння гэты храм глядзіцца досыць прывабна. На тэрыторыі царквы растуць елкі і туі, на двары ўсталяваны цікавы васьміканцовы драўляны крыж. Можна ўгледзець яшчэ шэраг цікавостак. Некаторыя абразы разьмешчаны проста на вуліцы. А ў дупле адного з дрэваў усталявана выява Ісуса Хрыста. У самой царкве, якая налічвае 5 невялікіх пазалочаных купалаў, некалькі досыць цікавых і незвычайных іконаў з досыць рэдкімі сюжэтамі. Вісіць тут і вельмі старая, яшчэ з царскіх часоў шыльда, якая паведамляе пра тое, што 1 верасьня 1866 году гэты храм наведаў цар Аляксандар ІІІ разам з усёй сям’ёй – імператрыцай Марыяй Фёдараўнай і дзецьмі, сярод якіх быў і будучы апошні расейскі цар Мікалай ІІ.

Справа ад царквы стаіць шыльда з надпісам рынак, а таксама дом культуры На гэтым будынку пад шыльдай Касамольская-3 вісіць зараз транспарант па расейску Слава, город Высокое!. А на франтоне справа радкі з песні пра горад ужо па-беларуску:

Ты вядзі нас дарога паміж ніў і палёў

Да бацькоўскага дому, там дзе клёкат буслоў

Там дзе кветкі смяюцца, дзе чакае любоў

Высокае, Высокае, краіна дзіўніх сноў

Ты блізкае, далёкае

Ты горад мой, мая любоў.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара