Цікавосткі „горада ваўка”



Ваўкавыск Гарадзенскай вобласці – горад з тысячагадовай гісторыяй. Па дадзеных апошняга перапісу тут побач жывуць беларусы, палякі, рускія, украінцы, літоўцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Безумоўна такі кантраст адбіваецца на культурнай разнастайнасці рэгіёна. Ёсць у месце і дзейсны каталіцкі касцёл, і праваслаўныя цэрквы, і могілкі паўстанцаў 1863-64 гадоў, і габрэйскія могілкі, старажытнае гарадзішча. Сама назва – Ваўкавыск, на думку даследчыкаў паходзіць ад мясцовай рачулкі Ваўкавыі якая цячэ праз горад. Паводле адной з версій утварылася яна ад дзвюх асноваў, калі першая “воўк” не выклікае сумневаў, то другая выглядае не зусім зразумела бо “выя” магла быць, як “шыяй”, так і пераробкай з “выйск”. У любым выпадку Ваўкавыск – так ці інакш звязаны з ваўком, які і з’яўляецца сімвалам горада.

fbbadb5935e30e57a6448c9e243949f64c78e43fc2a8758a91pimgpsh_fullsize_distr

Памятны знак з сімвалам горада – ваўком усталяваны ў 2005 годзе на плошчы Леніна, да 1000-й гадавіны першай згадкі

Першая ўзгадка Ваўкавыску, старажытнае гарадзішча якога складаецца з дзвюх пляцовак – Шведскай гары і Замшчышча, датуецца 1005 годам. Такім чынам горад, з’ўляецца адным з найстаражытнейшых паселішчаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ужо ў 1994-м годзе мясцовыя ўлады замацавалі гэтую дату як афіцыйны час заснавання горада. Пад 1252-м годам Ваўкавыск узгадваецца як цэнтр удзельнага, сугучнага назве горада – Ваўкавыскага княства. У тыя часы яно з’яўлялася аб’ектам барацьбы між літоўскімі (Навагрудскімі) і галіцка-валынскімі князямі. Ужо пасля 1315 года, пры Гедыміне, княства трывала ўвайшло ў склад земляў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). 16 сакавіка 1410 года на некаторы час крыжакі авалодалі горадам, але ўжо 15 ліпеня таго ж года Ваўкавыская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве. Падчас княжання гаспадара літоўскага Аляксандра, у 1503 годзе горад атрымаў Магдэбурскае права. Як і ў ВКЛ, так і ў Рэчы Паспалітай Ваўкавыск меў статус павятовага цэнтра. Існуе меркаванне, што помнік старабеларускай мовы “Ваўкавыскае Евангелле” XVI cтагоддзя мае дачыненне да гісторыі горада, аднак згодна з іншымі дадзенымі кніга магла быць звязана і з вёскай Ваўкавічы Наваградскага павета.

eac3aa67aca4b54d64d81da571d9bd77c5141e82effb56c2bbpimgpsh_fullsize_distr

На вуліцах горада можна сустрэць памятныя знакі ў гонар даты заснавання Ваўкавыска

На закаце ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, напрыканцы XVIII стагоддзя ў горадзе існаваў касцёл і ўніяцкая царква. Падчас паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, Ваўкавыск моцна пацярпеў у выніку баёў інсургентаў з расейскім войскам. Пад уладай Расейскай імперыі горад заставаўся павятовым цэнтрам. Падчас французка-райсейскай вайны 1812 года, на думку некаторых гісторыкаў у Ваўкавыску месцілася штаб-кватэра генерала Пятра-Баграціёна. Зараз у горадзе існуе музей ягонага імя прысвечаны падзеям тых часоў. Пасля Паўстання 1863-64 гадоў, літаральна праз два дзясяцігоддзі Ваўкавыск становіцца чыгуначным вузлом на лініі Баранавічы-Беласток. 25 сакавіка 1918 года паводле Трэцяй устаўной граматы абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Цягам ХХ стагоддзя горад уваходзіў у склад Другой Рэчы Паспалітай, быў акупаваны войскамі Трэцяга Рэйху, але ў найвялікшым прамежку часа там панавала савецкая ўлада. Часы саветаў нанеслі свой адбітак на архітэктуру і забудову, але дзе-нідзе можна ўбачыць рэшткі даўніны.

Цікавая сітуацыя ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі ў Ваўкавыску з беларускай мовай. Вядома, як і паўсюль, моўнае пытанне там патрабуе высілкаў і часу для ягонага вырашэння. Аднак у чарзе каля прылаўка крамы, або на пошце ў гутарцы мясцовых, большасць словаў выразна беларускіх. Прыбыццё аўтобусаў мясцовага аўтавакзала, дыспетчар аб’яўляе па-беларуску без дублявання на другую дзяржаўную мову. Вялікая колькасць шыльдаў не толькі на дзяржаўных ўстановах альбо бібліятэках, але і на прыватных такіх як напрыклад “бюро нерухомасці” напісана на беларускай мове.

766cb7def1c53a2e1c827a29cab192b84fcc8b083b52f63b10pimgpsh_fullsize_distr

Касцёл Святога Вацлава 1846-1848 гадоў пабудовы. Прыклад архітэктуры позняга класіцызму

У Ваўкавыску аўтавакзал і чыгуначны знаходдзяцца побач. Аўтобуснае спалучэнне звязвае горад з Гародняй, Вільняй, Беластокам, Берасцем, Пінскам, Менскам, Баранавічамі ды з іншымі меншымі населенымі пунктамі. Адразу пасля выхаду з будынку станцыі “Ваўкавыск-горад” можна пабачыць забудову канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. У будынках месцяцца крамы, цырульні ды салоны. Недалёка працуе і фірмовая крама мясцовага мясакамбіната, дзе аматары кулінарыі могуць пакаштаваць і параўнаць іх прадукцыю, напрыклад, з берасцейскай, ці бярозаўскай. Для таго, каб застацца і пераначаваць, можна звярнуцца ў адну з гасцініц горада, а вось пытанне з грамадскім харчаваннем да канца не вырашана. У кірунку ад вакзала да плошчы Леніна нельга сустрэць кавярні ці рэстарана, каб падсілкавацца. Выключэннем з’яўляецца сталовая “Расінка”, дзе праўда за тры з рэштай рублі можна з’есці суп і дранікі з мясам.

Варта дадаць што менавіта ў Ваўкавыску калісьці працаваў і стварыў паспяховую дагэтуль службу таксі “Нiка”, беларускі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Прадпрымальніка часцей убачыш у Менску ды і таксі ён ужо не валодае, аднак на “Ніка”-скіх аўто вялікімі літарамі і па-беларуску дагэтуль напісана “Ваўкавыск” і змешчаны герб горада. Некалькі цыклаў сваіх перадач, гораду прысвяціў нястомны падарожнік і галоўны дылетант краіны Юрый Жагамонт. Бадай, гэта ня ўсё што можна распавесці пра адно з найстаражытнейшых месцаў Беларусі, і кожны з наведвальнікаў знойдзе нешта новае для сябе.

a5a2d8ec4366aae80273d71454ecdd9f2ec2b8b1bd6a684326pimgpsh_fullsize_distr

Будынак станцыі “Ваўкавыск Горад” Беларускай чыгункі

49289f7867b803a6488c0777e5b354cc6e8920ef436d9b9e36pimgpsh_fullsize_distr

Царква Святога Мікалая

69faa2ec236a1c46fbd28bdbde0d65d8b5eb8561e8d85f00f5pimgpsh_fullsize_distr

Гарадская забудова канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў

abecfe1b56d0e5ff7cbb318478d877f66c031be1c04ef373b7pimgpsh_fullsize_distr

Гарадская забудова канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ваўкавыск