Узор ідэальнай рэстаўрацыі



Калі вам пашчасціць пабываць у Чарнігаве, абавязкова наведайце старадаўнюю Пятніцкую царкву, фундаваную, паводле легенды, на грошы князя Ігара – таго самага.

Царква тая  была збудаваная напрыканцы ХІІ стагоддзя і больш нагадвала фартэцыю, чым бажніцу. Ёсць прыгожая легенда: калі татара-манголы, якія захапілі Чарнігаў, у Пятніцкай царкве зачыніліся мніхі, якія мужна адбівалі ўсе атакі басурманаў. Большасць заваёўнікаў пайшла на Кіеў, а астатнія ўзялі Пятніцкую царкву ў доўгатэрміновую аблогу. Калі ў мніхаў скончылася ежа і вада, яны падняліся на царкоўны дах і кінуліся на татарскія дзіды.

Напаўразбураная татарамі бажніца неаднаразова аднаўлялася і перабудоўвалася, цярпела ад шматлікіх пажараў і нашэсцяў чужаземцаў, потым зноў перабудоўвалася. Самыя маштабныя змены адбыліся ў ХVII стагоддзі, калі Пятніцкая царква атрымала сем купалоў. У тыя ж часы побач з’явіўся жаночы манастыр, а крыху пазней – званіца. У ХІХ стагоддзі вакол старажытнай Пятніцы паўстаў цэлы царкоўны комплекс: дамы святароў, могілкі, царкоўная бібліятэка і шматлікія лаўкі.

Падчас вайны ў Пятніцкую царкву патрапіла савецкая авіябомба. У 1945 годзе руіны былі закансерваваныя, пасля чаго пачалася рэстаўрацыя, якая доўжылася амаль сямнаццаць гадоў. Уся старажытная плінфа, усе каменчыкі, якія мелі дачыненне да першапачатковай Пятніцы, дбайна выбіраліся, сартаваліся і адкладаліся. На чарнігаўскай цаглярні нават стварылі цэх, які вырабляў копіі плінфаў паводле ўзораў ХІІ стагоддзя.

Перад рэстаўратарамі паўстала пытанне: якім аднаўляць помнік? Такім, якім ён быў у ХVII, ХVIIІ ці ХІХ стагоддзях?

У выніку Пятніцкую царкву адрадзілі такой, якой яна, хутчэй за ўсё, была менавіта на момант сваёй пабудовы. Атрымалася вельмі пераканаўча.

І толькі гадоў пятнаццаць таму на сцяне Пятніцкай царквы выявілі цікавую дэталь: выкладзены цэглай крыж датаваны ХІІ стагоддзем. Але савецкія рэстаўратары, якія бездаганна Пятніцу адрэстаўравалі, крыж той затынкавалі.

Нашто? А на ўсялякі выпадак…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя