Вадзяны млын у Казлоўшчыне



Млын у беларускай фальклорнай традыцыі – месца містычнае, загадкавае, а ўночы яшчэ і небяспечнае. Удзень на млынах працуюць людзі, а ўночы ўвіхаюцца дробныя д’яблы. Калі млын вадзяны, то ў стаўку побач абавязкова жыве як мінімум адзін вадзянік. Але ж млынар можа з ім нават пасябраваць: варта толькі трымаць на працоўным месцы чорнага пеўня…

На вадзяным млыне, што ў Казлоўшчыне, непадалёк Паставаў, чорнага пеўня няма. Ды вадзянікоў і дробных д’яблаў мясцовыя жыхары таксама даўно не бачылі. Хутчэй за ўсё, нячысцікі паўцякалі з рачулкі Ласіца, на якой той млын стаіць, яшчэ за Саветамі, калі ў Казлоўшчыне месціўся калгас імя Сталіна. А, можа, дробныя д’яблы і самі зразумелі, што спакушаць тутэйшы люд, традыцыйных беларускіх католікаў – адно марна вытрачаць час.

Млын, збудаваны яшчэ ў 1859 годзе, выдатна захаваўся. Лепш за ўсё прыходзіць да яго ў прыцемкі. Вечар размывае абрысы прыбярэжных дрэваў. Згасаюць колеры, сцішаюцца птушачкі, і вада ў Ласіцы густа чарнее, нібы атрамант. Але кожны ледзь чутны ўсплеск міжволі змусіць вас падумаць: а можа, вадзянік і пагэтуль жыве на старым млыне?

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Здымкі: Яраш Малішэўскі