Валеўка: унікальная царква пры дарозе



Ёсць храмы, якія ўражваюць сваёй велічнасцю і манументальнасцю, ёсць такія – якія прывабліваюць пышнасцю формаў і багаццем аздобы. А ёсць такія, прыгажосць якіх цяжка апісаць з дапамогай архітэктурных тэрмінаў і слоўных эпітэтаў – настолькі яны арганічныя і натуральныя ў навакольным асяроддзі. З ліку іх царква ў Валеўцы на старадаўняй Наваградскай зямлі. Гэта адзін з найбольш старых драўляных храмаў на беларускай зямлі, каштоўная перліна архітэктурнай спадчыны. Стаіць царква па левым баку на шляху, што вядзе на чароўнае возера Свіцязь, аддаленая ад жылой забудовы. Царква пры самай дарозе, на пагорку, а перад ёй растуць дзве бярозы, падымацца трэба па стромых прыступках.

Летапісных звестак і гістарычных крыніцаў пра заснаванне паселішча Валеўка не захавалася. Як мясцовасць на рацэ Нёўда яна згадваецца ва ўспамінах Фёдара Еўлашоўскага пад 1602 годам. Храм быў пабудаваны ў 1685 годзе з дрэва як Троіцкі касцёл кляштару дамініканцаў, што быў заснаваны паводле фундацыі берасцейскага ваяводы Стэфана Курча. Першапачаткова ён меў рысы стылю барока. У 1832 годзе кляштар быў скасаваны, а яшчэ праз пяць гадоў храм стаў праваслаўнай Петрапаўлаўскай царквой. Мястэчкам тады валодалі Незабытоўскія. Апошняя перабудова адбылася ў 1870-ых гадах, з таго часу царква істотна не мяняла свайго аблічча. Толькі ў трыццатыя гады дваццатага стагоддзя да яе была далучана трох’ярусная званіца. Перыядычна царква мяняе колеры, відаць, сучасныя фарбы насуперак навязлівым рэкламам, зусім нетрывалыя. У храме зараз знаходзіцца некалькі старадаўніх ікон, а двух’ярусны  іканастас аздоблены разьбой з пазалотай. Уладзімір Караткевіч пісаў, што тут былі іконы працы вядомага расейскага мастака Віктара Васняцова.

У наваколлі Валеўкі археолагі знайшлі некалькі помнікаў даўніны – курганны могільнік, стаянку. А сама каштоўным ёсць гарадзішча ранняга жалезнага веку X-VI вякоў да нашай эры. Называецца яно гара Радагошча. Гэта месца на значным узвышэнні, з якога вока радуюць маляўнічыя далягляды. На Радагошчы, якая ўжо ўключана ў турыстычныя маршруты, было галоўнае паганскае капішча старажытнай Літвы. Калі ўздымаешся на гэтае свяцілішча Перуна, разумееш, што больш адпаведнага месца капішчу знайсці было нельга. На гары стаяць таўшчэзныя старыя дрэвы, якія адлюстроўваюцца ў возеры знізу.

Валеўцы пашанцавала на рупліўцаў сівой даўніны. Краязнаўчы музей, які быў тут заснаваны ў 1955-ым годзе, ствараў настаўнік Міхаіл Петрыкевіч. Ён жа разам з калегамі і вучнямі засаджваў навакольны парк. Пасля яго эстафету падхапіў краязнавец Уладзімір Урбановіч, які жыў тут і працаваў да самай смерці. Непадалёк царквы мясцовыя могілкі, дзе ён пахаваны – на магіле помнік з беларускамоўным напісам. Родам з Валеўкі і шэраг іншых цікавых асобаў. Дадам, што сюды часта прыязджалі многія беларускія пісьменнікі і рупліўцы роднага слова – Якуб Колас, Уладзімір Калеснік, Фёдар Янкоўскі, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль… Наваколлі тут сапраўды надзвычай паэтычныя.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара