Вандроварка ў Белыя Балоты



Сядзібны дом Сабалеўскіх-Тукалаў у Белых Балотах, здаецца, знайшоў інвестара ў асобе вытворчага кааператыва „Зарэчны-Агро”. Цяпер там вядуцца нутраныя работы.

Першыя згадкі пра сядзібу Белыя Балоты знаходзім у матэрыялах другой паловы 18 стагоддзя. Першым уласнікам быў Ян Мароз – суддзя гарадзенскага павета. Усё 19 стагоддзе маёнтак належыў роду Сабалеўскіх. Фамільнае пахаванне іх у Сяліванаўскай рыма-каталіцкай царкве, якую яны фундавалі. У пачатку 20 стагоддзя апошні Сабалеўскі праграў сядзібу ў карты пану Тукалу і ажаніў яго са сваёй дачкой.

Праехаць на ровары адлегласць 20 кіламетрах ад Гародні можна за паўтары гадзіны. Паўдарогі, да Навумавічаў, адзначым на 4 балы, паводле пяцібальнай сістэмы. Далей – цяжэй. Парэпанае пакрыццё, ямкі, выбаіны, латкі. Худкасць перасоўвання спадае.

Перад уездам у Белыя Балоты на працягу 500 метраў пралягае праваруч ад дарогі старыя прысады з клёну і ліпы. Прыемнае адчуванне кожнаму падарожнаму: збераглі! захавалі ад паўсюднай браканьерскай чысткі уздоўж дарогаў!

IMG_5120

IMG_5122

IMG_5123

Як пад’ехаў да вёскі, знайшоў наводдаль ад дарогі кабету, што корпалася ў сваіх палетках.

– Дзень добры!

– Добры!

– Ці маеце штось цікавага ў вёсцы? Храмы, сядзібы?

– Але, маем, але я не мясцовая. Адзін замак мае, ён цяпер клуб, але і другі быў. Цяпер ён зруйнаваны.

– Дзякуй, – адказаў я і паехаў ва ўказаным кірунку.

Пазней даведаўся, што гутарка ішла пра сядзібны дом Сабалеўскіх – Тукалаў, і „замак”, які зруйнаваны быў у 2015 годзе, – гэта гаспадарчы будынак канца 19 стагоддзя.

IMG_5124

Прыдарожны  крыж у вёсцы Белыя Балоты.

Сядзібны дом, у мінулым клюб калектыўнай гаспадаркі, звонку выглядае дастаткова дыхтоўным, каб адрадзіцца. На фасадзе добра захаваная сталярка, як і ўнутры вітальні, але ўшчыльную замазаная фарбаю.

IMG_5125

Справа ад дома ўсталявана шыльда гарадзенскім раённым выканаўчым камітэтам, што парк вакол сядзібы ахоўваецца.  Эклектычны парк сядзібы Чатвярціскіх.

IMG_5126

Працаўнікі паведамілі, што дом, як і парк будуць упарадкавацца.

– Дом звонку мы не кранем, – асцярожна распавядаюць, падазраючы ў мяне, як у чужаку, патэнцыйную пагрозу, – толькі унутры рамонт робім.

– А якое прызначэнне плануеце гэтай сядзібе? – пытаю я.

– Ды для розных гулянак, святаў, іншымі словамі, для урачыстасцяў, – не зусім упэўнена адказаў мне працаўнік.

Парк таксама патрабуе грунтоўных укладанняў. Бо ўсё занядбана. Вандроварка можа заняць некалькі гадзінаў. Уражанні прыемныя. У вёсцы ёсць крама. А ў пяці кіламетрах ад вёскі ўжо Аўгустоўскі канал. Гэтая перліна гісторыі вельмі блізкая ад Свяцку, Радзівілкаў і, спадзяюся, дачакаецца належнай рэстаўрацыі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя