Варшава: вандроўка на выходныя



Падарожжа ў сталіцу Польшы стала вандроўкай выходнага дня. Пачалося яно ў Гародні ранкам у суботу. Памежны пераход Брузгі-Кузніца замінаў нашаму руху амаль 5 гадзін. На сайце памежнага камітэта было пазначана, што машынаў на пераходзе няма, і мы паддаліся на гэтую правакацыю. Пяць гадзінаў —  і гэта толькі каб патрапіць на польскую зямельку. Частка шляху з Кузніцы да Беластока праляцела вельмі хутка пад гукі роднага Радыё Рацыя.

Беласток–Варшава — дарога не дальняя, але калі яна знаходзіцца ў стане рамонту – гэта праблема. Праблема ехаць пастаянна з хуткасцю 40-50 кіламетраў у гадзіну. Спадзяюся ў наступным годзе падарожжа ў Польшчу будзе хутчэйшым.

Варшаву мы з жонкай вельмі любім. І гэтым разам сама Варшава вельмі прыязна нас сустрэла. Гэтаму спрыяла добрае надвор’е, і кватэра, што знаходзілася ў 500 метрах ад станцыі Варшава-Цэнтральная.

Што можна было ўбачыць ў выходныя ў сталіцы Польшчы?

У суботу бясплатна можна было патрапіць у музей Польскага Войска, чым мы і скарысталіся. Вельмі ўразіла вялікая колькасць вайсковай тэхнікі нават у двары музея. Гарматы і танкі, самалёты і верталёты розных эпохаў і часоў вельмі уражваюць.

Далей наш шлях ішоў па вуліцах старога гораду, які ў тыя выходныя прымаў свята для дзяцей. Перакрытыя вуліцы, на якіх гулялі клоуны да персанажы казак.

Таксама цікавыя выставы прадставілі вайсковыя сапёры і паліцэйскія.

Што яшчэ адбылося ў гэтым горадзе музеі?

200-годдзе адзначаў Варшаўскі Універсітэт. Вялікі квэст на пляцоўках універсітэта быў цікавы не толькі дзеткам, але і дарослым. Дамы і кавалеры ў строях эпохі пачатку ХІХ стагоддзя, памятныя манеты і паштоўкі — гэта толькі маленькая частка прадстаўлення. Вельмі ўразіў двубой прафесараў універсітэта на шаблях. Пляцоўка універсітэта была адкрытая цягам дня, а прадстаўленне скончылася позна ўвечары.

А людзям, што першы раз збіраюцца ў Варшаву раю паглядзець на адбудаваныя вулачкі, наведаць магілу Невядомага жаўнера, дакрануцца да старых сценаў горада.

Хто не ведае трагедыі гэтага горада — вельмі раю паглядзець зняты некалькі гадоў таму фільм «Горад44», ці прачытаць пра паўстанне ў Варшаве.

Хто збіраецца ў Варшаву па закупы, раю наведаць некалькі цікавых месцаў: TK Maxx, што ў самым цэнтры горада. Тут на зніжках вялікая колькасць брэндавай вопраткі, якая прадаецца амаль штучна, па 2-3 асобнікі. Для аматараў пахадзіць па крамах раю аўтлеты на ўскрайку горада.

Выязджалі мы з Варшавы ў вечары нядзелі праз Літву. На літоўска-беларускай мяжы не было ніводнай машыны, што нас вельмі здзівіла. Выходныя праляцелі вельмі змястоўна і запамінальна.

Андрэй Мялешка, Гародня-Варшава, Беларускае Радыё Рацыя