Вейсеяй – зімняе хараство з вежы



Гарадок Вейсеяй трапляецца вандроўніку па дарозе з Друскенікаў да Лаздзіяю ў кірунку Сэйнаў. Забудавана старажытнае мястэчка на паўвыспе ля возера Анча. Упершыню яно згадваецца ў пісьмовых крыніцах яшчэ пад 1501-ым годам. Вядома, што першы храм тут – царква – была пабудаваная Слуцкім князем Юрыем.

З 1991 году мясцовасць апынулася ў складзе суверэннай Літвы. Зараз Вейсеяй уключаны ў турыстычную трасу. Некалі тут пэўны час жыў вынаходнік эсперанта Лазар Замэнгоф. А непадалёк возера на ўскрайку запаведнага парку не так даўно збудавана аглядная металёвая вежа. Пабудавалі яе за сродкі Еўразвязу. З вышыні некалькіх дзесяткаў метраў можна аглядаць маляўнічыя наваколлі. Шчыра раю падарожнікам спыніцца тут і агледзець мясцовыя краявіды. Зімой замерзлае возера з раслінамі асабліва прыгожае надвячоркам.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара