Вітарыёза, Мальта. Палац Інквізіцыі



Слова “інквізіцыя” адразу спараджае мноства гістарычных асацыяцый: бязлітасны трыбунал у напаўцёмнае залі, змрочныя браты-дамініканы у белых сутанах, тужлівыя грыгарыянскія харалы, прысуд, дровы і ахвяра, якая курчыцца ў агні…

Аматары творчасці Фёдара Дастаеўскага могуць дадаць “Легенду пра Вялікага Інквізітара” з “Братоў Карамазавых”, аматары жывапісу – карціну Францыска Гоі “Трыбунал”, а латэнтныя садысты напэўна адразу прыгадаюць катаўнічы рышнутак, які выкарыстоўваўся інквізітарамі для працы з ерытычнай кліентурай.

У месцічаў навялічкага гарадка Вітарыёза, што на Мальце, слова “інквізіцыя” выклікае шчаслівую посмешку. Палац Інквізітара, які знаходзіцца ў гэтым гарадку – адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў астраўной дзяржавы, дзякуючы катораму муніцыпалітэт Вітарыёза атрымлівае немалы прыбытак. Гэта адзіны аб’ект Інквізіцыі ва ўсім свеце, які дайшоў да нашых часоў у першапачатковым выглядзе: усе астатнія былі ці знішчаныя падчас рэвалюцый, ці перабудаваныя да непазнавальнасці.

Звонку гэты дом, збудаваны пяцьсот гадоў таму, падобны да італійскага палацца дзе-нібудзь у Фларэнцыі. І толькі закратаваныя вокны ды адпаведная шыльдачка ў дзярэй нагадваюць пра змрочнае мінулае.

Той-сёй можа падумаць, што браты-дамінікане пераследвалі выключна ерэтыкаў, вераадступнікаў, вядзьмарак ды іншых ваўкалакаў. Але ж насамрэч, мальтыйскія інквізітары займаліся і іншымі злачынствамі, сярод каторых пралюбадзейства і вычварэнствы былі ці не на першых месцах. Большасць абвінавачаных, а гэта былі мальтыйскія рыцары-гаспітальеры, – акурат апраўдваліся ці то з прычыны адсутнасці доказаў, ці то з прычыны іх шчырага раскаяння.

Праўда, калі віна была відавочная для ўсех, а ерытык ці вычварэнец не хацеў яе вызнаваць, па дапамогу запрашалі дасведчанага ката. Усяго катаў у сярэдневечным Вітарыёза было ажно 69, і жылі яны ў доме насупраць, так што ахвяры не даводзілася сумаваць. Гэта былі сапраўдныя майстры сваёй справы. Дыба, ціскі, “гішпанскі бот”, “жалезная дзеўка” даволі хутка прымушалі вінаватых вызнаваць свае памылкі.

Страты звычайна праводзіліся ва ўнутраным дворыку Палаца Інквізіцыі, але ў рэзанантных выпадках ахвяру ўрачыста спальвалі непадалёк, на галоўнае плошчы гарадка…

…Цяпер на гэтай плошчы выдатна ловіцца бескаштоўны Wi-Fi, стракацяць парасоны вулічных кавярняў. Пасля наведвання Палаца Інквізіцыі вам напэўна захочацца сесці ў такой кавярні, замовіць келіх віна і прыгадаць нейкі супакойлівы афарызм. У маёй памяці чамсцьці ўсплыла фраза ці не самага вядомага інквізітара ХХ стагоддзя – “Жить стало лучше, жить стало веселей!”

Optimized-05_inkvizitar

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя