Восеньскі шпацыр па Еўпаторыі



Калі апошнія курортнікі нарэшце з’яжджаюць з Еўпаторыі, у горадзе адразу становіцца прасторна, свежа і ўтульна. З набярэжнай знікаюць атракцыёны,  з вуліц – настырныя рэкламы. Гарадскія краявіды нечакана агаляюцца, і высвятляецца, што карэнных гараджанаў не так ужо і шмат.

Такі час – найлепшы для шпацыраў па Еўпаторыі.

Шпацыр лепш за ўсё пачынаць з набярэжнай. Зранку, асабліва ў непагадзь, тут можна мо з чвэрць гадзіны не сустрэць аніводнага чалавека. Толькі надыкучлівыя чарнаморскія чайкі будуць з гэргатам лётаць па-над хвалямі, выглядаючы здабычу. Дый чаўны рыбакоў напэўна выйдуць у мора, і калі вы пабачыце ў далечыні белы ветразь,  то, напэўна, адразу прыгадаеце паэтычны радок, вядомы ўсім  са школьнага курса літаратуры.

Калі вы змерзніце, можна сесці ў якую кавярню, замовіць кавы і зачаравана глядзець, як раскаляюцца на вуголлях жэзвэі, і як потым бармэн спрактыкаваным рухам разлівае ў вашу філіжанку духмяны чарналакавы струмень.

Блізка набярэжнай стаіць Мікалаеўская царква – помнік архітэктуры канца 19 ст. У турыстычны сезон курортнікаў, якія заходзяць у царкву без дайпатрэбы, куды больш за вернікаў. Увосень людзей тут амаль не бывае – прынамсі, у будзённыя дні.

Непадалёк царквы ўзвышаюцца мінарэты мячэці Джума-Джамі. Яна значна старэйшая за царкву – закладзена яшчэ ў 16 ст. Вернікаў тут таксама няшмат – апошнім часам татары, ці не асноўныя парафіяне мячэці, з’яжджаюць з анэксаванага Крыма з прычыны шматлікіх уціскаў. Праўда, на мусульманскія святы людзей каля мячэці ўсё адно багата: для мясцовых татараў дэманстрацыя сваёй рэлігійнасці – сваеабразная “хвіга” Маскве.

Але ці не самую цікавую рэлігійную будыну лепш пакінуць на самы канец шпацыра. Гэта кенасы, храмавы комплекс караімаў, загадкавага крымскага народа, якіх ва ўсім свеце засталося, можа, некалькі тысяч чалавек. Цяпер у тых кінасах музей. Калі вы патрапіце ў Вялікую саборную кенасу, то яна абавязкова засацыюецца ў вас з сінагогай. Што, зрэшты, справядліва: караізм – вельмі блізкая да юдаізма рэлігія. Дзіўна, але падчас гітлераўскай акупацыі хітрамудрыя еўпатарыйскія караімы здолелі пераканаць нацыстаў, што да яўрэяў і юдаізма яны ніякага дачынення не маюць, і гэта ўратавала іх ад татальнага знічтажэння.

Увечары, калі ў вас застуцца сілы пасля шпацыру, лепш за ўсё зноў вярнуцца ў кавярню на набярэжнай. Вецер пагоніць па-над морам ірваныя хмары.  Вечар канчаткова размые няпэўныя абрысы на набярэжнай, у цемру зляціць бляклае святло ліхтароў. Вы замовіце каву і, падсумоўваючы дзённыя ўражанні, зразумееце, што аднаго толькі дня цалкам дастаткова, каб агледзіць тую Еўпаторыю ўздоўж і ўпоперак.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя