Вёска ацалелых пастушкоў



У Бабровічы проста так, чыста выпадкова не трапіш. Гэтая вёска Івацэвіцкага раёна знаходзіцца далёка ад ажыўленых гасцінцаў і гэтак жа далёка ад выпадковых гасцей. Каб павярнуць у бок разбітай ушчэнт гравейкі, што пераважна цягнецца праз лес, трэба цвёрда ведаць, куды і навошта едзеш.

vioska

Хаця ўлетку сюды кіруе шмат людзей. Рыбакі гатовыя пацярпець дарожныя нязручнасці дзеля магчымасці закінуць вуду ў Бабровіцкае возера. Дачнікі перабіраюцца на сезон з гарадоў па цішыню і спакой. А нехта значна латае дзіры дамашняга бюджэту на зборы журавін у тутэйшых балотах.

І толькі рэдкі дзівак паедзе ў Бабровічы з чыстай любові да гісторыі. Нам занадта надакучыла вайна, каб надоўга спыняць увагу на абноўленым мармурова-гранітным помніку, дзе пералічаны імёны 676 забітых падчас нямецкай карнай аперацыі жыхароў вёскі.

Але гаварыць пра вайну з апошнімі яе сведкамі – гэта зусім не тое, што глядзець парад па тэлебачанні. У іх аповедах цікавыя не толькі абставіны падзей, але і сённяшняя інтэрпрэтацыя таго вопыту, рэфлексіі тыпу: “Засталася я адна-адзінюткая, а сёння ў мяне сям’я ў 43 чалавекі”.

Антон

Anton

Антон Чырко, 1932 года нараджэння, аказваецца першым, каго я захопліваю ў хаце ў гэты дзень. Сёння – серада, хлебны дзень у Бабровічах, і ўсе гаспадыні праводзяць яго ў краме.

Праўда, расказаць пра вераснёўскі дзень 1942 года, калі на Целяханшчыне праходзіла аперацыя “Балотная ліхаманка” і калі Бабровічы былі датла спалены разам з жахарамі, шмат не можа. З аднаго боку, не вельмі хочацца яму вяртацца ў час, калі 10-гадовым хлопцам ён ураз аказаўся сіратой, а з другога боку, Антон тады проста адсутнічаў і не быў сведкам знішчэння сяла. Як і многія іншыя хлопчыкі і падлеткі, на досвітку ён накіраваўся пасвіць на балота кароў, і дзякуючы гэтаму выжыў. Пра бабровіцкую драму расказвае літаральна некалькімі штрыхамі: “Маю сям’ю пабілі і спалілі ў хаце. Іншых некаторых сагналі ў клуню, і там білі-палілі. Білі ўсіх – каго як пападзе”. Дзед Антон сіплым голасам сведчыць таксама, што з вялікага паселішча не ацалеў ніводзін дом, але засталася стаяць бабровіцкая царква. Толькі сучаснаму госцю вёскі яе ўсё роўна не пабачыць – будынак пазней загінуў ці то ад рук тых жа немцаў, ці то партызан.

kaplica

Замест царквы цяпер – капліца, плён энтузіязму новага жыхара вёскі Веніяміна Бычкоўскага

Пастушкі зразумелі трагедыю, і ў сяло не вярнуліся. Спярша трымаліся разам, пасля яшчэ нейкі час хаваліся ў лесе, злучыўшыся з астатнімі ацалелымі баброўцамі. “Жраці не было чаго, хадзілі пад вёску, капалі бульбу, і так елі”, – успамінае дзед. Калі стала больш-менш бяспечна, хлопчык пайшоў у Выганашчы да сваёй цёткі. “А пасля ў Гаць. Хадзіў о так па хатах, каб дзе хто есці даў”, – усё тым жа роўным, без асаблівых эмоцый голасам, прыгадвае былы пастух.

А як толькі ажаніўся, пачаў будаваць хату, і гэтым укладаць сваю цаглінку ў справу адбудовы Бабровіч. “Дык вёску аднаўлялі пастушкі?” – жартам пытаю я. “Так!”, – адказвае ён і раіць пайсці да яго суседа Сяргея Чырко, таксама тагачаснага пастушка. “Ён больш вам раскажа, бо старэйшы за мяне на колькі год. Яму амаль 90”, – падказвае Антон.

Ева

Eva

На першы погляд у хаце нікога няма, руху не робіць нават худы – скура ды косці – навязаны сабака. Суседзі раяць не грукацца, а заходзіць адразу на чыстую палову хаты, іначай старыя так і не заўважаць прысутнасці другога чалавека.

Там я знаходжу толькі старэнькую бабулю родам з Гаці, жонку Сяргея, з экзатычным для беларускай вёскі імем Ева, 1927 года нараджэння. Бабуля тлумачыць, што свайго дзеда толькі сёння адправіла ў шпіталь, але і сама можа расказаць ягоную “казку”.

Гісторыя выратавання яе мужа ідэнтычная гісторыі Антона, але ў крывавай каламуці, якая адбывалася ў вёсцы, выжыў яшчэ і брат Сяргея. Прычым пры самых неверагодных абставінах. Няспраўджаная свякруха Евы разам з сынам хавалася ў бульбяных разорах, калі побач з імі заплакала чыёсьці дзіця, і карнікі гэта пачулі. Жанчына ўстала перад узброеным салдатам і пачала прасіць, каб не забіваў. Сабе жыццё не выпрасіла – затое нявольна, падаючы ад кулі, выратавала сына, якога немцы пад яе целам не пабачылі. “Так і прыйшоў ён, увесь у мацерынай крыві ў Гаце”, – кажа Ева. Сяргей, які ў той час пасвіў кароў, таксама накіраваўся быў да радні ў Гаць, дзе і пазнаёміўся з Евай. Пасля вайны яны ажаніліся і пабудаваліся на родных папялішчах галавы сям’і. „Кожан чорт на сваю радзіму імкнецца”, – тлумачыць гэтую з’яву гацянка Ева.

pomnik

Помнік загінулым падчас аперацыі жыхарам Бабровіч

Жыццё самой Евы таксама не пазбаўлена вартых летапісу момантаў, пачынаючы з імя: “У маёй мацеры дзеці ўміралі – чацвёро. І ўжэ як я зарадзілася, то далі мне такое імэнне. Да жыву-жыву, акром мяне яшчэ чацвёро, да Бэг даў – все яшчэ жывы. Да прадстаўце: маці мяне зачаравала, каб я жыла, а я мацеру на смерць паслала”. Такія дэструкцыўныя думкі з’ядаюць Еву па той прычыне, што ў 1939 годзе, калі праз Гаць ў межах “вызваленчага паходу” прыйшлі бальшавікі, і вёска пайшла іх сустракаць, менавіта малая Ева падгаварыла маці далучыцца да аднавяскоўцаў, бо і сама хацела пабачыць бальшавікоў (“мы ж то думалі, што яны з рагамі”).

У той працэсіі Евіну маці ўкусіў шалёны сабака. Праз пару месяцаў укус пачаў свярбець, а маці блажэць на вачах. Ведаючы, што непазбежна памрэ, яна адвучыла малую ад свайго малака і маральна рыхтавала 12-гадовую Еву, што тая стане асноўнай нянькай чацвярым малодшым. Не прадбачыла маці толькі аднаго: літаральна праз некалькі год, калі Гаць напалову таксама спаляць немцы, і вялікая сям’я апынецца ў зямлянцы, ад тыфу памрэ яшчэ і бацька дзяцей, а падлетак Ева застанецца не тое што за няньку, а за маці і бацьку адначасова.

“Устанавілася власць, 44-ы гэд ужо. А з фронта ж усе не папрыходзілі. То хадзілі мы – а мы, гэта такія бы я, падлеткі, – у лес дровы пілаваць пілкай, план даваць. І касілі, і гаралі, о, чаго мы толькі не бачылі”, – са слязьмі у голасе прыгадвае Ева. А распавёўшы пра сваё жыццё, робіць высновы, тыповыя для старэйшага пакалення, але ўсё-такі з папраўкай на рэаліі дня: “Пражыць – не поле перайсці. Але сёння добра жывецца маладым… калі работа е. Як работы няма, то таксама цяжка. А зараз шмат у каго няма. Тожа труба йдзе, і не йдзе абы якая”.

Надзея і Фёдар

Nadzeja i Fodar Petrukovich

У наступнай хаце жывуць Надзея і Фёдар Петруковічы, абое – карэнныя баброўцы. Фёдар (1929 года нараджэння) выратаваўся – як бы арыгінальна гэта ні гучала – пасучы кароў, а Надзея (1931) у дзень аперацыі знаходзілася ў вёсцы.

Івацэвіччына і цяпер лясіста-балотная, а ў часы вайны была яшчэ больш цяжкадаступнай чужынцу, і гэта рабіла яе добрым прытулкам для партызанскіх атрадаў. Хоць цяперашнія сведкі вайны – гэта ранейшыя 10-15-гадовыя дзеці, але і яны цьмяна прыгадваюць, што знішчэнне Бабровіч і навакольных вёсак і пачалося з падазрэння, што жыхары падтрымліваюць партызан. Сітуацыю пагаршала акалічнасць, што да вайны тут паспелі арганізаваць калгас, ды яшчэ і з гаваркой назвай “імя Сталіна”. Надзея Петруковіч успамінае:

‒ Спачатку немцы прыехалі, і забралі мужчын дарогу рабіць з Козікаў да Вяды. Туды мой бацька паехаў. А мы – я, баба, дзед і мая сястра дваюрадна – седзімо на лаўцы, бачым, што немцы жанут старых мужчын, якія асталіса. Тых пагналі на работу, а гэтых жанут. А немец прыйшоў – за дзеда, і пагнаў разам з мужыкамі. Загналі іх у клуню, тама пабілі ды запалілі. Мы седзімо, а я плачу: “Ой, бабочко, пайшлі ў хату!” Пайшлі. А мыне гэ як бы то ўзяло за руку і вывэло з хаты. Я выбэгла з хаты і бачу дзеўку, ёй было гадоў 20. Кажу: “Ой Пашка, а дзе твоя маці?” – “Там, у вашым садочку, у вішнях”.

Надзя пераказала бабе, што ім таксама варта схавацца за клунямі. Калі пачаўся большы гвалт, насельнікі вішнёвага саду (Надзея называе лічбу ў “чалавек 12”) кінуліся ўцякаць далей. Далёка не ўцякла Надзіна баба – яна вырашыла была прыхапіць каня, яе заўважылі і застрэлілі. Астатнія пабеглі далей, пад акампанемент кулямёта пераскочылі плот ды затаіліся ў градах тычковага бобу. “Падымем голаву, пабачым, што ўсё сіяе і ўся вёска гарыць. Ды чуем стрэлы, крыкі… Так мы і ляжалі ў той фасолі амаль да дня. Ужо як развіднела, мы паўставалі і ў карчы пайшлі. І я засталася адна-раз’едзіна”, – апавядае Надзея.

Праўда, адной-адзінай яна стала ўсё ж не адразу, бо з будаўніцтва дарогі ненадоўга вярнуўся бацька. Падтрымаў і сказаў, што мусіць ісці ў партызанскі атрад, іначай яго заб’юць свае ж, як дэзерціра. Але да канца вайны ўсё роўна не дажыў.

Paharonka

“Пахаронка” аб бацьку на адрас другога дзеда Надзеі

Маці ж сваю Надзя нават не памятае – тая памерла пры родах наступнага за Надзяй дзіцяці. Дзяўчынка аказалася круглай сіратой, без братоў, сясцёр і блізкіх родзічаў. Але цяпер Надзея цешыцца: “Засталася я адна, а цяпер у мяне вялікая сям’я – 43 чалавекі, калі разам з зяцямі і нявесткамі. Як прыязджаюць, то яблыку няма дзе ўпасці”. І ў пацверджанне сваіх слоў Надзея паказвае на вясёленькі, адрамантаваны дом у іх двары, дзе спыняюцца гасцяваць дзеці.

12 чалавек

Hata

Канешне, распытваючы сведак, мы не адкрываем амерыку. У гэтым і няма неабходнасці – “Балотная ліхаманка”, у тым ліку канкрэтная аперацыя ў Бабровічах, досыць добра задакументавана, уключна са сведчаннямі відавочцаў, якія бачылі, што ў агні гінулі не толькі застрэленыя, але і жывыя людзі.

Але ў тых пасляваенных дакументах нічога не гаворыцца, напрыклад, як гэтыя ацалелыя пастушкі і падлеткі аднаўлялі даваенны калгас “імя Сталіна”. У адрозненне ад суседніх Вяды, Красніцы і Тупічыц, знішчаных дашчэнту, у Бабровічах аказалася дастаткова жывых, каб адбудавацца і быць уцягнутымі ў новую вайну за сацыялістычную будучыню. “Усе, хто пааставаўса, вярнуліса, апяць калхоз стаў… І я ў калхозе рабіла, каравы даіла. Там усе такія рабілі – дзеці. Цяпер не хочуць рабіці, кажуць, што грошай мала плацяць, а мы за палачку рабілі!”, – эмацыйна згадвае Надзея Петруковіч. Такім чынам, пастушкі, партызаны, ваенныя вязні і ўцекачы з ахопленага агнём сяла і сталі пазней асновай новага населенага пункта са старой назвай.

У Надзеі незадоўга да развітання я пытаюся: колькі ж засталося людзей у Бабровічах? Яна спачатку загінае два пальцы, а пасля ўстае, ідзе ў пакой і вяртаецца са шчотамі: “Федзя ў магазіне рабіў, і шчытаводам у калгасе быў, – тлумачыць наяўнасць бухгалтарскага рарытэта ў сваёй хаце жанчына і пачынае адсоўваць косткі: “Лена, Антон, Сяргей, Надзя, Насця, Насцечка… 12 чалавек оно. З тых, хто застаўса. А ўсяго каля 30, гэта разам з чужымі”, – кажа бабуля.

Чужыя? Адкуль тут чужыя, калі яны жывуць у Бабровічах дзесяцігоддзямі? Але, відаць, 13 верасня 1942 года – гэта бяда толькі карэнных баброўцаў, да якой не дапускаюцца нават добрыя суседзі. Бо тыя хадзілі па попеле – але не па попеле ўласных бацькоў, і бывалі на балоце, але не з мэтай пазбегнуць зачысткі пасля татальнай ліквідацыі.

На тым балоце, што цяпер мірна і шчодра корміць усіх журавінамі.

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя 

Фота аўтаркі