Высокае: палац Патоцкіх і кляштар баніфратраў



Калі вы ніколі не былі ў Высокім, пры нагодзе не абмініце гэтае слаўнае гістарычнае мястэчка сучаснай Берасцейшчыны. Апрача дастаткова даўняй і ў значнай ступені захаванай забудовы цэнтру места, якая заслугоўвае асобнай гутаркі, тут на ўскраінах захаваліся руіны колішняга сапегаўскага палацу і кляштару ордэну баніфратраў.

Першыя згадкі пра Высокае датычаць 14 стагоддзя – мясцовасць тады наведаў Вялікі князь Гедымін. Сапегам жа месца належала з 1647-га году. Прадстаўнікі магнацкага роду забудавалі тут сапраўдную цвердзь. Міхась Ткачоў піша, што будаванне ўмацаванага замку вёў Павал Сапега. Фартэцыя была моцна разбурана ў час трынаццацігадовай вайны з Масковіяй – так званага “патопу”. Наступны этап разбурэння старажытнага замку – перыяд Паўночнай вайны. А ў 1748-ым палац і замак згарэлі амаль цалком, пасля чаго Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонім. У 1816 годзе іншыя ўладальнікі Высокага Патоцкія збудавалі тут новы палац і значна пашырылі парк, вывеўшы яго за межы ранейшага землянога валу. У канцы 19-га стагоддзя перапланаваннем парку займаўся ведамы адмысловец ляндшафтнай архітэктуры Кроненберг. Парк размешчаны ў пойме рэчкі Пульва, у месцы, дзе яе рэчышча мае круты выгін. Вакол палацу растуць розныя экзоты. Сам палац роду Патоцкіх за агароджай, а на яго тэрыторыі вялізныя сабакі, так што наблізіцца да яго ў выпадковага вандроўніка няма магчымасці. Затое сам парк, які займае каля 50 гактараў, – цудоўнае месца для шпацыру, нават у цяперашнюю паслязімнюю пару. Ад сапегаўскіх часоў зберагліся дастаткова стромыя земляныя валы і руіны адной з уязных брамаў. Паблізу палацу ўражвае вялікі драўляны двухпавярховы будынак, відавочна забудаваны “за польскім часам”. У другую сусветную вайну ў палацавы комплекс засяліліся памежнікі, пазней тут былі школа і інтэрнат.

Што датычыць каталіцкага кляштару баніфратраў (“добрых братоў”), то ён быў забудаваны Сапегамі на ўскрайку Высокага ў мясцовасці пад назвай Марыямполь у 1773-1785 гадах. Фундатарам і дабрачынцам выступіў Алякандар Міхал Сапега. Пры кляштары дзеіў шпіталь на 40 ложкаў. Зараз мураваны кляштар у занядбаным стане і спакваля разбураецца. На адной з бакавых сценаў вісіць абвестка, што аб’ект прадаецца. Але наўрад ці ў сённяшніх эканамічных рэаліях знойдзецца пакупнік на гэтую гістарычную пабудову.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя