Якія фэсты чакаюць беларусаў летам 2017 года



На 2017 год запланавана 18 фестываляў народнай творчасці, як рэспубліканскіх, так і міжнародных, і Міністэрства культуры мае намер іх фінансаваць.

Стартуе фестывальны марафон з Міжнароднага фэсту духавой музыкі ў Баранавічах. Ён пройдзе з 19 па 21 траўня, удзел пацвердзіла ўжо 6 краін: Латвія, Расея, Малдова, Польшча, Украіна і Турцыя.

Зрэшты падзея можа лічыцца міжнароднай, калі ў ёй прымае ўдзел, акрамя Беларусі, хаця б адна краіна. Назіраецца і яшчэ адна тэндэнцыя: калі раней усе фестывалі і святы былі сканцэнтраваны ў буйных гарадах, абласных цэнтрах, то цяпер яны ўсё часцей праводзяцца ў невялікіх мястэчках і вёсках. Сярод гэтых гарадоў – Слонім, Спорава, Калінкавічы, Клімавічы, Бялынічы і іншыя.

Некаторыя фестывалі маюць штогадовы характар, да прыкладу, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Браслаўскія зарніцы» у Браславе (дарэчы, гэты год для гэтага свята – юбілейны, ён адбудзецца ўжо ў 50-ы раз!), а ёсць і такія, якія праводзяцца раз у два гады. Гэта «Мотальскія прысмакі», «Сожскі карагод» і іншыя.

На Віцебшчыне сёлета запланавана правядзенне 10 міжнародных і аднаго рэспубліканскага фэстаў. Фестываль народнай творчасці пройдзе ў траўні ў Дуброўне. У рамках гэтага лакальнага свята адбудуцца конкурсы глінянай свістулькі «салавейка», нацыянальнай «лялькі» і стварэнне «дывана дружбы».

27-28 траўня ў рамках фестывалю «Браслаўскія зарніцы» пройдзе ўжо традыцыйны «Меч Брачыслава». Пройдуць таксама Вішнёвы фестываль у Глыбокім і «Фестываль двух рэк» у Докшыцах. Сярод іншых фестываляў – «Вянок дружбы» у Бабруйску (29 чэрвеня – 2 ліпеня), на які ўжо пацвердзіліся выканаўцы 25 краін. І адзін з самых адметных – фестываль «Беларусы свету» (Менск, 7-10 верасня).

tio.by