За перайменаванне вёскі чыноўніку пракалолі колы ў “Волзе”



Нягледзячы на гарачыню, вырашыў ажыццявіць невялікую вандроўку ў вёску Чырвонае Сяло Зэльвенскага раёна. Яна знаходзіцца каля шашы паміж Зэльвай і Слонімам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Адразу пры шашы шыльда паказвае на Чырвонае Сяло. Яно пачынаецца з некалькіх цагляных двухпавярховых будынкаў, а таксама са школы, у якой ужо не гучаць дзіцячыя галасы. Яе закрылі, а само памяшканне, як сказалі вяскоўцы, выкупіў нейкі прадпрымальнік. Еду далей. Пачынаю фатаграфаваць вуліцу. Людзі з вёдрамі ідуць да калонак з вадой, набіраюць вады і носяць паліваць агароды. Адна з вясковых кабет убачыўшы, што я фатаграфую, падыйшла і кажа: “А што гэта вы фатаграфуеце нашу вёску, хто вам дазволіў? Зараз запішу нумар вашай машыны і патэлефаную куды трэба”. “Тэлефануйце ў міліцыю ці ў КДБ, – кажу, – няхай прыязджаюць, разбіраюцца, я пачакаю на лаўцы”. Жанчына глянула неяк падазрона і спалохана і пайшла з вёдрамі вады на сваю сядзібу. “Як у сталінская часы”, – падумаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Здалёк убачыў старую хату і хлеў, пакрытыя чарапіцай. Пад’ехаў, пачаў фатаграфаваць. З вакна суседняй хаты выглянула жанчына, павіталася і мы пачалі гутарыць.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

–Вам спадавалася гэта хата? – запытала жанчына.

–Так, вельмі. Ёй, магчыма сто гадоў!

–Яна была пабудавана ў 1900 годзе. Гэта хата майго дзеда Дамініка.

–Мусіць ваш дзед Дамінік быў багатым чалавекам, калі здолеў пакрыць хату і хлеў чарапіцай?

–Ён быў у вёсцы дужа багаты, меў сваю краму, быў майстрам на ўсе рукі, вокны і дзверы ён таксама ўмеў рабіць і распісваць іх рознымі ўзорамі. А яшчэ дзед Дамінік добра рамантаваў швейныя машынкі.

–А хто яны былі: каталікі ці праваслаўныя?

–Уніяты. Дзед нават вёў свой дзённік жыцця, запісваў усё.

–А дзе той дзённік? Ці захаваўся?

–На вялікі жаль, не захаваўся…

Мы яшчэ доўга гутарылі пра вясковае жыццё, а потым прыйшлося з цікавай суразмоўніцай развітацца і пайсці далей па вясковай вуліцы. У канцы вёскі працавала крама. Каля яе спыняюся і зноў распачынаю гутарку з жанчынамі. Яны паведамілі мне, што вёску сваю мясцовы люд не называе Чырвоным Сялом, а Пляцянічамі, бо так вёска называлася заўсёды. Але ў 1969 годзе мясцовы жыхар Мікалай Малочка (1919-1989), які быў загадчыкам аддзела Зэльвенскага райкама КПБ, першым сакратаром Ваўкавыскага і Казлоўшчынскага райкамаў КПБ, сакратаром Гродзенскага абкама КПБ і старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, потым з’яўляўся міністрам гандлю БССР, перайменаваў Пляцянічы ў Чырвонае Сяло. Людзі былі незадаволеныя гэтым перайменаваннем, а чыноўніку здавалася, што для вяскоўцаў ён робіць падарунак.

Пра гэты выпадак заўсёды любіў распавядаць пісьменнік з Гародні Аляксей Карпюк. Па яго расповядам вядома, як аднойчы Малочка вырашыў ашчаслівіць аднавяскоўцаў, які быў родам з Пляцяніч. Мясцовасць, напэўна, названа ад беларускага дзеяслова — плесці. Назва паходзіла хутчэй ад рамяства жыхароў, якім у даўнія часы займаліся — плялі, мабыць, рыбалавецкія прычындалы і торбы. Але Малочка назву палічыў абразлівай. Звязана, маўляў, з праклятай народам “плетью” (а гэта чыста рускае слова, яно ў нас аніяк не магло пусціць такія карані, каб паслужыць для назвы вёскі!), якой шчодра карысталіся паны і памешчыкі. Дык няўжо і цяпер яе славіць?! Маючы даную яму народам уладу, Малочка рашэннем выканкама назву замяніў на Чырвонае Сяло.

Але ўдзячнасці ад землякоў усё роўна не атрымаў. Калі неўзабаве прыехаў на радзіму для сустрэчы з выбаршчыкамі і з трыбуны хваліў савецкую ўладу, што яму, маўляў, з былога батрака і пастуха дала магчымасць вырасці да “чырвонага губернатара” (цытата з яго прамовы ў клубе!), несвядомыя аднавяскоўцы так і не змаглі ацаніць належным чынам яго грамадскі ўчынак і пракалолі высокапастаўленаму земляку ў “Волзе” ўсе чатыры колы…

Чырвонае Сяло – былыя Пляцянічы здзівілі мяне яшчэ шыльдамі. На адной з іх напісана Чырвонае Сяло, а на другой – Ч.Сяло.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Ды і далёка гэта ўжо не сяло, а маленькая вёсачка, дзе пражываюць каля сотні вяскоўцаў, найбольш пенсіянераў. А да вайны ў Пляцянічах жыло каля 300 жыхароў, былі фальварак, тры двары, леснічоўка, крама. Час знішчыў і назву вёскі, і паціху губляе сваіх жыхароў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён.

Фота аўтара.