Закапанае летам: кошт пытання



Мала каму прыдзе ў галаву ідэя паехаць на горналыжны курорт не зімой, а летам, калі на схілах няма ані грама снегу, а на трасах ідзе актыўны рамонт. Але, зрэшты, летам у горы едуць не бавіцца на лыжах, а дыхаць паветрам і прагульвацца па жывапісных сцежках. Таму тое ж Закапанае, вядомае як зімовая сталіца Польшчы, цалкам вартае наведвання ў любы час года. І мяркуючы па тым, як цяжка ў верасні знайсці там жыллё, да такой думкі прыходзіць вялізная колькасць турыстаў.

Пераважна на поўдзень Малапольскага ваяводства накіроўваюцца палякі. А наколькі дорага бяднейшым за суседзяў беларусам правесці тыднёвы адпачынак у гэтым папулярным месцы? Давайце зірнем на кошты.

vada_s

Дарожныя выдаткі

Лічыць будзем з Берасця, адкуль ехала я сама. Адсюль ездзіць агульнавядомы, дзякуючы чачэнскім мігрантам, цягнік “Брэст – Цярэспаль”. Далей можна перасядаць на цягнікі да Варшавы, Кракава і самога Закапанага. Гэта не надта зручна, ды і не надта танна – чыгуначны транспарт у Польшчы даражэйшы за беларускі, нават пры ўмове зніжак.

Больш эканамічным (а па маіх суб’ектыўных уражаннях і камфортным) варыянтам з’яўляецца паездка на аўтобусе. Білет з Берасця ў Варшаву каштуе ад 25 беларускіх рублёў, а з Варшавы найтанней дабірацца з дапамогай кампаніі “Польскі бус” са стандартным коштам 40 злотых (гэта трошкі больш за 10 даляраў) за 7-гадзіннае падарожжа да Закапанага, пры тым, што аўтобусы ўкамплектаваны прыбіральняй, кандыцыянерам і вай-фаем. У цэлым дарога з Берасця да Закапанага ставіцца аднаму даросламу чалавеку недзе ў 24 даляры.

На зваротнай дарозе мы вырашылі паэкспераментаваць, і адрэзак ад Варшавы да Цярэспаля ўсё ж адолець на цягніку. Эксперымент ператварыўся ў пакуту: у адрозненне ад аўтобуса, у салоне купэ было ну вельмі горача, адкрытыя вокны на калідоры сітуацыю ніяк не ратавалі. Да таго ж іх перыядычна спрабавалі закрыць хмурага выгляду кандуктары. Я ўсю дарогу праехала з вільготнай сурвэткай на лобе, а каштавала гэтае задавальненне нават даражэй, чым непараўнальна даўжэйшае падарожжа ад зімовай сталіцы Польшчы да яе сталіцы круглагадовай.

Ды што тут доўга разважаць пра розніцу ў коштах на аўтатранспарт і транспарт чыгуначны, калі пераехаць з Цярэспаля мяжу ў Брэст на цягніку каштуе 18 злотых, а на аўтобусе толькі 10.

peniny_s

Жытло

Можна парупіцца, і на нейкім са шматлікіх сайтаў знайсці сабе пакой загадзя. Я таксама спрабавала гэта зрабіць, але няведанне дакладнага часу адпачынку плюс лянота звялі гэтае памкненне на нішто, таму аглядаліся ў пошуках надпісаў “Вольныя пакоі” мы з мужам ужо непасрэдна на месцы.

Для нас асабіста гэта ператварылася ў невялікую праблему, бо ў дзень нашага прыезду ішоў дождж, пад якім зусім не хацелася прагульвацца ў любых мэтах. Таму мы пагадзіліся на прапанову аднаго з арандатараў, які нахаджваў колы тут жа на вакзале. Хазанаў, як мы празвалі дзядзьку-арандатара за падабенства да расійскага коміка, у маленькай бруднай машынцы завёз нас да чорта на рогі, у мясцовасць, якую я і цяпер не магу выгаварыць ні на адной з даступных мне моў. Знешне трохпавярховая віла выглядала цалкам ніштавата, але ўнутры нас чакала абсталёўка, прыкладна, як у інтэрнатах. Белыя сцены ўпрыгожвалі падцёкі, на стале не надта дбайна прыбралі сляды жыццядзейнасці мінулых кватарантаў, ложкі аказаліся жудасна нязручнымі нават для сядзення на іх, а ручнікі не ўваходзілі ў камплект бялізны. Пакой быў маленькі, хоць і са сваім ванным пакоем. Прасіў Хазанаў за прытулак па 30 злотых з чалавека, па 60 – за пакой. Мы цягам хвіліны зразумелі, што будзем шукаць іншае жытло, таму пагадзіліся застацца толькі на адну ноч. Тут жа падрос і кошт пытання – Хазанаў падняў яго да 80 злотых за пакой.

Праўда, ночыць там усё роўна не сталі. Як толькі неба праяснілася, мы селі ў маршрутку і вярнуліся ў Закапанае, і неўзабаве знайшлі апартамент у новым доме, ды яшчэ і ў цэнтры. Камфортны і бездакорна чысты пакой з інтэрнэтам, лядоўняй, балконам, душам і тэлевізарам (упэўнена, што ён працаваў, хоць ні разу не давялося гэта праверыць) каштаваў 120 злотых. Удвая больш, чым у Хазанава, але мы не разважалі ні хвіліны – настолькі яўны быў кантраст у прапанаваных паслугах і месцы знаходжання апартаментаў.

На аснове тых прапаноў, што трапляліся нам у пошуках, я зрабіла выснову: у сярэднім жытло за горадам каштуе 30-40 злотых з чалавека, у горадзе прапановы пачынаюцца ад 40 (на ўскраіне). Гэта значыць, што пры жаданні, можна ўмясціцца ў бюджэт 10 даляраў у суткі. Такі ж кошт, між іншым, запытваюць з гасцей беларускія аграсядзібы. Камфорт абыходзіцца даражэй, але ўсё роўна зусім іншых грошай, чым на марскіх узбярэжжах.

krupuvki_s

Галоўная вуліца Закапан Крупуўкі

Харчаванне

Пра выдаткі на ежу ў агульных рысах казаць найцяжэй. Хтосьці прывык у адпачынку не вылазіць з рэстаранаў, хтосьці гатуе сам, а хтосьці, каб эканоміць і не замарочвацца, на час падарожжа сядзіць на фруктовых дыетах. У апошніх двух выпадках трэба весці размову пра кошт прадуктаў, а яны не надта адрозніваюцца ад тых, што мы бачым у памежных з Беларуссю польскіх гарадках. Скажу хіба пра кошты на адметны закапанскі сыр, што прадаецца тут на кожным кроку і як сувенір, і як ежа. Гэта вэнджаны, як правіла, авечы сыр, сфармаваны ва ўзорныя кавалачкі. Найменшы такі кавалак, якога хопіць на адзін бутэрброд, можна набыць за 1 злоты на кірмашы, за 1,5 – у месцах масавага перамяшчэння турыстаў. Больш салідны кавалак абыдзецца ад 6 злотых. Патраціць гэтыя грошы варта, бо сыр сапраўды смачны, зусім не падобны на тыя вэнджаныя локшыны, што прадаюцца ў нашых крамах. Уяўляю, як цэняць закапанскі сыр аматары піва!

Што здзівіла і ўразіла, дык гэта амаль поўнае ігнараванне лясных грыбоў як на прылаўках рынкаў, так і ў меню рэстаранаў. Свежымі ў продажы я бачыла толькі рыжыкі і лісічкі, сушаныя і марынаваныя грыбы вяліся толькі ў адным-адзіным шапіку вялікага кірмаша. У кавярнях калі і было нешта з грыбамі, то гэта максімум варэнікі, ды і то з шампіньёнамі. Гэта ў той час, як ва ўкраінскіх Карпатах грыбы прадаюцца і падаюцца на кожным кроку.

Што да коштаў гатовай рэстараннай ежы, то ў цэлым яны ніжэйшыя за беларускія, калі ўлічыць аб’ём порцый. За ўвесь час прыбывання ў Закапаным, абышоўшы розныя месцы ў цэнтры, мы ніколі не дасягнулі мяжы 20 даляраў за поўны абед на двух чалавек, хоць сабе ні ў чым не адмаўлялі. Праўда, мы вегетарыянцы – мясаедам, напэўна, усё ж тыя 20 даляраў прыйшлося выкласці. Дарэчы, у вегетарыянскай кавярні мы і ўвогуле на дваіх елі дзесьці на 50 злотых за поўны камплект. Найдаражэйшай, хоць і найсмачнейшай была ежа ў кракаўскім Вавелі, але гэта, як кажуць ужо іншая гісторыя.

syr_s

Традыцыйны сыр можна купіць у любым праходжым месцы

Іншыя выдаткі

Паколькі вы прыехалі ў горы, а не проста ў турыстычны горад, то вам спатрэбіцца інфармацыя і пра кошты наведвання нацыянальных паркаў.

Так, самай папулярнай у летні час атракцыяй у закапанскіх турыстаў з’яўляецца пешы паход да знакамітага горнага возера Марское Вока. Возера знаходзіцца на тэрыторыі Татранскага нацыянальнага парка, уваход куды каштуе 5 злотых з дарослага чалавека. Большасць 10-кіламетровага шляху можна адолець на конным фіякры, але што гэта будзе тады за прагулка? Хаця многія адважваюцца на трэкінг у кампаніі малых дзяцей, і ў гэтым разе паслугі экалагічных перавозчыкаў могуць быць вельмі дарэчы. Калі ж ісці пешшу, то шлях аказваецца не такім і блізкім з-за пастаяннага пад’ёму. У нас, напрыклад, дарога ў адзін бок заняла 3 гадзіны, у адваротны, калі спускаліся з гары – 1,5 гадзіны.

marskoje-voka_s

Марское Вока

Яшчэ адна актыўнасць з разраду “трэба зрабіць” ў ваколіцах Закапанага – гэта сплыў па рацэ Дунаец. Глабальна гэтую паслугу робіць толькі Пенінскі нацыянальны парк, але мноства агенстваў і прыватных асоб выклікаюцца дапамагчы турыстам з арганізацыяй падарожжа. Яны давязуць вас да месца сплыву, па дарозе зробяць экскурсію (больш ці менш насычаную ў залежнасці ад праграмы), закупяць білеты на сплаў і ледзь не за руку давядуць у лодку. Мы замовілі такі тур у афіцыйным агенцтве, што абышлося 80 злотых з чалавека, уключна з коштамі за ўваход у нацпарк і больш як 2-гадзінны сплыў.

splyu_s

У пік сезону флісацкія чоўны сплаўляюць да 2000 турыстаў

Карыстаеццаюцца папулярнасцю і тэрмы ў Букавіне Татранскай, але мы туды не трапілі і на сваёй скуры кошты не апрабавалі. Як бачым, асноўныя атракцыі знаходзяцца за межамі Закапанага, таму пры планаванні адпачынку трэба закласці пэўную суму на пераезды.

І канешне, на сувеніры. Як і ў Карпатах, тут можна выбраць практычныя і не вельмі вырабы з драўніны, футра, поўсці. Цэны досыць прымальныя, асабліва калі рэч купляецца дзеля рэальнай патрэбы, а не проста таму, што трэба нешта з сабой прывезці.

Карацей, кароткі адпачынак у Закапаным наўрад ці каго моцна абанкруціць. Хіба што вельмі старацца.

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі