Збляны – вёска, дзе ўтапілі Сталіна



Збляны – вёска ў Лідскім раёне, паблізу мястэчка Бяліца, на правым беразе Нёману. Ведамая як старадаўні цэнтр беларускага ткацтва. У пісьмовых крыніцах мясцовасць упершыню згадана ажно ў 15-ым стагоддзі. Паводле адной з версій назва вёскі паходзіць ад слова “збаны”. Некалі мясцовыя ганчары славіліся на ўсю ваколіцу, сюды ездзілі купляць іх вырабы здалёк. А калі кераміку сталі рабіць паліванай, сталі “збаны ляныя” – тады і ўтварылася назва Збляны.

У ваколіцах Зблянаў археолагі выявілі ажно два старажытныя помнікі – стаянку каменнага веку і даўняе селішча. Упрыгожанне вёскі – Пакроўская праваслаўная царква пачатку ХХ стагоддзя, храм вельмі дагледжаны. Сярод жыхароў вёскі выразна пераважаюць праваслаўныя.

У Зблянах нарадзіўся Аляксей Логвін, юнак, які ў сямнаццаць гадоў быў засуджаны да 10 гадоў сталінскага канцлагеру за ўдзел у нелегальнай моладзевай арганізацыі. Яму ўдалося выйсці адтуль жывым, хоць пасля канання “айца народаў” у 1953-ым Логвін як палітычны вязень не трапіў пад амністыю і выйшаў на волю пазней. Мясцовыя доўгажыхары расказвалі як пасля развянчання “культу асобы” у ваколіцах Зблянаў у Нёмане быў затоплены вялікі помнік Сталіну.

Сёння маляўнічая вёска Збляны, як і многія іншыя, паступова вымірае. Тут ужо няма моладзі, не нараджаюцца дзеці. Многія хаты пустуюць і прыходзяць у заняпад, вёска зарастае дрэвамі, кустоўем і бур’яном. Але ёсць у гэтай вёсцы нейкая светлая аўра, нехта пачынае купляць тут пляцы і будавацца. Гняздуюцца тут і буслы. А значыць ёсць надзея на новае жыццё Зблянаў.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара