Жупраны – месца спачыну Францішка Багушэвіча



Яшчэ ў канцы васьмідзесятых гадоў ужо мінулага стагоддзя ў Беларусі была выпушчана серыя вялікіх плакатаў з фотавыявамі адметных помнікаў айчыннай архітэктуры. Сярод іх запомніўся постар на якім быў Жупранскі касцёл з чырвонай цэглы. Пазней не раз даводзілася праязджаць праз гэтае мястэчка і кожны спын там прыносіў нейкую маленькую радасць. Жупраны, якія ляжаць на стыку сённяшніх Ашмянскага і Смургонскага раёнаў, сталі тым беларускім мястэчкам, адкуль пачалося ўшанаванне аднаго з заснавальнікаў нашай літаратуры – незабыўнага Мацея Бурачка – пісьменніка Францішка Багушэвіча. Ён знайшоў тут свой апошні спачын і Багушэвічам у мястэчку прасякнутае ўсё. У самым цэнтры вас сустракае помнік сялянскаму адвакату і паэту – гэта адна з найбольш удалых працаў скульптара Заіра Азгура. Яшчэ 22 сакавіка 1970 году ў мясцовай школе адкрыўся музей Францішка Багушэвіча, дзе былі сабраныя каля 300 экспанатаў, датычных жыцця паэта.

Самы Жупраны ведамы з пачатку 15 стагоддзя як цэнтар воласці, што належала вялікаму князю Вітаўту, які ў 1407-ым годзе падарыў мястэчка віленскаму ваяводу Войцэху Монвіду. Амаль трыста гадоў – з пачатку 16 стагоддзя да пачатку 19-га Жупранамі валодалі Радзівілы, змянілася ажно 9 уладаннікаў з гэтага роду. У мясцовай пушчы вельмі любіў паляваць эпатажны Караль Радзівіл – Пане Каханку. З 1811 мястэчка было уладаннем Чапскіх. Страшны пажар у Жупраны, калі згарэла фактычна ўсё паселішча, прынесла франзузска-расейская вайна пры адступленні напалеонаўскіх войскаў. Тыя жахі зімы 1812-га падрабязна апісаныя ў мемуарах французскага генерала і пісьменніка Філіпа-Поля дэ Сегура. Праз Жупраны праходзіў стары віленскі паштовы тракт і таму мястэчка заўсёды было ў эпіцэнтры падзей. Акрамя дакументальна зафіксаваных гістарычных падзей мясцовасць мае цэлы шэраг легендаў і паданняў.

Першы касцёл тут быў заснаваны каля 1550, у кан. 16 ст. ён стаў кальвінскім зборам. Цяперашні Петрапаўлаўскі касцёл (1854-75), вакол якога зараз растуць прыгожыя елачкі, пабудаваны па фундацыі графа Адама Чапскага. У касцёле ўсталявана мемарыяльная дошка Францішку Багушэвічу на польскай мове. Усе астатнія напісы тут па-беларуску. Зусім нядаўна помнік на магіле паэта і яго блізкіх зазнаў рэстаўрацыю. З’явіўся яшчэ адзін новы помнічак, які сведчыць пра тое, што на гэтых могілках пахаваны таксама бацька, брат, жонка і сын Багушэвіча.

Адметным будынкам ёсць і плябанія канца XIX-пач. XX стагоддзяў. У 1925-32 пробашчам тут служыў Павал Пякарскі, беларускі каталіцкі святар які быў кіраўніком Ашмянскага дэканату.

Вельмі шмат для папулярызацыі Жупранаў зрабіў няўрымслівы краязнавец Уладзімір Содаль. Гэта ён прасачыў літаральна кожны крок нашага Багушэвіча па гэтай зямлі. Гэта з яго падачы Жупраны рупліва захоўваюць памяць пра вялікага суайчынніка.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара