Знішчаная капліца ў Найдзёнавічах



Ёсць ў Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці невялічкая вёска Найдзёнавічы. Вёска  амаль памерлая – засталося ў ёй чалавек пятнаццаць зусім нягеглых старых.

На поўзакінутых вясковых могілках, парослых дрэвамі і хмызамі, яшчэ нядаўна стаяла драўляная каплічка. Правалены дах, пацвілыя сцены, разваленая агароджа… Але ўсярэдзіне ў нейкі цуд захаваўся тагачасны роспіс, а над уваходам – і надпіс: “Paswięcona ta Cerkiew 1777”.

Колькі засталося ў Беларусі аўтэнтычных драўляных цэркваў і капліцаў – невядома. Нават тыя, што запісаныя ў “аўтэнтычныя”,  бязлітасна нявечацца залатымі цыбулінамі дый проста перабудоўваюцца згодна патрабаванняў і густаў прысланых у Беларусь  святароў. Могілкавая капліца ў Найдзёнавічах была адной з нямногіх, па якой можна было вывучаць беларускую царкоўную архітектуру XVIII стагоддзя.

Летась і гэтую капліцу зраўнялі з зямлёю. Ёсць, аказваецца, у Рэспубліцы Беларусь такі закон: руйнаваць дарэшты тыя будынкі, якія не выкарыстоўваюцца па прамым прызначэнні. Зносяць усё: закінутыя вясковыя хаты, старасвецкія гаспадарчыя пабудовы, нават школы, у якія ўжо не ходзяць дзеткі… Зносяць і руіны старажытных бажніцаў, незанесеныя ў спецыялізаваныя каталогі Таварыства аховы помнікаў.

Прычыны такога дзікунства невядомыя. Мажліва, у краіне для гэтага ёсць залішнія грошы. А, можа, сам выгляд закінутых вясковых хатаў ды занядбаных святыняў міжволі правакуе на пытанне — “а дзе ж тая беларускую стабільнасць?!”

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Яраш Малішэўскі