Зорка Венера над Лысай Гарой



Для большасці месцічаў Зорка Венера – найперш паэтычны сімвал, бо ў гарадах усе свяцілы электрычныя.

Нябесныя зоркі лепш за ўсё сузіраць з ляснога пагорка ў бясхмарную травеньскую ноч. Скрозь сцішэлыя шаты льецца няпэўнае святло маладзіка, неба крэсляць бязважкія кажаны  і, здаецца, чуваць, як праз мёртвае леташняе лісце прабіваюцца маладыя травы.

Я люблю глядзець на Зорку Венеру з Лысае Гары, што пад Заслаўем.

Лысая Гара – гэта бясконцы лабірынт бяроз і елак на магутным узвышшы пасярод лесу. Гэта паганская капішча з ледніковымі валунамі, аброслымі пяшчотным смагардавым мохам. Гэта рака Чарніца,  дзе княгіня Рагнеда храсціла тутэйшы люд. Гэта вытанчаныя лісты папараці ў золкавым дыяманце расы. Гэта добрыя і працалюбныя мурашы, якія адным сваім выглядам нагадваюць пра пільныя справы. Гэта, у рэшце рэшт, знакамітыя пісьменніцкія лецішчы, кананізаваныя Ведзьмаком Лысагорскім.

Як кожнае сакральнае месца, Лысая Гара вымагае павагі. І толькі тым, хто прыходзіць сюды з любоўю і  шчырасцю, Зорку Венеру відаць нават у самую пахмурную ноч…

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара