Фэйкавы канал «Байпола» абвясціў пра пачатак «Плана Перамога»



Клон канала «Байпола», куды нагналі 22 тысячы падпісантаў (ці закупілі ботаў), апублікаваў сёння пост, што 14 кастрычніка Аб’яднаны пераходны кабінет нібыта прыступае да «Плана Перамога».

«У адпаведнасці з Пастановай №2 ад 22 верасня 2022 г. Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі паведамляе пра рэалiзацыю мабiлiзацыйнага плана «Перамога». Лукашэнка цяпер знаходзіцца за мяжой, а нашы навучаныя ўзброеныя атрады ўжо ў Менску і гатовыя да аднаўлення незалежнасці сілавым шляхам. Кожны, хто атрымаў мабілізацыйнае прадпісанне, дзейнічае ў адпаведнасці з заданнем. Каму не прыйшло прадпісанне — тэрмінова звяжыцеся з ботам», — пішацца ў паведамленні. У арыгінальным канале такога паста няма. Апошні пост у ім — зварот Сахашчыка за 12 кастрычніка.

Фэйкавы канал верагодна створаны спецслужбамі. Дата стварэння — 4 траўня. 5 кастрычніка канал перайменавалі ў BYPOL і сталі запаўняць яго. Там дублююцца пасты арыгінальнага канала за апошнія два гады.

Аднак назва сапраўднага канала аб’яднання былых сілавікоў — By_Pol. Фэйкавага — By_Pol_official.

Вядома, што фэйкавыя паведамленні пра пераход да «Плана Перамога» сёння сталі рассылацца па раённых чатах.