КДБ прызнаў уцёкі экс-супрацоўніка за мяжу



Камітэт дзяржбяспекі Беларусі прызнаў, што былы вайсковец КДБ уцёк за мяжу. У ведамстве заяўляюць, што ён уцёк ад крымінальнага пераследу за махлярства. Пра гэта паведаміў БелТА афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш.

Прадстаўнік КДБ заявіў, што інфармацыя аб уцёках вайскоўца КДБ за мяжу не адпавядае рэчаіснасці, але гаворка можа ісці пра былога вайскоўца.

Паведамляецца, што вайсковец быў звольнены 9 жніўня гэтага года па дыскрэдытуючых падставах: нібыта ў 2022 годзе ён здзейсніў шэраг ашуканскіх дзеянняў у дачыненні да грамадзян Беларусі, завалодаўшы сумай больш за 30 тысяч даляраў у эквіваленце.

У дачыненні да экс-супрацоўніка распачалі крымінальную справу за махлярства па арт. 209 КК. Былы вайсковец КДБ «незаконна з’ехаў за межы Рэспублікі Беларусь», хаваючыся ад крымінальнага пераследу, і абвешчаны ў вышук.

Нагадаем, «Наша нiва» са спасылкай на крыніцы паведаміла, што капітан спецпадраздзялення КДБ «Альфа» збег за мяжу ў канцы верасня. Зараз уцекача правяраюць спецслужбы адной з суседніх краін, а калегі з яго групы адхіленыя ад выканання заданняў.

reform.by