Раскопкі на дзядзінцы Палаца Браніцкіх у Беластоку адкрылі рэшткі будынкаў XV стагоддзя
З сярэдзіны лета на дзядзінцы перад Палацам Браніцкіх у Беластоку праводзяцца археалагічныя раскопкі.

Даследаванні вядуцца на плошчы каля 500 квадратных метраў. За гэты час з зямлі былі паднятыя некалькі тысяч знаходак, якія адносяцца да розных гістарычных перыядаў і падзей, якія адбываліся на гэтым месцы. Як, напрыклад, шкляная аптэчная бутэлечка з палявога шпіталя часоў Першай сусветнай вайны, які тут размяшчаўся. Альбо рэчы больш старэйшых перыядаў – сярэднявечная кераміка, кафля, манеты 17 стагоддзя і іншыя побытавыя прадметы тых часоў.
Цікавасць да гэтага месца прыйшла ў археолагаў яшчэ ў мінулым годзе, калі падчас будаўнічых прац тут былі ўскрытыя рэшткі каменнай падлогі і фрагменты будынкаў. Раскопкі паказалі, што яны адносяцца да 15 стагоддзя.
Гісторыкі мяркуюць, што парэшткі гэтых будынкаў маглі належаць адным з першых уласнікаў Беластоку – роду Рачко Табутовічаў.
Частка знойдзеных экспанатаў застанецца ў будынку Палаца Браніцкіх у Музеі гісторыі медыцыны і фармацыі медычнага ўніверсітэта.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя