Беларусы на летніх алімпійскіх гульнях


      Бя­гу­чы год прой­дзе пад зна­кам Лет­ніх алім­пій­скіх гуль­няў у ста­лі­цы Вялікабрытаніі. У гэ­тым цык­ле ра­ска­жам пра ўсе да­сяг­нен­ні і за­ва­ё­вы бе­ла­ру­скіх ат­ле­таў на лет­ніх алім­пі­я­дах, а так­са­ма пра тое, як скла­лі­ся лё­сы не­ка­то­рых з іх у пас­ляс­пар­то­вым жыц­ці.

Летнія гульні на Поўначы

1952, Хельсінкі, без медалёў

На гульні ў краіне Суомі прыпаў дэбют беларускіх спартоўцаў на летніх алімпіядах у складзе каманды СССР. Тады лепшым з беларусаў быў Анатоль Юлін, які заняў 4-е месца ў бар’ерным бе­гу на 400 метраў. Ён браў удзел і ў наступных гульнях, дзе задаволіўся выхадам у паўфіналь­ны забег і 7-м месцам у эстафеце 4 па 400 м. Юлін меў вельмі добрае пачуццё гумару. Можа гэта і дазволіла яму жыць доўга і поўнавартасна. Адышоў у лепшы свет адзін з беларускіх алімпійскіх першапраходцаў у 2002 годзе – праз 50 гадоў пасля хельсінкскіх гульняў.

Молат выкаваў срэбра

1956, Мельбурн, 1 медаль

На Зялёным кантыненце Беларусь прадстаўлялі 8 спартоўцаў — 2 фехтавальнікі і 6 лёгкаатлетаў. Аўстралійская алімпіяда прынесла для беларусаў першы медаль у гісторыі. Срэбра ў кіданні молата здабыў Міхаіл Крываносаў (нарадзіўся ў Крычаве на Магілёўшчыне). Пераможцу — амерыканцу Коналі ён саступіў 16 сантыметраў. Крываносаў быў чэмпіёнам Еўропы ў 1954 г., віцэ-чэмпіёнам кантынента ў 1958 г., шматразовым чэмпіёнам СССР. Усяго беларускі асілак 6 разоў падвышаў рэкорд свету. Пасля сканчэння спартовай кар’еры працаваў выкладчыкам у Беларускім інстытуце фізічнай культуры. Памёр у 1994 годзе.

У вечным горадзе

1960, Рым, 8 медалёў

Наведванне сталіцы Італіі стала шчаслівым для цэлага шэрагу беларускіх атлетаў. Золата алімпіяды заваявалі Алег Караваеў у грэцка-рымскай барацьбе (паўлёгкая вага), Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка ў парным веславанні на байдарцы, фехтавальніца Тацяна Пятрэнка (у замужастве Самусенка). Срэбраныя ўзнагароды атрымалі Мікалай Мілігула ў спартовай гімнастыцы, Уладзімір Гараеў у лёгкай атлетыцы, бронзавымі прызёрамі сталі шпажысты Аляксандр Паўлоўскі і Арнольд Чарнушэвіч (у складзе каманды). Чарнушэвіч быў надзвычай цікавым і тэмпераментным чалавекам. У адрозненне ад многіх іншых пачуваўся сапраўдным беларусам, добра ведаў родную мову, яго ўлюбёным пісьменнікам быў Янка Купала. Астатнія пяць гадоў жыцця працаваў дзіцячым трэнерам у Маладзечне. На больш высокім трэнерскім роўні таленавіты настаўнік дзяржаве не стаўся патрэбным. Памёр Чарнушэвіч у верасні 1991 г., два апошнія гады быў прыкаваны паралюшам да каляскі.А найбольш трагічна з гэтай плеяды склаўся лёс Алега Караваева, які ад нараджэння жыў у Менску. Ён не здолеў вытрымаць выпрабавання „меднымі трубамі”. Пасля сканчэння кар’еры Караваеў не знайшоў сваё месца ў жыцці, хварэў алкагалізмам і памёр у адзіноце ўсяго ў 42-гадо­вым веку.

Японскае сонца ў наша ваконца

1964, Токіо, 3 медалі

Свой высокі клас пацвердзіла Тацяна Самусенка, якая стала срэбнай прызёркай. А на верхнюю прыступку п’едэстала ўзышлі адразу трох беларусаў. Рамуальд Клім выйграў спабор кідальнікаў молата, Аляксандр Мядзведзь перамог у вольнай барацьбе, а Алена Валчэцкая выступіла ў залатым складзе гімнастак.

Валчэцкая, нараджэнка Гародні, значны час працавала ў родным горадзе, вучыла гімнастыцы ў мясцовым універсітэце. Але ўрэшце пераехала на сталае жыхарства за акіян — свае 60-я ўгодкі яна сустрэла ў Амерыцы, жыве там і дагэтуль. Мядзведзь, які нарадзіўся на Украіне, пасля сканчэння выступаў на спартовых арэнах, зрабіў кар’еру ў наменклатурных калідорах. Сёння ён адзін з набліжаных да прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Не згубіўся ў пасляспартовым жыцці і Клім, які паходзіў з вёскі Хвоева, што на Нясвіжчыне. Доўгія гады ён перадаваў свой досвед іншым. Аднак, у апошнія гады жыцця ветэрана амаль забыліся. Памёр ён у 2011-ым годзе.

Высокія вынікі на высакагор’і

1968, Мехіка, 11 медалёў

Найбольшы поспех з беларусаў выпаў на долю гімнасткі Ларысы Петрык, якая заваявала два залатыя медалі (у камандавым заліку і ў вольных практыкаваннях) і адзін бронзавы (за выступ на гімнастычным бервяне). Ларыса Петрык, якая нарадзілася на Сахаліне, у 1977 г. вярнулася ў Расею, а ў 1992 г. выправілася па лепшую долю ў Злучаныя Штаты Амерыкі.Камандава найлепей выступілі нашы „мушкецёры”. Двойчы на верхнюю прыступку п’едэстала ўзыходзіла Алена Новікава (Бялова), перамогшая ў асабістым і камандавым заліку ў фехтаванні на рапірах. Зноў золата павезлі дахаты Тацяна Самусенка і Аляксандр Мядзведзь, а Юры Смалякоў і Аляксей Ніканчыкаў сталі срэбнымі прызёрамі. Другое месца ў кіданні молату заваяваў Рамуальд Клім. Бронзавы медаль залічыў на свой рахунак стралок Віталь Пархімовіч.

Узлёт у сталіцы піва

1972, Мюнхен, 19 медалёў

Ужо па традыцыі ільвіную долю медалёў беларусам прынеслі гімнасты і фехтавальнікі. Алімпіяда стала сапраўдным трыумфам гімнасткі з Гародні Вольгі Корбут. Свет адкрыў для сябе так званае „цуда з коскамі”. Акрамя камандавага золата, Корбут стала мацнейшай у асабістым заліку ў вольных практыкаваннях і на бервяне, а на брусах была другой — агулам ажно 4 медалі (!). Столькі ж заваявала і Тамара Лазаковіч, але меншай вартасці — адно золата, адно срэбра і дзве бронзы. Пераможцамі алімпіяды ў Нямеччыне сталі таксама барэц Аляксандр Мядзведзь, гімнастка Антаніна Кошаль, вясляр Мікалай Гарбачоў, фехтавальнікі Алена Бялова, Тацяна Самусенка, Віктар Сідзяк (ён прыплюсаваў да камандавага чэмпіёнства на шаблях яшчэ асабісты срэбны медаль), баскетбаліст Іван Ядэшка. Срэбра дахаты прывезлі гімнасты Аляксандр Малееў і Уладзімір Шчукін, а таксама лёгкаатлет Уладзімір Лавецкі.

Корбут была ўганараваная лепшай спартоўкай свету 1972 года, на Захадзе яна была надзвычай папулярнай, а ў СССР быў створаны цэлы культ дзяўчынкі, якая акрамя фантастычных сальта, нічога ў жыцці яшчэ не ўмела. Пра яе невыносны характар хадзілі легенды, у якіх было багата праўды. Шмат за апошнія гады ў сваіх успамінах расказаў Рэнальд Кныш — „хросны бацька” гімнастычнага вундэркінда. Сам Кныш, нараджэнец Капыля, аўтар многіх наватвораў (звыш трыццаці элементаў) у гімнастыцы, на некаторы час у выніку крымінальнай справы (падстаў для якой хутчэй усяго не было) быў адлучаны ад любімага занятку. Цяпер славуты трэнер, які выхаваў акрамя Корбут яшчэ Валчэцкую і чэмпіёнку СССР Тамару Аляксееву, працягвае трэніраваць. І гэта ў 80 гадоў! Акрамя таго піша вершы і выдае аўтарскія кнігі.

Яшчэ адзін гарадзенец Іван Ядэшка стаў першым беларускім алімпійскім чэмпіёнам у гульнёвым відзе спорту. Паспяхова выступаў за маскоўскі ЦСКА, пазней зрабіў неблагую трэнерскую кар’еру, працаваў у Расеі, пэўны час трэніраваў афрыканскія дружыны. Доўга кіраваў баскетбольнай камандай Іркуцка. Калі святкаваліся 80-я ўгодкі беларускага баскетболу, Ядэшка быў названы лепшым айчынным баскетбалістам за ўсю гісторыю.

Антаніна Кошаль, якая нарадзілася паблізу Менску ў Смалявічах, пазней была трэнеркай, а з 1997 г. працавала чыноўніцай у Нацыянальным алімпійскім камітэце. Тамара Лазаковіч (родам з Калінінградскай вобласці) памерла ў 1992 годзе. Тацяна Самусенка, нараджэнка Астрашыцкага Гарадка, што на Меншчыне, усталявала ўнікальны для беларусаў рэкорд — чатыры алімпіяды запар яна заваёўвала медалі, прычым тройчы была чэмпіёнкай. На яе рахунку мноства медалёў на іншых турнірах. У 1990-я тытулаваную спартоўку спасцігнуў жыццёвы крызіс. Спярша абрабавалі яе кватэру, пазней надышоў псіхалагічны злом. У 2000 годзе Самусенка абарвала сваё жыццё.

Манрэальскія рэаліі

1976, Манрэаль, 21 медаль

Беларусы сталі прызёрамі ажно ў дзевяці розных дысцыплінах спорту. На гэтым турніры ўзышла зорка гімнастыкі з Беларусі Нэлі Кім. Яна заваявала ажно чатыры медалі — тры залатыя (у камандавым першынстве, вольных практыкаваннях і апорным скачку) і адзін срэбраны (у шматбор’і). Чэмпіёнамі гульняў у канадскім горадзе былі каранаваныя веласіпедыст Уладзімір Камінскі (камандавая шашэйная гонка на 100 км), вясляр Уладзімір Раманоўскі (на байдарцы-двойцы ў пары з украінцам С. Нагорным, плюс срэбра таксама з ім на іншай дыстанцыі), гімнастка Вольга Корбут (на бервяне, на яе рахунку яшчэ срэбра ў практыкаванні на брусах), штангіст Валерый Шарый, стралок Аляксандр Газаў, фехтавальнікі Алена Бялова (у камандзе, плюс асабістая бронза), Віктар Сідзяк (у камандзе, плюс індывідуальная бронза). Другімі на сусветным спартовым форуме сталі плывец Сяргей Каплякоў (у эстафеце чатыры па 200 метраў), стралок Аляксандр Кедзяраў (у практыкаванні „Бягучы дзік”), рапірыст Аляксандр Раманькоў, трэцімі — лёгкаатлет Яўген Гаўрыленка, скакуны ў ваду Уладзімір Алейнік і Аляксандр Касянкоў.Уладзімір Раманоўскі, нараджэнец Слоніма, у 1994-98 гг. быў дзяржтрэнерам, пазней падаўся ў камерцыю і зрабіў добры бізнес. Цяпер ён працуе ў Маскве. Аляксандр Кедзяраў выявіў сябе як добры выхавацель — доўга быў галоўным трэнерам беларускай стралковай дружыны. Уладзімір Камінскі, нараджэнец вёскі Цна пад Менскам, як чалавек вядомы сваёй прынцыповасцю, часам непрадказальнай, і адукаванасцю. Працуючы ў Акадэміі фізічнага выхавання і спорту, здолеў абараніць кандыдацкую дысертацыю. У 1996 годзе, праз 20 гадоў пасля сваёй алімпійскай перамогі, стаў галоўным трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі па веласпорце. Валерый Шарый, нараджэнец Чэрвеня, здолеў адкрыць школу цяжкаатлетаў свайго імя.

Вольга Корбут пасля сканчэння выступаў доўга шукала сваё месца на радзіме, але пасля таго, як разваліўся Савецкі Саюз і адкрыліся межы, ад’ехала ў ЗША. Заснаваўшы ў горадзе Атланта гімнастычную акадэмію, некаторы час пачувалася ўпэўнена. Але пасля характар узяў сваё. У выніку — развод з мужам, вакалістам знакамітых „Песняроў” Леанідам Барткевічам (пасля чаго той вярнуўся на радзіму). І пайшло-паехала. Неўзабаве ў дурную гісторыю з падробкай грашовых купюраў трапіў сын Рычард. Пасля саму Корбут злавілі на дробным крадзяжы ў краме, пасля чаго знакамітую гімнастку сталі лячыць — ні то ад клептаманіі, ні то ад алкагольнай залежнасці. Так што цяпер Корбут пад пільным наглядам паліцыі. Так мінае зямная слава.

Пад знакам байкоту

1980, Масква, 36 медалёў

Аніводныя алімпійскія гульні нашага часу не былі так палітызаваныя. Трэба адзначыць, што вартасць маскоўскіх медалёў стала ў значнай ступені дэвальваванай. Байкатавалі форум ЗША і ФРГ, якія на папярэдняй алімпіядзе былі ў квартэце мацнейшых, не прыехалі моцныя атлеты з некаторых іншых краін. Па-сутнасці спаборніцтвы можна было назваць „Адкрыты кубак сацыялістычнага лагеру”. У такой сітуацыі шанцы беларусаў значна падвысіліся. Калі б Беларусь у Маскве выступала незалежнай краінай, то мела б 11-е выніковае месца. Усяго нашы суайчыннікі здабылі 36 медалёў (яны на рахунку адразу 28 чалавек у 16 відах спорту). Пералічым усіх лаўрэатаў 1980-га. Найбольшы поспех выпаў на долю весляра Уладзіміра Парфяновіча — тры золаты (на байдарцы адзіночцы — дыстанцыя 500 м. і на байдарцы-двойцы — дыстанцыі 500 і 1 000 м. Па два першыя месцы занялі гімнастка Нэлі Кім (у камандным першынстве і вольных практыкаваннях) і плывец Сяргей Каплякоў (на дыстанцыі 200 м і ў эстафеце 4 па 200 м, ён заваяваў яшчэ срэбра ў эстафеце 4 па 400 м). Чэмпіёнамі гульняў таксама сталі: баскетбалістка Тацяна Івінская (у складзе дружыны СССР), веласіпедыст Алег Логвін (камандавая гонка на 100-кіламетравай шашы), вяслярка Алена Хлопцава, коннік Віктар Угрумаў (на яго балансе таксама бронза), скакун у ваду Аляксандр Партноў (на трохметровым трампліне), штангіст Леанід Тараненка (у найбольш прэстыжнай суперцяжкай вагавай катэгорыі), фехтавальнікі Мікалай Алёхін і Віктар Сідзяк. Срэбныя медалі здабылі барэц грэцка-рымскага стылю Ігар Каныгін (катэгорыя да 90 кг), гандбаліст Аляксандр Каршакевіч, хадок Пётр Пачанчук (дыстанцыя 20 км), плыўчыха Эльвіра Васількова (у яе яшчэ бронза), скакун у ваду Уладзімір Алейнік, стралок-лучнік Барыс Ісачанка, фехтавальнікі Алена Бялова, Аляксандр Раманькоў (плюс бронза), Уладзімір Лапіцкі і Ірына Ушакова. Бронзавымі медалямі былі ўганараваны футбаліст Аляксандр Пракапенка, весляры Ігар Майстрэнка, Андрэй Лугін, Антаніна Мельнікава, лёгкаатлеты Яўген Іўчанка і Мікалай Кіраў, стралок Аляксандр Газаў.Нэлі Кім, якая нарадзілася ў Таджыкістане, вучылася ў Казахстане, усё дарослае жыццё звязала з Беларуссю. У 1976 годзе ў Манрэалі яна ўзяла 3 медалі, у Маскве — 2. Усяго — 5 узнагарод. Пазней працавала дзяржтрэнерам, міжнароднай суддзёй, стала віцэ-прэзідэнтам Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.

Алена Бялова ўвайшла ў эліту чацвёртую запар алімпіяду. Аўтарытэт здабываецца ўсё жыццё, а траціцца за адну хвіліну. Так здарылася і са знакамітай фехтавальніцай. Пасля заняткаў спорту яна паспяхова ішла па прыступках чыноўніцкіх кабінетаў. Скандал здарыўся напярэдадні алімпіяды ў Атланце ў 1996 годзе. Бялова, як функцыянерка Нацыянальнага алімпійскага камітэта цягнула лёсы, каб вызначыць пераможцу сярод заўзятараў дзеля паездкі на алімпіяду ў ЗША. Бялова выцягнула картку з прозвішчам Оля Іванова. Выявілася, што дзяўчына — дачка вядомага ў Беларусі кампазітара Валерыя Іванова і … Алены Бяловай. Махлярства знакамітай рапірысткі выкрылі адразу, тым больш, што ўся цырымонія здымалася на відэастужку. Пасля гэтай гісторыі Бялова надоўга знікла з тэлевізіі і старонак прэсы.

Яшчэ ганебней вызначыўся майстар выездкі на кані Угрумаў. Сваю трэнерскую кар’еру гэты „выхавацель” завяршыў датэрмінова — за сексуальныя дамаганні да сваіх вучаніц была нават распачата крымінальная справа.

Уладзімір Парфяновіч быў шматразовым чэмпіёнам свету і Еўропы, 17-разовым пераможцам пяршынстваў Савецкага Саюза. Пасля сканчэння выступаў нейкі час трэніраваў, потым усё актыўней займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета Бела­русі. Адзін час быў актыўным беларускім палітыкам, уваходзіў у парламенцкую апазіцыйную групу „Рэспубліка”. Пасля рэпрэсій супраць паплечнікаў па гэтай групоўцы знік у цень.

Жыццё некаторых алімпійцаў склалася трагічна. На пачатку снежня 1991 гарадзенца па жыхарству (нараджэнца вёскі Ляхаўцы на Берасцейшчыне) Пятра Пачынчука знайшлі мёртвым у сваім гаражы. Афіцыйная (і найбольш верагодная) версія — самагубства на глебе асабістых праблем. Аляксандр Пракапенка быў адным з сама таленавітых футбалістаў Беларусі і нават Еўропы. Сам факт — трапіць у зборную СССР, дзе прыярытэт заўсёды аддаваўся маскоўцам, сведчыць пра многае. Пракапенка ў Беларусі быў сапраўды народным кумірам. Пік славы прыйшоўся на 1982 год, калі менскае „Дынама” стала чэмпіёнам СССР. Тэхнічны і сціплы хаўбек, заставаўся ў цяні сваіх партнёраў на афіцыёзных прыёмах, але любіў выпіць у простай сяброўскай кампаніі. З гадамі звычка перайшла ў зацяжную хваробу. Недарэчная смерць напаткала Аляксандра Пракапенку ў адным з сталічных рэстаранаў, дзе ён падавіўся шашлыком. Пахаваны геніяльны футбаліст у родным Бабруйску.

Пасля доўгага перапынку

1988, Сеул, 27 медалёў

Паводле палітычных меркаванняў савецкія спартоўцы былі змушаны прапусціць гульні 1984 году ў амерыканскім Лос-Анжэлесе. Пасля такога перапынку старты ў Сеуле атрымаліся для беларусаў даволі ўдалымі. Чэмпіёнамі ў Карэі сталі баксёр Вячаслаў Яноўскі (суперцяжкая вагавая катэгорыя), гандбалісты Аляксандр Каршакевіч, Георгій Свірыдэнка, Аляксандр Тучкін, Канстанцін Шаравараў, Юрый Шаўцоў, гімнастка Святлана Баітава, Марына Лобач (мастацкая гімнастыка), Ірына Шылава (кулявая стральба), штангіст Аляксандр Курловіч (у катэгорыі суперцяжаў), фехтавальнік Аляксандр Раманькоў (плюс бронза), Таццяна Ледаўская (бег, плюс срэбра). Найбольшага поспеху дасягнулі гімнастка Святлана Багінская (два золаты, срэбра і бронза) і вясляр на байдарцы Віктар Ранейскі (два золаты). Срэбным прызёрам стаў Ігар Лапшын (скачкі трайным), бронзавымі — баскетбалісткі Галіна Савіцкая і Ірына Сумнікава, вясляр Васіль Якуша (акадэмічнае веславанне), лёгкаатлет Аляксандр Каваленка, стралок Ігар Басінскі.Віцеблянін Вячаслаў Яноўскі стаў першым і апошнім беларускім баксёрам — чэмпіёнам алімпіядаў. Гэты майстар скураной рукавіцы спалучаў магутную сілу рук і моц інтэлекту. Нездарма адзін час Яноўскага, сапраўднага патрыёта, апазіцыя БНФ мела ў спісе ценявога кабінета міністраў.

Варта адзначыць Аляксандра Раманькова, які вызначыўся трэцюю алімпіяду запар (усяго ў яго калекцыі 5 медалёў рознай вартасці).

Асабліва можна было парадавацца за мінчука Аляксандра Каршакевіча, мацнейшага крайняга гандбаліста свету 1980-ых, кар’ера якога падыходзіла да завяршэння. Пазней слыннага майстра ручнога мяча напаткала цяжкая хвароба. Каршакевіч яе пераадолеў, пасля чаго ён стаў другім трэнерам нацыянальнай беларускай дружыны, дапамагаў славутаму мэтру Спартаку Мірановічу. Гандбалістам стаў і сын Каршакевіча Максім. Астатнія чатыры гандбалісты, якія выступалі ў Сеуле, паспелі пагуляць за мяжой, за суверэнную Беларусь. Аляксандр Тучкін, праўда, затым змяніў грамадзянства — я яшчэ доўга выступаў за Расею. А Юрый Шаўцоў — адзін з сама ўдалых беларускіх трэнераў за мяжой. У нямецкай бундэслізе ён дасягнуў значных поспехаў. Пасля гэтага вярнуўся на радзіму і ўзначаліў зборную Беларусі, якую зусім нядаўна вывеў у фінальную частку чэмпіянату свету. За мяжой — у Гішпаніі жыве таксама Галіна Савіцкая, якая была ўганаравана неафіцыйным тытулам лепшай беларускай баскетбалісткі ўсіх часоў.

На алімпіядзе ў Сеуле яшчэ адзін беларус стаў чэмпіёнам у складзе футбольнай дружыны, хоць на той момант ён не прадстаўляў айчыну. Гутарка пра Сяргея Гарлуковіча, нараджэнца мястэчка Баруны, абаронца зборнай СССР. Ён адзіны ў гісторыі беларус — чэмпіён алімпійскіх гульняў па футболе.

Эталоны Барселоны

1992, Барселона, 25 медалёў

Савецкі Саюз ужо разваліўся, але на алімпіядзе ў сталіцы Каталоніі выступала дружына Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У яе складзе і прыехалі беларусы на Пірэнейскую паўвыспу. Поўным і галоўным трыумфатарам гэтых гульняў стаў беларускі гімнаст Віталь Шчэрба. 6 залатых медалёў ва ўсіх гімнастычных намінацыях — такога свет яшчэ не бачыў! Залатымі лаўрэатамі таксама сталі гімнастка Святлана Багінская, баскетбалісткі Ірына Сумнікава і Алена Швайбовіч, гандбалісты Андрэй Барбашынскі, Андрэй Мінеўскі, Міхаіл Якімовіч, весляры Дзмітрый Даўгалёнак і Аляксандр Масяйкоў, плыўчыха Алена Рудкоўская (на яе рахунку таксама бронза), стралок з пісталета Канстанцін Лукашык, штангіст Аляксандр Курловіч. Срэбныя медалі прымералі барэц вольнага стылю Сяргей Смаль, лёгкаатлеты Наталля Шыколенка (кіданне дзіды) і Ігар Астапковіч (кіданне молата), штангіст Леанід Тараненка. Бронзавыя медалі здабылі барэц-вольнік Вугар Аруджаў, барэц грэцка-рымскага стылю Сяргей Дземяшкевіч, вясляркі Кацярына Хадатовіч і Алена Хлопцава, тэнісістка Наташа Зверава.Паводле індывідуальнага медальнага заліку беларусы сталі на алімпіядзе 9-мі з усіх краінаў-удзельніцаў. Гэта быў найвышэйшы поспех айчыннага спорту ў гісторыі алімпіядаў. На другіх запар гульнях перамагла Святлана Багінская. Багіня, як яе называлі, у гімнастычных практы­каваннях была ўвасабленнем жаноцкасці. Пасля яе зыходу сусветная гімнастыка страціла вельмі шмат, а ў беларускай увогуле стварыўся вакуум. Гарадзенскі хлопец Косця Лукашык стаў чэмпіёнам у 16-гадовым веку — такога нікому з айчынных спартоўцаў не ўдавалася — ні да таго, ні пасля.

Першы медаль у вялікім тэнісе для Беларусі ў гісторыі заваявала Наташа Зверава. Ізноў парадавалі гандбалісты — нараджэнец Ашмянаў — Барбашынскі, Гародні — Мінеўскі, Слуцку — Якімовіч. Міхаілу Якімовічу Гішпанія прыйшлася даспадобы. Выступаючы пазней за тамтэйшыя клубы ён значна папоўніў сваю калекцыю кубкавых трафееў, якую пачаў збіраць яшчэ ў складзе славутага менскага СКА. Увогуле ж Якімовіч — адзін з сама тытулаваных гандбалістаў свету. Зрэдку ён прыязджае ў Менск з Гішпаніі, дзе мае свой бізнес, і дзівіцца айчынным цэнам і парадкам.

Аляксандр Курловіч, пачэсны грамадзянін Гародні, значны час лічыўся мацнейшым чалавекам планеты. Шкада, што пазней гэтага асілка, які 12 разоў біў рэкорды свету, спасцігла допінгавая дыскваліфікацыя. Такая прырода сённяшняга спорту — анаболікі спажываюць у бальшыні відаў спаборніцтваў. Сёння пра Курловіча чуваць мала.

Атлеты-таленты Атланты

1996 – Атланта, 15 медалёў

Упершыню ў гісторыі Беларусь узяла ўдзел у алімпіядах як незалежная краіна. Гульні для беларусаў выдаліся не надта ўдалымі. Па медальным заліку (у разлік тут бярэцца не толькі колькасць, але і вартасць медалёў) нашы суайчыннікі занялі толькі 37-е месца сярод усіх краін (чатыры гады таму ў Барселоне было неафіцыйнае 9-е). Зрэшты, у больш аб’ектыўнай класіфікацыі, дзе ўлічваюцца восем першых месцаў, ва ўсіх дысцыплінах, беларусы сталі васемнаццатымі, зусім крыху адстаўшы ад Вялікабрытаніі. Асноўныя здабыткі былі на рахунку барцоў, жанчын-вяслярак і лёгкаатлетаў. А вось штангісты, на якіх ускладаліся значныя спадзевы, выступілі абсалютна правальна. Іншая прыкрасць — беларусак цынічна засудзілі ў мастацкай гімнастыцы.Усяго на агульным балансе беларусаў было 15 медалёў (патлумачым, што ў камандавым веславанні ажно дзевяць медалістак, але адно прызавое месца ў агульны залік). Першы суверэнны залаты (адзіны вышэйшай пробы на гэтай алімпіядзе для Беларусі) медаль заваявала Кацярына Хадатовіч у лодцы-адзіночцы. Бронзу беларускія вясляркі выйгралі ў акадэмічнай васьмёрцы — Наталля Лаўрыненка, Аляксандра Панькіна, Наталля Волчак, Тамара Давыдзенка, Валянціна Скрабатун, Алена Мікуліч, Наталля Стасюк, Марына Знак і рулявая Яраслава Паўловіч. Асабліва радавалася 35-гадовая Марына Знак, для якой атланцкая алімпіяда была апошняй.

Срэбранымі лаўрэатамі сталі барцы грэцка-рымскага стылю Аляксандр Паўлаў (найлягчэйшая катэгорыя да 48 кг) і Сяргей Ліштван (вага да 100 кг, у фінале 0:0 з алімпійскім чэмпіё­нам Сеула Анджэем Вронскім, суддзі аддалі перавагу паляку толькі за кошт большай актыўнасці), барэц-вольнік Аляксей Мядзведзеў (суперцяжкая катэгорыя да 130 кг), стралок Ігар Басінскі (практыкаванне з адвольнага пісталета), дыскабол Уладзімір Дуброўшчык (гарадзенец саступіў толькі славутаму немцу Ларсу Рыдэлю), сяміборка Наталля Сазановіч (адзін з найпрэстыжнейшых відаў лёгкай атлетыкі).

Бронзавымі медалямі былі ўганараваны барэц-класік Валерый Цыленць (вага да 82 кг, пры тым выхаванец Лідскай школы атлетаў разграміў з лікам 10:0 чэмпіёна свету расейца Сяргея Цвіра), дыскаболы Васіль Капцюх і Эліна Зверава.

Чатыры (!) бронзавыя медалі заваяваў шасціразовы алімпійскі чэмпіён Віталь Шчэрба (шмат­бор’е, практыкаванні ў апорным скачку, на брусах і папярэчыне). Большага дасягнуць не дазволілі арбітры. Што і казаць, сучасная гімнастыка — від не столькі спартовы, колькі судзейскі. Мажліва, перашкодзілі і жыццёвыя нягоды. У часе між алімпіядамі жонка Шчэрбы Ірына трапіла ў жахлівую аўтааварыю, славуты гімнаст патраціў вялізныя грошы і з дапамогай лекараў вярнуў яе літаральна з таго свету. Шчэрба ўжо даўно жыве ў Амерыцы (шлях бальшыні беларускіх гімнастаў-чэмпіёнаў — ім пайшлі Вольга Корбут, Алена Ваўчыцкая, Нэлі Кім, Святла­на Багінская), мае там сваю прыватную гімнастычную школу. Знакаміты чэмпіён толькі зрэдку прыязджае на радзіму, ён прыкметна набраў вагі і выглядае гэткім бізнесоўцам-босам. Не так даўно Шчэрба зняўся ў адным з расейскіх тэлесерыялаў, тым не менш сваёй радзімай лічыць Беларусь.

З’ехала за мяжу і першая суверэнная алімпійская чэмпіёнка Кацярына Хадатовіч. Пасля атланцкай алімпіяды яна выйшла замуж за немца, нарадзіла дзіця. Пасля пэўнага перапынку Кацярына Вялікая выступае пад прозвішчам Карстан, але па-ранейшаму на розных спаборніцтвах рэгулярна заваёўвае медалі і славу для Беларусі.

На зялёным кантыненце

2000, Сідней, 17 медалёў

Алімпійскія гульні ў Аўстраліі выдаліся даволі паспяховымі для беларусаў. Усяго на далёкі астраўны кантынент прыбыло 140 спартоўцаў нашай краіны. У неафіцыйнай класіфікацыі паводле набраных ачкоў (яны налічваюцца за першыя восем месцаў у кожнай дысцыпліне) прадстаўнікі Беларусі занялі 16-е месца сярод 199 удзельнікаў. Па заваяваных медалях нашы суайчыннікі разам з венграмі падзялілі 15-ы радок турнірнай табліцы — усяго 17 узнагарод (па тры залатыя і срэбныя і адзінаццаць бронзавых). Дарэчы, Польшча з 14 медалямі размясцілася ўслед.На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзышлі Ка­ця­ры­на Кар­стан (Хадатовіч) — акадэмічнае веславанне, лодка-адзіночка; дыскаболка Эліна Зверава і штурхальніца ядра Яніна Карольчык. Срэбнымі медалямі былі ўганараваны Ігар Басінскі (кулявая стральба з адвольнага пісталета, адлегласць 50 м), Юлія Раскіна (мастацкая гімнастыка, асабісты турнір). Яшчэ адзін такі поспех выпаў на долю беларускай дружыны ў камандавым турніры па мастацкай гімнастыцы. У яе складзе выступалі Тацяна Ананька, Тацяна Белан, Ганна Глазкова, Ірына Ільянкова, Марыя Лазук, Вольга Пужэвіч.

Бронзавымі прызёрамі ў Сіднеі сталі Ігар Басінскі (пнеўматычны пісталет, адлегласць 10 м), дзюдаіст Анатоль Ларукоў (вагавая катэгорыя да 73 кг), штангісты Сяргей Лаўрэнаў (вагавая катэгорыя да 69 кг) і Генадзь Аляшчук (да 62 кг), стралкі Сяргей Мартынаў (адвольная вінтоўка, 50 м лежачы) і Лаліта Яўглеўская (спартыўны пісталет, 25 м), сяміборка Наталля Сазановіч, кідальнік молата Ігар Астапковіч, кідальніца дыска Ірына Ятчанка (дарэчы, жонка Астапковіча), барэц грэцка-рымскага стылю Дзмітрый Дзябёлка (супервагавая катэгорыя да 130 кг), Павал Доўгаль (пяцібор’е).

Заўважым, што Кацярына Карстан трэцюю алімпіяду запар трапіла на п’едэстал гонару, што сведчыць пра яе высокі клас. Сваё другое золата Кацярына заваявала неверагодным фінішным спуртам, толькі на адну сотую секунды апярэдзіўшы балгарку Нейкаву. Кідальніца дыска Эліна Зверава апярэдзіла срэбраную медалістку амаль на тры (!) метры. Вялікую пашану заслужылі беларускія гімнасткі-„мастачкі”, якія набралі роўную суму балаў з расейскімі дзяўчынамі. Дзіўны, аднак, арбітраж падзяліў медалі несправядліва.

Ігар Басінскі стаў прызёрам трэці раз (сваю „калекцыю” ён пачаў збіраць яшчэ ў 1988 годзе ў Сеуле). Басінскі, шасціразовы чэмпіён свету, значны час жыў у Гародні, дзе нарадзіўся, а пасля пераехаў у Менск. Гэты спартовец — „доўгажыхар” алімпіядаў. І няхай не здаецца, што кулявая стральба такі лёгкі від спорту. Падлічана, што за адну трэніроўку, якая доўжыцца 3-4 гадзіны, стралок падымае пісталет (ён важыць 1,3 кг) столькі разоў, што атрымліваецца ў суме звыш 300 кілаграмаў. Трэба дадаць, што медалёў у Басінскага магло быць і больш, але перад самай барселонскай алімпіядай 1992 года ў яго памёр бацька. У выніку гэтага знакаміты стралок, які быў у добрай форме, быў змушаны прапусціць чарговыя гульні. Асабістае жыццё Басінскага склалася ўдала. Ягонай жонкай стала Марына Амельянчык, даволі вядомая водналыжніца, рэкардсменка і чэмпіёнка Еўропы.

Анатоль Ларукоў заваяваў першы алімпійскі медаль у гісторыі беларускага дзюдо. Менскі барэц саступіў толькі італьянцу Мадалоні, які і стаў чэмпіёнам. А ў барацьбе за трэцяе месца Ларукоў перамог чэмпіёна свету амерыканца Педра. Першую ўзнагароду ў гісторыі Беларусі па сучасным пяцібор’і здабыў і Павал Доўгаль, на поспех якога мала хто спадзяваўся. Цяжкаатлету Генадзю Аляшчуку бронза „перапала” толькі праз некалькі дзён пасля выступу — з тае прычыны, што балгарскага штангіста Ангелава напаткала допінгавая дыскваліфікацыя. Тым не менш, гэты медаль быў заслужаны, таму што Аляшчук набраў з балгарынам аднолькавую вагавую суму.

Ігар Астапковіч, нараджэнец Наваполацка, шмат гадоў жыў і трэніраваўся ў Гародні. Гэты асілак заслужыў тытул „вечна другога”. Сабраўшы вялікую колькасць узнагарод (у іх ліку ажно тры срэбры чэмпіянатаў свету), Астапковіч так і не здабыў золата на важнейшых лёгкаатлетычных форумах. Толькі аднойчы яму пашчасціла — на чэмпіянаце Еўропы 1990 года. У грамадскім жыцці гэты атлет заўсёды займае праўладную пазіцыю.

На зялёным кантыненце спартоваму свету адкрыла свой талент беларуска Яніна Карольчык. У апошняй шостай спробе Карольчык літаральна вырвала залаты медаль у суперніц — 20 метраў 56 сантыметраў (на той час новы рэкорд Беларусі). Статная дзяўчына з вёскі Хрышчонавічы Свіслацкага раёну адразу трапіла на вокладкі папулярных часопісаў. Значны час яе імя бессаромна выкарыстоўвала афіцыёзная прапаганда. Так фота прыгожай штурхальніцы ядра (вялікая рэдкасць у гэтай атлетычнай дысцыпліне) доўгі час красавалася на рэкламных шчытах газеты „Советская Белоруссия”. Неяк пазней Карольчык прызналася, што шкадуе пра гэта і яе папросту падманулі. Пасля яшчэ аднаго трыумфу на чэмпіянаце свету 2001 года ў Эдмантане ў жыцці Карольчык наступіла чорная паласа. Пэўны час яна адбывала допінгавую дыскваліфікацыю. Усе дзяржаўныя „дабрадзеі” адразу забыліся пра маладую зорку айчыннага спорту, а ў Яніны з’явіўся час на жыццёвае асэнсаванне. Карольчык выйшла замуж і пасля дыскваліфікацыі вярнулася ў сектар. Зараз яна выступае пад прозвішчам Правалінская.

Алімп Афінаў

Афіны, 2004, 15 медалёў

Ілюзіі і рэальнасць

Калі прэзідэнт беларускага Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту дэкляраваў паход у Афіны „па залатое руно” (заданне — ажно 25 медалёў!), некаторыя напэўна паверылі, што ўзнагароды для беларусаў пасыплюцца як спелыя зярняткі ў бункер. Тым больш быў абвешчаны сацыялістычны спабор спартоўцаў і хлебаробаў. Але ўжо першыя дні алімпіяды вярнулі фанабэрнікаў і летуценнікаў на грэшную зямлю. Паводле выпускаў навін беларускай тэлевізіі можна было канстатаваць, што жнеяры ўпэўнена наперадзе — па-першае, супернікаў у іх няма, калі не лічыць палявых мышэй, па-другое, на допінг ніхто не правярае. Што датычыць „няўдалага” выступу спартоўцаў, то нічога надзвычайнага не здарылася. Алімпійнікі ж не камбайны, а жывыя людзі. А залатая ліхаманка ў любой сферы дабром ніколі не сканчалася. Вось і на гэтай алімпіядзе. Заявілі расейцы, што здабудуць ажно трыццаць залатых медалёў, а потым ламалі галаву, як бы апярэдзіць па гэтым паказніку хаця б украінцаў. А кітайцы нічога не крычалі, а рэальна спрачаліся з амерыканцамі за агульнае першынство.Беларусы выступалі па-рознаму. Прыкладам, шабліст Дзмітры Лапкес заняў чацвёртае месца. Гэта лепшы вынік за час суверэннага фехтавання. Лапкес адолеў двухразовага алімпійскага чэмпіёна расейца Станіслава Пазднякова. І хоць далей мінчаніну забракла псіхалагічнай раўнавагі, пахваліць яго варта. Цікава, што ў паўфінале Лапкеса перамог італьянец Альда Мантана — вучань… беларуса, чатырохразовага алімпійскага чэмпіёна Віктара Сідзяка.

На жаль, не спраўдзіла надзеі ў плаванні Алена Попчанка. Лепшым яе вынікам стала сёмае месца на дыстацыі 100 метраў батэрфляем. Канкурэнцыя ў плаванні была надзвычай жорсткай і перамагалі тыя, хто здолеў выйсці на пік формы. Расчаравалі нашыя штурхальнікі ядра, якія сур’ёзна разлічвалі на медалі. Чэмпіён свету Андрэй Міхневіч нават не склаў канкурэнцыі прызёрам і стаў толькі пятым. На чацвёртай пазіцыі спынілася Надзея Астапчук, якая стала мацнейшай у кваліфікацыі, а пасля гэтага „зламалася”. І ўжо зусім далёкімі ад п’едэстала былі айчынныя стралкі, якія рэгулярна заваёўвалі медалі на папярэдніх алімпіядах.

Найбольш паспяхова ў першы тыдзень выступалі беларускія цяжкаатлеты, якія дасягнулі вышэйшых вынікаў у суверэннай гісторыі. Пінская дзяўчына Ганна Бацюшка здабыла срэбра ў катэгорыі да 63 кг, пры тым усталяваўшы сусветны рэкорд у рыўку. Кампанію ёй у гэтай жа катэгорыі склала віцяблянка Таццяна Стукалава, якой дасталася бронза. Бацюшка саступіла першае месца ўкраінцы толькі па прычыне большай сваёй вагі. З-за гэтага ж за рысай прызёраў апынуўся магілёвец Віталь Дзербянёў, за якога асабліва крыўдна.

Ну а першы залаты медаль для Беларусі заваяваў дзюдаіст, нараджэнец Цвярской вобласці Ігар Макараў. У катэгорыі да 100 кг у фінале ён адолеў карэйскага барца. Золата Макарава, які раней быў самбістам, стала першым у гісторыі беларускага алімпійскага дзюдо.

Пасля першых шасці дзён гульняў па медалях беларусы былі ў канцы дваццаткі лепшых краін, паводле неафіцыйнага заліку займалі 15-е месца. Так што ніякой „зорнасці” і ніякога правалу. У адпаведнасці з рэальнасцю на сваіх звыклых пазіцыях.

 

„Дачка ветру” і „Бацька ўрагану”

За колькі дзён да завяршэння алімпіяды можна было ўпэўнена сцвярджаць, што Беларусь заняла „свой пачэсны пасад між народамі”. Ужо было вядома, што гэтая алімпіяда стала для беларусаў дастаткова паспяховай. Мы ў другім дзесятку спартовых дзяржаў у свеце, а дасягенні нашых атлетаў радавалі нацыю.

Перамога беларускі Юліі Несцярэнкі (у дзявоцтве Барцэвіч) у адным з сама прэстыжных спабораў — бегу на сто метраў зрабіла сапраўдны фурор у свеце. Нараджэнка Брэста спыніла больш чым дваццацігадовую гегемонію цёмнаскурых атлетак з‑за акіяна. Так што спрынтарскае дасягненне Юліі мае агульнаеўрапейскі маштаб. Некаторыя замежныя сродкі масавай інфармацыі адразу назвалі новую чэмпіёнку „дачкой ветру”. Беларуска стала сама рэактыўнай жанчынай свету! На радзіме Несцярэнку чакала грашовая прэмія ў эквіваленце 60 тысяч даляраў (столькі было абяцана кожнаму беларусу за алімпійскае золата). На гэтыя грошы можна было купіць добрую кватэру і машыну, бо да гэтага часу Несцярэнка з мужам (таксама лёгкаатлетам) мелі толькі пакойчык у інтэрнаце.

Ад лёг­кай ат­ле­ты­кі бе­ла­ру­скія заў­зя­та­ры ча­ка­лі кры­ху боль­ша­га. З-за ня­ду­жан­ня бы­ла зму­ша­на спы­ніць пас­ля двух ві­даў зма­ган­не на­ша сла­ву­тая ся­мі­бор­ка На­тал­ля Са­за­но­віч. Чэм­пі­ён све­ту, кі­даль­нік мо­ла­та з Гро­дзен­ш­чы­ны Іван Ці­хан быў га­лоў­ным фа­ва­ры­там, але стаў толь­кі срэб­ным пры­зё­рам. У гэ­ты дзень бе­ла­ру­сы за­ва­я­ва­лі 200-ы ме­даль (!!!) за ўсю гі­сто­рыю алім­пі­яд. Воль­га Цан­дар, на якую бы­лі знач­ныя на­дзеі ў кі­дан­ні мо­ла­та, ста­ла шо­стай. Яш­чэ ад­ну алім­пій­скую брон­зу ў сваю ка­піл­ку пак­ла­ла чэм­пі­ён­ка све­ту ды­ска­бол­ка Іры­на Ят­чан­ка (яна бы­ла трэ­цяй і ў Сід­неі-2000). Гэ­та пос­пех, бо яе сяб­роў­ка, спрак­ты­ка­ва­ная Элі­на Зве­ра­ва не здо­ле­ла прай­с­ці ква­лі­фі­ка­цыю і за­ня­ла толь­кі 15-е мес­ца. Доб­рым трэ­ба прыз­наць вы­ступ у ха­дзе на 20 км Мар­га­ры­ты Ту­ра­вай, якая за­ня­ла чац­вёр­тае мес­ца. А вось муж­чы­ны-ха­да­кі ў дзе­сят­ку не пра­бі­лі­ся.

За­ва­я­ваў­шы срэб­ра ў ака­дэ­міч­ным вес­ла­ван­ні, свой вы­со­кі клас пац­вер­дзі­ла пер­шая бе­ла­ру­ская алім­пій­ская чэм­пі­ён­ка Кацяры­на Кар­стан (Ха­да­то­віч). Яна зда­бы­вае ме­да­лі ўжо чац­вёр­тыя гуль­ні за­пар (!), ця­пер у Ка­ця­ры­ны поў­ная ка­лек­цыя алім­пій­скіх уз­на­га­род — два зо­ла­ты, срэб­ра і брон­за. Пад­т­ры­ма­лі прэ­стыж ай­чын­на­га вес­ла­ван­ня ма­зы­ран­ка На­тал­ля Ге­лах і мін­чан­ка Юлія Бі­чык, якія ста­лі трэ­ці­мі ў лод­цы пар­най.

Не­за­да­во­ле­най сва­ім брон­за­вым вы­сту­пам у трэ­ка­вым гі­це на 500 м за­ста­ла­ся пя­ці­ра­зо­вая чэм­пі­ён­ка све­ту На­тал­ля Цы­лін­ская. На­шая зна­ка­мі­тая ра­ва­рыст­ка ха­це­ла за­вяр­шыць блі­ску­чую кар’­е­ру алім­пій­скай пе­ра­мо­гай, але фар­ту­на ад яе ад­вяр­ну­ла­ся. Яш­чэ больш не па­шан­ца­ва­ла Дзміт­рыю Па­ля­ру­шу ў скач­ках на ба­ту­це, які быў рэ­аль­ным прэ­тэн­дэн­там на ме­даль, але стаў чац­вёр­тым.

Cен­са­цы­яй са зна­кам плюс стаў вы­ступ ма­ла­до­га ма­гі­лёў­ска­га цяж­ка­ат­ле­та Ан­д­рэя Ры­ба­ко­ва. У ва­га­вай ка­тэ­го­рыі да 85 кг наш штан­гіст здо­леў апя­рэ­дзіць зна­ка­мі­та­га грэ­ка Пі­ра­са Дзі­ма­са і стаў срэб­ным лаў­рэ­а­там.

Афі­цый­ная рэ­ак­цыя на вы­сту­пы на­шых спар­тоў­цаў па­куль да­стат­ко­ва стры­ма­ная. „Аце­ча­ствен­ны” алім­пій­скі Зеўс па­куль аб­мя­жоў­ва­ец­ца він­ша­валь­ны­мі тэ­лег­ра­ма­мі. Якой бу­дзе „ана­лі­тыч­ная” ацэ­на „Баць­кі ўра­га­ну” ска­заць цяж­ка. Яш­чэ ёсць шан­цы за­ва­я­ваць агу­лам пад 20 ме­да­лёў.

Cенсацыяй са знакам плюс стаў выступ маладога магілёўскага цяжкаатлета Андрэя Рыбакова. У вагавай катэгорыі да 85 кг наш штангіст здолеў апярэдзіць знакамітага грэка Піраса Дзімаса і стаў срэбным лаўрэатам.

Афіцыйная рэакцыя на выступы спартоўцаў цягам алімпіяды была дастаткова стрыманая. „Ацечаственны” алімпійскі Зеўс абмяжоўваўся віншавальнымі тэлеграмамі. Яшчэ заставаліся шанцы заваяваць агулам пад 20 медалёў. На звыклых пазіцыях

Афінская алімпіяда завяршылася для беларусаў у адпаведнасці з рэалістычнымі прагнозамі. 15 сумарных медалёў (два залатыя, шэсць срэбных і сем бронзавых) прывялі нас да 18-га месца ў агульным медалёвым заліку і да 19-га па ачках. Пасля нас такія тэрытарыяльна вялікія краіны як Канада, Бразілія, Турцыя, Польшча, Швецыя і многія іншыя, больш развітыя дзяржавы. У параўнанні з мінулымі гульнямі Беларусь засталася на ранейшых пазіцыях — у Атлан­це-1996 было 15 медалёў, у Сіднеі-2000 — 17. Асобна ў гэтым сэнсе стаяць барселонскія гульні 1992 году, калі высілкамі фенаменальнага Віталя Шчэрбы, які здабыў шэсць залатых узнагарод, Беларусь выйшла на 9-ю пазіцыю ў свеце. У сталіцы Грэцыі наша краіна здабыла медалі ў 9 відах алімпійскай праграмы — акадэмічным веславанні, боксе, веласпорце, грэцка-рымскай барацьбе, дзюдо, кулявой стральбе, лёгкай і цяжкай атлетыцы, веславанні на байдарках. Не спраўдзілі надзеяў плыўцы, гімнасты, тэнісісты, барцы-вольнікі, большага чакалі ад лёгкаатлетаў і стралкоў.

Крок наперад зрабілі баксёры. Працягваючы традыцыі віцебскай школы (яе выхаванец Вячаслаў Яноўскі — адзіны беларус — алімпійскі чэмпіён), на другую прыступку п’едэстала ўзышоў Віктар Зуеў (вагавая катэгорыя да 91 кг). Ён паўтарыў свой вынік на чэмпіянаце Еўропы. Таксама срэбным прызёрам стаў нараджэнец далёкага дагестанскага Каспійска Магамед Арыпгаджыеў (катэгорыя да 81 кг), лепшым вынікам якога да таго было другое месца на чэмпіянаце свету 2003 года.

Зноў трапілі ў прызёры прадстаўнікі беларускай грэцка-рымскай барацьбы. На гэты раз поспех прыйшоў да Вячаслава Макаранкі з Гомеля. Чэмпіён Еўропы 2000 года стаў бронзавым лаўрэатам у вагавай катэгорыі да 84 кг. Прыемнай чаканасцю стаў выступ беларускай мужчынскай байдаркі-двойкі. Нараджэнец Калінкавічаў Раман Петрушэнка і мінчанін Вадзім Махнеў фінішавалі трэцімі на дыстанцыі 500 м. А вось канаіст Аляксандр Жукоўскі паехаў з Афінаў моцна расчараваны — чацвёрты вынік на паўкіламетровай дыстацыі пакінуў нашага спрактыкаванага весляра па‑за п’едэсталам. Такі ж самы лёс чакаў юных айчынных гімнастак-„трасціначак” у камандавым спаборы. А ў асабістым першынстве па мастацкай гімнастыцы лепшая з нашых Іна Жукава стала сёмай.

У выніку дыскваліфікацыі венгерскага кідальніка молата Адрыяна Ануша, які адмовіўся прайсці паўторны допінгавы кантроль, бронзавы медаль Івана Ціхана „пераплавіўся” ў срэбны. Не пазбегла скандалу і беларуская дружына. У арганізме Аляксея Ляснічага, які выступаў у скачках у вышыню, было выяўлена забароненае рэчыва — кленбутэрол. А найбольш зганьбіліся на алімпіядзе расейскія, венгерскія і грэцкія спартоўцы, якіх злавілі на допінгу. Праблема ўжывання стымулятараў у спорце набыла такі размах, што змагацца з гэтым становіцца ўсё больш праблемным. На жаль, чысціня алімпійскіх ідэалаў — панятак мінулага. Дзеля адраджэння сумленных прынцыпаў змагання патрэбныя кардынальныя захады розных структураў. Інакш спорт канчаткова ператворыцца ў бізнес, дзе мэта будзе апраўдваць любыя сродкі.

Пекінскае пекла

2008, Пекін, 19 медалёў

Пекінскія гульні сталі аднымі з найбольш палітызаваных у гісторыі правядзення сусветных алімпіяд. Ужо на пачатку можна было прагназаваць, што гаспадары форуму ўпершыню ў гісторыі зоймуць першае месца па якасці медалёў. Прычынамі таму і рэзкі скачок развіцця тых відаў, дзе раней кітайцы не былі завадатарамі, і звыклы для іх клімат (многія з удзельнікаў наракалі на гарачае пекінскае пекла), і неверагодныя прэміяльныя, якія паабяцаў урад (ажно мільён даляраў за залаты медаль!). За другое агульнакамандавае месца змагаліся ЗША і Расея. Іншыя моцныя дружыны імкнуліся трапіць у дзесятку.Беларусь была прадстаўлена на алімпіядзе як ніколі шырока — у Паднябесную прыехалі 184 атлеты і 77 трэнераў у 25 дысцыплінах. Па відах спорту наша прадстаўніцтва размяркоўвалася наступным чынам: лёгкая атлетыка — 50, акадэмічнае веславанне — 13, баскетбол — 12 (жаночая дружына), цяжкая атлетыка — 10, плаванне — 9, мастацкая гімнастыка, веславанне на байдарках і каноэ, стральба — па 8, спартовая гімнастыка — 7, вольная барацьба, веласпорт, тэніс — па 5, бокс, грэка-рымская барацьба, дзюдо, скачкі ў ваду, ветразевы спорт, сучаснае пяцібор’е, настольны тэніс, фехтаванне — па 4, конны спорт — 3, сінхроннае плаванне, скачкі на батуце, стральба з лука — па 2, бадмінтон — 1. Усяго ж на алімпіядзе разыгрывалася 302 камплектаў узнагарод у 38 відах спорту.

Гэта была ўжо чацвёртая алімпіяда для суверэннай Беларусі. Найбольш удалым быў удзел у аўстралійскім Сіднеі ў 2000 годзе — тады нашы здабылі ажно 17 медалёў, у 1996 годзе ў Атланце і ў 2004 годзе ў Афінах было па 15. У складзе пекінскай дэлегацыі было багата дэбютантаў, не забракла і дасведчаных атлетаў. Прыкладам, для настольнага тэнісіста Уладзіміра Самсонава гэта быў ўжо 4-ы ўдзел у алімпіядах. Стралок Канстанцін Лукашык быў чэмпіёнам яшчэ барселонскай алімпіяды 1992 года. А 48-гадовая дыскаболка Эліна Зверава, чэмпіёнка Сіднея, выступала яшчэ ў 1988 годзе ў карэйскім Сеуле. Для легендарнай Кацярыны Карстан (у дзявоцтве Хадатовіч) быў ўжо 5-ы старт, яна ж найбольш тытулаваная з усіх беларусаў (двухразовая чэмпіёнка, уладальніца сярэбранага і бронзавага медалёў у розныя гады). Кіраўні­цтва беларускім спортам упершыню не рабіла гучных прагнозаў і не агучвала медальнага плану. І гэта правільна — лішняя балбатня нікому непатрэбная. Больш зацята заўзімацца за канкрэтнага прадстаўніка нашай краіны можна толькі па суме спартовых і чалавечых якасцей. Не сакрэт, што некаторыя з чэмпіёнаў пастаўлены на службу дзяржаўнай прапагандзе і стараюцца ўсімі сіламі выконваць такую „місію”. Іншыя, наадварот, захоўваюць годнасць і незалежнасць у выказваннях.

Алімпіяда праходзіла пад покрывам страху і боязі быць злоўленым у прымяненні допінгу. З аднаго боку гэта вельмі добра, што антыдопінгавыя службы ўрэшце рашуча ўзяліся за „чыстку”. З іншага боку, працэс ужывання анаболікаў мае амаль татальны характар і зайшоў занадта далёка, да таго ж не выключаны пэўныя правакацыі і спекуляцыі. Меркавалася,  што выніковы медальны багаж з‑за дыскваліфікацый будзе не раз карэктавацца.

Золата не давалася

Адзін амерыканскі спартовы аналітык, дасведчаны з дасведчаных чалавек, напрарочыў беларускай дружыне на алімпійскіх гульнях 16 медалёў, прычым ажно 11 залатых. Напрарочыў — як сурочыў. Не, з колькасцю ўсё было ў парадку — у скарбонку нашай каманды рэгулярна падала срэбра і асабліва медзь. А вось залатога медаля не было доўга.

Найбліжэй да чэмпіёнскага тытулу наблізіўся наш штангіст Андрэй Рыбакоў, які лічыўся галоўным фаварытам у катэгорыі да 85 кг. Рыбакоў набраў найвышэйшую суму, усталяваўшы пры тым сусветны рэкорд, але столькі ж падняў і кітайскі атлет, які пры ўзважванні быў крыху лягчэйшым. Ахвярай „лішніх” 200 грамаў стала і наша штангістка Настасся Новікава ў катэгорыі да 53 кг, якая з-за вагі была змушана задаволіцца толькі бронзай. А найбольш каштоўнага металу, як і чакалася, прынеслі айчынныя лёгкаатлеты. Дуплетам выстралілі кідальнікі молата Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан (адпаведна 2-е і 3-е месца), а таксама штурхальніцы ядра Наталля Міхневіч і Надзея Астапчук (такая ж карціна). Цікава, аднак, што перадалімпійскія акцыі Ціхана і Астапчук стаялі вышэй, чым у іх сяброў па камандзе. Для сям’і Міхневічаў гэтая алімпіяда выдалася надзвычай удалай, бо днём раней бронзавы медаль „выплавіў” Андрэй Міхневіч. Акрамя славы, бюджэт сямейнай пары папоўніла сума ў 80 тысяч долараў (за трэцяе месца беларускім спартоўцам было дэкляравана па 30 тысяч, за другое — 50 тысяч, ну а першае ацэнена ў 100 тысяч).

Яшчэ адзін бронзавы медаль Беларусі прынёс барэц класічнага стылю Міхаіл Сямёнаў. Ягоныя калегі на п’едэстал не трапілі. А ўсе чатыры баксёры вылецелі ўжо пасля першых баёў — такой ганьбы наш бокс яшчэ не ведаў. А вось баскетбалісткі зноў парадавалі — выйшлі ў васьмёрку мацнейшых. Пра плыўцоў можна было б гаварыць асобна, адзначым толькі што на водных дарожках Пекіна ўдзельнікі паказвалі „звышчалавечыя” секунды, за якімі беларусы паспець не ў стане.

Пэўнае расчараванне спасцігла беларускіх аматараў акадэмічнага веславання. Здавалася непераможная Кацярына Карстан, якой усе спецыялісты заранёў аддавалі першынство, на гэты раз задаволілася толькі бронзай. Што ж, і ў вялікіх людзей бываюць слабіны. У той жа дзень бронзавы дуэт Афінаў Наталля ГелахЮлія Бічак паўтарыў свой поспех чатырохгадовай даўніны. Фініш гэтага заезду таксама быў адзначаны для нас прыкрасцю — беларуская пара амаль да канца дыстанцыі ішла другой, але ўсё ж упусціла срэбра, якое дасталася кітаянкам. Гаспадары алімпіяды выскаквалі як чэрці з табакеркі, нават у тых відах, дзе іх яшчэ пару гадоў таму не было зусім. Не дзіва, што роўных кітайцам па залатых медалях на гэтай алімпіядзе не было. І яшчэ пытанне, ці здолеюць іх апярэдзіць ЗША па агульнай колькасці ўзнагарод. А вось звышамбітныя расейцы відавочна правальвалі свой план.

Адзначым і поспехі беларусаў, якія працуюць на карысць іншых краін. Так, галоўны трэнер зборнай Расеі па валейболе — нараджэнец Полацку Уладзімір Алекна. Пад яго кіраваннем зборная Расеі ішла без паразаў і адолела чэмпіёнаў свету — бразільцаў. А медаль для Летувы быў заваяваны пад кіраваннем беларускага спецыяліста Рыгора Казлоўскага — суседзі ўзялі бронзу ў грэка-рымскай барацьбе.

Пасля дзевяці алімпійскіх дзён Беларусь па суме медалёў (усяго — 10) дзяліла высокае 12-е месца.

Алімпійскія „дажынкі”

Пекінская алімпіяда скончылася. Па-рознаму можна ставіцца да спартовых спаборніцтваў сучаснасці, якія часцяком праходзяць на фоне палітычных падтэкстаў і супярэчнасцей. Бясспрэчна адно — такія форумы як алімпіяда даюць магчымасць кожнай асобнай нацыі паказаць сябе іншым, а ў межах адной краіны хоць у нейкай ступені дазваляюць салідарызавацца розным слаям грамадства. Бо амаль усе перажываюць за выступы спартоўцаў — прадстаўнікоў сваёй краіны.

Апошні тыдзень алімпіяды стаўся больш чым паспяховым для беларускіх атлетаў. Выдатнага дасягнення дамагліся нашы весляры. У адзін дзень яны здабылі два залатыя медалі. Браты Андрэй і Аляксандр Багдановічы першынствавалі на кіламетровай дыстанцыі ў каноэ-двойцы. На такім жа адрэзку мацнейшым стаў экіпаж байдаркі-чацвёркі (Раман Петрушэнка, Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнеў). Пазней Петрушэнка з Махневым паўтарылі свой бронзавы вынік чатырохгадовай даўніны на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м.

Бліскучы вынік паказаў штангіст Андрэй Арамноў, які паклаў у беларускую скарбонку першае золата. Нараджэнец Барысава ў катэгорыі да 105 кг пры тым усталяваў тры новыя сусветныя рэкорды. Проста выдатна выступіла і кідальніца молата Аксана Мянькова — надзвычай стройная для гэтага віду спартоўка, нараджэнка Крычава, апярэдзіла ўсіх на планеце і стала алімпійскай чэмпіёнкай.

Да вагі золата можна прыраўняць і поспех шматборца Андрэя Краўчанкі. Ён не толькі не згубіўся ў кампаніі „рыцараў дзесяці якасцяў”, але і заняў высокае і галоўнае заслужанае другое месца, вырваўшы сваё срэбра літаральна „на зубах”. Бронзавы медаль для Беларусі прынёс нараджэнец Дагестана Мурад Гайдараў — гэты барэц стаў бронзавым прызёрам у вольнай барацьбе (катэгорыя да 74 кг). Заўважым, што ў гэтым відзе барацьбы Беларусь не мела медаліста 12 гадоў з часу алімпіяды ў Атланце.

Эстэтычныя пераканаўчыя акорды ў апошнія дні зрабілі беларускія дзяўчаты ў мастацкай гімнастыцы. Іна Жукава была ўганаравана срэбрам у індывідуальным шматбор’і, а наш калектыў юных дзяўчат, за які выступалі Алеся Бабушкіна, Анастасія Іванькова, Зінаіда Луніна, Глафіра Марціновіч, Ксенія Санковіч і Аліна Туміловіч, атрымаў на шыю па выніках групавых практыкаванняў камплект бронзавых медалёў.

З тых, хто не трапіў у прызёры, варта пахваліць жаночы эстафетны квартэт, які ў фінальным забегу 4 па 400 метраў заняў 4-е месца і прытым усталяваў новы нацыянальны рэкорд.

Усяго ж на рахунку беларускай дружыны 19 медалёў (4 залатыя, 5 сярэбраных і 10 бронзавых), а на п’едэстал узыходзілі ажно 30 нашых спартоўцаў. У цэлым гэта найвышэйшае дасягненне айчыннага спорту за час суверэнітэту. Па якасці ўзнагарод Беларусь заняла высокае 16-е месца ў свеце і 9-е сярод еўрапейскіх краін.

А вось як выглядае дваццатка першых краін па агульнай колькасці здабытых медалёў: ЗША — 110, Кітай — 100, Расея — 72, Вялікабрытанія — 47, Аўстралія — 46, Нямеччына — 41, Францыя — 40, Паўднёвая Карэя — 31, Італія — 28, Украіна — 27, Японія — 25, Куба — 24, Беларусь — 19, Іспанія і Канада — па 18, Нідэрлянды — 16, Бразілія — 15, Кенія — 14, Казахстан — 13, Ямайка — 11. Менавіта гэты неафіцыйны залік дае больш выразную агульную выніковую карціну апошняй алімпіяды.

_____________________________________________________________________________

Кароль Швецыі даў загад вырабіць беларускаму спартсмену дадатковы залаты алімпійскі медаль…

Першыя айчынныя алімпійцы Варта яшчэ прыгадаць імёны тых, хто спрычыніўся да алімпіядаў раней, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі ці іх частка ў склад Польшчы.

Першай асобай з Беларусі, якая мела дачыненне да алімпіядаў быў Зыгмунт Мінейка, удзельнік паўстання 1863 года. Лёс гэтага чалавека незвычайны. Нарадзіўся Мінейка ў 1840 годзе ў вёсцы Балванішкі на Ашмяншчыне (у 1969 годзе саветы змянілі назву мясціны на Зялёны Бор). Вучыўся ў Віленскай гімназіі, пасля ў Пецярбургскай інжынернай вучэльні, ездзіў па Еўропе, у Італіі быў у шэрагах гарыбальдыйцаў. Калі на радзіме выбухнуў нацыянальна-вызвольны чын, Зыгмунт хутка вярнуўся і стаў у шэрагі паўстанцаў. У чэрвені1863 года яго атрад быў разбіты ў баі пад Расолішкамі (Ашмянскі павет), Мінейка схоплены і засуджаны да 12 гадоў катаргі. У 1865 годзе яму з Сібіры неверагодным чынам, праз усю тэрыторыю імперыі, удаецца ўцячы на захад за мяжу. Далейшы лёс гэтага няўрымслівага чалавека быў знітаваны з Грэцыяй. Тут ён ажаніўся, працаваў інжынерам, вёў археалагічныя раскопкі. Шматбаковы талент Мінейкі стаўся запатрабаваны падчас падрыхтоўкі да першых алімпійскіх гульняў сучас­насці, якія меліся адбыцца ў сталіцы старажытнай Элады ў 1896 годзе. Як і сёлета, тады пры арганізацыі спартовага форума грэцкія ўлады мелі значныя арганізацыйныя і фінансавыя цяжкасці. У шэрагах энтузіястаў-арганізатараў быў і Зыгмунт Мінейка, які ўзначальваў дэпартамент грамадскіх працаў. А калі пачаліся гульні, ён перакваліфікаваўся ў рэпарцёра, пісаў артыкулы для афінскіх газет. Так што Мінейку можна назваць першым беларускім спартовым журналістам. Грэцыя высока ацаніла заслугі нашага суайчынніка, яе парламент у 1910 годзе прысвоіў Зыгмунту Мінейку тытул пачэснага грамадзяніна краіны. Як цікавы факт варта дадаць, што ўнук Мінейкі, вядомы палітык Андрэас Папандрэу, шмат гадоў быў прэм’ер-міністрам Грэцыі, падтрымліваў алімпійскі рух.

Першым спартоўцам з беларускіх земляў, які браў удзел у выступах на алімпіядах, стаў Караль Румель, які нарадзіўся ў 1888 годзе ў Гародні. Вучыўся юнак у мясцовай гімназіі, потым у Пецярбургу ў Акадэміі мастацтваў, але ўрэшце стаў вайскоўцам. Ужо ў горадзе на Няве Румель сур’ёзна захапіўся конным спортам, а перад алімпіядай 1912 года ён быў запрошаны ў алімпійскую дружыну Расеі. Тыя гульні праходзілі ў Стакгольме. Румель выступаў у турніры па пераадоленні перашкодаў на кані. Караль рэальна прэтэндаваў на медалі, але пры апошнім скачку конь зачапіўся за бар’ер і ўпаў, моцна прыціснуўшы вершніка да зямлі. Румель здолеў узняцца і завяршыць дыстанцыю, заняўшы ў выніку толькі 31-е месца. Пазней выявілася, што ў конніка зламаныя ажно пяць рэбраў. Кароль Швецыі Густаў V, які назіраў за драматычным выступам Румеля, даў загад вырабіць дадатковы залаты алімпійскі медаль. Мужны спартовец атрымаў яго ўжо ў шпітальным ложку. І гэта была хіба самая цікавая ўзнагарода ў гісторыі алімпіядаў. Была ў яго жыцці яшчэ адна алімпіяда. У 1928 годзе ў Амстэрдаме 40-гадовы Румель стаў бронзавым прызёрам у камандавым трохбор’і. У другую сусветную вайну падпал­коўнік Караль Румель удзельнічаў у баях, прайшоў два канцлагеры. Пасля вайны  жыў у Сопаце, памёр у сакавіку 1967 года.

          Першы медаль для Рэчы Паспалітай на алімпійскіх гульнях здабыў у 1924 г. коннік з Гародні Адам Крулікевіч...

Пад сцягам Рэчы Паспалітай

Польшча як дзяржава дэбютавала на алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 1924 годзе. І першы медаль для Рэчы Паспалітай здабыў коннік з Гародні Адам Крулікевіч. У сталіцы Францыі ён стаў трэцім у турніры па пераадоленню перашкод на кані. Многа пазней спартоўцы з горада над Нёманам заваююць мноства медалёў для СССР і незалежнай Беларусі. Ніхто не праводзіў дакладных падлікаў, але сярод гарадоў свету з насельніцтвам да 300 тысяч жыхароў Гародня напэўна будзе ў дзесятцы па колькасці алімпійскіх прызёраў.

Яшчэ адзін прадстаўнік Гарадзеншчыны выступаў за Польшчу на апошняй алімпіядзе да другой сусветнай вайны — у Берлін у 1936 годзе прыехаў стралок Міхал Вярсоцкі. Ён вырас і сфармаваўся ў славутых Гальшанах, куды сям’я пераехала з Валожыншчыны ў пачатку 1920-х. У сталіцы нацысцкай на той час Нямеччыны 23-гадовы Вярсоцкі не здабыў лаўраў, заняўшы толькі 24-е месца. Але свой след у гісторыі гальшанец пакінуў. Пасля вайны Міхал стаў ветэрынарам, дапамагаў землякам-вяскоўцам. Памёр у 1979 годзе і пахаваны на гальшанскіх могілках. Цікава, што з роду Вярсоцкіх паходзіў беларускі рымска-каталіцкі святар і грамадскі дзеяч Янка Вярсоцкі, які быў вывезены ў Казахстан і расстраляны ў 1937 годзе ў засценках НКВД.

Нараджэнец Гародні Вітольд Герута браў удзел у першай пасляваеннай алімпіядзе 1948 года. 36-гадовы лёгкаатлет выступаў у дзесяцібор’і. Пазней Герута стаў трэнерам нацыянальнай польскай дружыны па лёгкай атлетыцы. Яшчэ аднаго спартоўца Польшчы даў Ваўкавыск. Юры Кавалеўскі нарадзіўся ў 1944 годзе. Пасля вайны сям’я пераехала за мяжу, з дзяцінства Юры захапіўся скачкамі ў ваду. 16-гадовы юнак у 1960 годзе выступаў на рымскай алімпіядзе, дзе заняў 15-е месца па скачках з трампліна.

Знакамітая польская валейбалістка Ядвіга Марко-Ксянжкова нарадзілася ў заходнебеларускай Зэльве. Доўгія гады яна выступала за польскую дружыну. На алімпіядзе 1964 года ў Токіо Марко-Ксянжкова ў складзе каманды стала бронзавай медалісткай.

Напрыканцы алімпійскіх гістарычных нарысаў хочацца згадаць яшчэ двух беларускіх спартоўцаў, якія ўпісалі свае прозвішчы ў гісторыю алімпійскіх гульняў. Іх медалі ў залік Беларусі не ідуць таму, што на момант выступаў за СССР у Беларусі яны не жылі. У Шчучыне вырас кідальнік молату Васіль Хмялеўскі. На мюнхенскіх гульнях 1972 года ён прадстаўляў горад Стаўрапаль і выйграў бронзавы медаль. Срэбра ў складзе зборнай СССР па валейболе на сеульскай алімпіядзе 1988 года заваяваў Юры Сапега, нараджэнец Гародні. Бліскучы майстар, носьбіт славутага прозвішча быў двухразовым чэмпіёнам Еўропы, уладальнікам Кубка свету, срэбным і бронзавым прызёрам чэмпіянатаў свету, пяціразовым пераможцам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў. Старэйшы брат Юрыя, Аляксандр, быў не менш вядомым валейбалістам. У 1990 годзе Аляксандр Сапега трагічна загінуў на тэрыторыі Смаленскай вобласці — яго забілі невядомыя бандыты. Малодшы брат Юры пасля доўгіх выступаў за маскоўскі ЦСКА завяршаў сваю кар’е­ру ў Італіі. На Апенінах Сапега стаў трэнерам, пазней атрымаў запрашэнне стаць галоўным трэнерам расейскай дружыны, якая перажывала заняпад і вывеў яе на сіднейскай алімпіядзе 2000 года на другое месца. Цяпер Юрый Сапега жыве пераважна ў Італіі, але штогод прыязджае ў горад над Нёманам да родных і на турнір па валейболе сярод юнакоў у памяць брата.

Падрыхтаваў: Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ

Першапачаткова гісторыя алімпійскіх гульняў была надрукавана ў 2004 і 2008 гадах у Тыднёвіку Беларусаў у Польшчы „Ніва„.