Гасподзь Акбар



Вядомы праваслаўны дзеяч дыякан Андрэй Кураеў неяк выказаў думку, што арабы “рэлігійна таленавіты” народ. І пашкадавў, што да гэтых добрых людзей, чые нашчадкі так бурна цешыліся 11 верасня 2001 года, не прыйшлі раней прарока Мухамеда праваслаўныя місіянеры.

Так, праваслаўныя таксама не адрозніваюцца “голубиной кротостью”, але ўсё ж паняцце “джыхаду”, “свяшчэннай” вайны, безагляднай, бязлітаснай і самагубнай, належыць мусульманам. І многія праваслаўныя ім гэтага зайздросцяць. Яны б таксама не супраць распаліць, раз’юшыць сваіх адзінаверцаў, нацкаваць іх на ворага – неістотна, рэальнага, ці выдуманага.

Бадай што з гэтай мэтай у бязмежную прастору Інтэрнэту запушчаны тэкст пад назваю «Судьба Украины в пророчествах старцев».

Старцы, як вядома, заўсёды карысталіся вялікай пашанай у праваслаўных расейцаў, што вядома яшчэ з твораў Дастаеўскага. Гэта такія асобы, што жылі самотна ў “скітах”, не мыліся, не стрыгліся, і не галіліся, харчаваліся вадой, травой і карэннямі, у выніку чаго на іх зыходзіла “благодать”, прасвятленне, і яны “изрекали непреложные истины”. Кшталту такой: “Западом наказывал и накажет нас Господь… Завязли в грязи западной по уши…” (Святитель Феофан, 1815 – 1894)

Іншы старац, “Святой Преподобный Схиархимандрит Лаврентий Черниговский», канкрэтызаваў, з якога месца Захаду зыходзіць смяртэльная пагроза для праваслаўя і Святой Русі. «В Польше была тайная жидовская столица. Поляков вынуждали завоевать Русь… Очень им не нравились слова : Русь и русский, поэтому назвали завоеванные поляками земли сначала Малороссией. Потом опомнились, что здесь есть слово Рос, и назвали Окраиной. Слово окраина – позорное и унизительное слово… И позже узаконили нам слова «Украина» и «украинцы», чтобы мы охотно оторвались от Святой и Православной Руси».

У Польшчы, як вядома, касцёлы на кожным кроку. Але святы прападобны старац раскрывае іх сапраўдную сутнасць. «Господь Иисус Христос создал одну Церковь (а не церкви), которую не одолеют и врата адовы. Одна только Церковь Православная, Святая, Соборная и Апостольская. Другие, называющие себя церквами, не церкви, а плевелы диавола среди пшеницы и скопища диавола».

Хто там носіцца з рознымі Нотр – Дамамі, саборамі Святога Пятра?

Цяпер зразумела, чаму Ян Павал ІІ заўсёды насіў маленькую круглую шапачку!

Рожкі хаваў!

Подлыя палякі ў будучыні «навяжут церкви экуменизм, будет сильное окатоличивание России. Ни одной русской церкви не будет. Католики будут загонять в храмы насильно, а на тех, кто не пойдет, начнутся гонения. Входить в эти храмы нельзя.»

“… в саму церковь… будут засылаться тысячи и тысячи окатоличенных разрушителей церкви”. Гэта ўжо іншы старац, нейкі «о. Антоний».

А вось што прарочыць «Старец Серафим (Тяпочкин)». Дзядуля Цяпачкін мовіць:

«А что будет с Украиной и Белоруссией? Те, кто в этих народах против союза с Россией – даже если они считают себя верующими – становятся служителями диавола.» Вось так – мала што спадары Севярынец і Дашкеіч у кожным трэцім слове памінаюць Госпада, — рагатаму служаць яны, рагатаму!

«Духовенство ж – это как солдаты на войне, не их дело прятаться, но следует быть на передовой борьбы с сатанизмом. …чтобы навсегда освободиться из польского владычества и унии душепагубной, введенной и насажденной угрозами, насилием и смертью. Знайте! Помните! И не забывайте!

Сие мне открыто Царицей Небесной и Святым Ангелом Хранителем.» Гэта зноў старац Лаўрэнцій.

Але не ўсё так змрочна для нас . Анёл нашаптаў старцу ў нямытае вуха, што ўсё скончыцца добра. Гасподзь узвысіць славян, г.зн. “Святую Русь – Россию, Украину и Белоруссию», усе ж астатнія народы будуць курчыцца ў пякельных муках. Узнікае пытанне – ну добра, палякі, чэхі ды іншыя славакі не праваслаўныя, і пагэтаму так ім і трэба. Дый якія з іх пасля гэтага славяне. “Унтэрмэншы”, як казалі іншыя пасіянарныя асобы з надпісам “Gott mit uns” на дзягах.

А за што пякельныя мукі будуць пасланы праваслаўным грэкам, сербам, балгарам? Мабыць, проста ў старца Лаўрэнція ў скіце не было глобуса, і ён не падазраваў пра існаванне іншых адзінаверцаў…

І выпетраныя старцы, і круглашчокія бацюшкі, і салідныя праваслаўныя публіцысты як жа любяць ужываць акрэсленне “Святая Русь”. Чым жа яна такая “святая”, карціць запытаць? Тым, што яе хрысціў агнём і мячом распуснік, блуднік і забойца князь Уладзімір? Што яна ўвесь час заграбала, рабавала і гвалціла чужыя землі? Што стварыла дзяржаву, у якой рабства і халопства ўзведзена ў прынцып? Тым, што паліла сваіх адзінаверцаў жыўцом толькі за тое, што тыя хрысціліся не трыма пальцамі, а двума? Тым, што да Пятра І ў Расеі не было ніводнага навукоўца?

Так, было збудавана мноства цудоўных храмаў,створаны непераўзыдзеныя іконы… Але ж не марсіяне і не “Захад”, а сам расейскі “народ – баганосец” пасля 1917 года ўсё гэта руйнаваў і нішчыў, тысячамі катаваў і забіваў святароў – прычым не толькі сваіх, але і ў суседніх краінах.

Што ўвогуле стварыла “Святая Русь”, каб аблегчыць жыццё звыкламу чалавеку? Трактар і аўтамабіль, самалёт і тэлевізар, рэнтген і тамограф, аспірын і памперсы…літаральна ўсё, што ні вазьмі, усё прыйшло з Захаду, “которым наказывает нас Господь”. (Свяцейшага Патрыярха Кірылу, напрыклад “пакараў” “Мерседэсам” і “Ролексам”). Ды калі б не Захад, вы б дагэтуль хадзілі ў лапцях з анучамі ды пісалі на бяросце… А цяперашняя “святая праваслаўная Расея “ чым можа ганарыцца? Забойствамі братоў – адзінаверцаў ва Украіне? Ракетамі “Сатана”, устаноўкамі “Град”? Тым, што ці не кожную гадзіну на Зямлі кагось забіваюць з аўтамата Калашнікава?

Польшча… У старца Лаўрэнція быў хіба што склероз або Альцхаймер, і ён пераблытаў, якая краіна рвала на кавалкі суседнюю, руйнавала яе храмы, рэзала, вешала і ссылала жыхароў, Польшча Расею, ці наадварот?

Хто там ведае, ці існуе дзесь гэты “диавол”. Але бясспрэчна, што ўсе сейбіты нянавісці, кім бы яны сябе ні лічылі і не называлі – праваслаўнымі ці католікамі, мусульманамі ці атэістамі, левымі ці правымі, – усё гэта слугі зла і цемры.

Алег Аблажэй
Беларускае Радыё РАЦЫЯ