Аплявухі



Часам не пазайздросціш перакладчыкам з расейскай мовы. Ну вось, як знайсці беларускі адпаведнік такому ёмістаму слаўцу „пруха”? Гэта калі асобе пачынае шанцаваць ва ўсім і ўсюды!

Менавіта гэткая „пруха” была ў Пуціна да самага нядаўняга часу. Усё, што задумваў, атрымлівалася; што не выходзіла, як намерваўся, сыходзіла з рук. Абяскровіў Грузію, адарваўшы Абхазію і Асецію; а як удала, пра што сам апавядаў з самазахапленнем, „вярнуў у родную гавань” Крым! Пакараў непаслухмяную Украіну, стварыўшы на яе тэрыторыі дзве незагойныя гнойныя раны, тзв. ДНР і ЛНР. Да таго ж, пазбавіўшы суседнюю краіну кантролю над уласнай мяжой.

Пуцінскія „сокалы” пачалі лётаць ля межаў натаўскіх дзяржаў, беспакарана парушаючы іх паветраную  прастору. Рэйтынг рос як на дражджах, і не толькі ў Расеі, а і сярод еўрапейскіх палітыкаў, розных Орбанаў, Клаўсаў, ды іншых Марын ле Пэн… Крывавыя тэракты апошняга часу – і тыя былі Пуціну на карысць. Вывелі з ізаляцыі, выклікалі спачуванні і прапановы разам змагацца з тэрарызмам.

І тут – як гром з яснага неба! Збілі расейскі бамбардзіроўшчык!  І хто – найлепшы турэцкі сябар Эрдаган, прэзідэнт, якому Пуцін зусім нядаўна перад абліччам Алаха кляўся ў вечнай дружбе, адкрываючы ў Маскве велізарную мячэць. Дый было б з-за чаго – бач, туркам не спадабалася, што расейцы бамбяць іхніх землякоў на тэрыторыі Сірыі, нейкіх не то туркаманаў, не то туркменаў. Гэтага ўжо зразумець ніяк нельга – падумаеш, адправілі на той свет пару дзясяткаў, ну, хай сабе і соцень, гэтых недатуркаў. Дробязь! Бабы новых нараджаюць, тым больш, яны там пладавітыя. І дзеля гэтага збіваць самалёт, забіваць лётчыка, які ляцеў мірна бамбіць іх туркаманскія паселішчы? Якая ганьба, удар у плечы… Не, гэтага проста так пакінуць нельга.

І Пуцін помсціць. Па-свойму, па-пуцінскі, – караючы ў першую чаргу сваіх жа грамадзянаў, пазбавіўшы іх магчымасці пагрэцца на цёплых і недарагіх турэцкіх курортах. Дый сакавітай турэцкай садавіны і гародніны на расейскіх прылаўках больш не будзе. Да туркаў у самой Турцыі не дацягнуцца  – але ж у Расеі мноства турэцкіх будаўнікоў. Здаўна будуюць мноства аб’ектаў, і не абы як!. Вось ім цяпер і пакажуць, дзе ракі зімуюць. А то, панімаіш, атабарыліся тут, сем’і сумесныя настваралі, вон у сваю Турцыю!

Толькі болей-меней разабраліся з туркамі, а тут на табе – забаставалі дальнабойшчыкі, пратэстуючы супраць новых дарожных пабораў, якія пойдуць, у асноўным, у кішэню пуцінскага сябрука Ротэнберга. І хто пратэстуе – тыя, што першыя крычалі „Крым наш!”, вадзілы, якія ездзілі з партрэтамі Пуціна на шыбе! Абяцалі „парваць” любога пуцінскага ворага…

Нацкаваць бы гэтых знахабеўшых пралетараў самога Генеральнага пракурора Расеі – а тут грымнула расследаванне Фонда па барацьбе з карупцыяй Аляксея Навальнага, дзе неабвержна даказаны сувязі сынкоў генпракурора Чайкі з самай крывавай за ўсю гісторыю Расеі бандай Цапкоў, раскрыты крымінальныя схемы, пры дапамозе якіх гэтыя спрытныя хлопчыкі сталі мільярдэрамі, не дажыўшы й да 30 гадоў.

Словам, аплявухі сыплюцца адна за другой. „Няпруха!..”

Вядома ж, хутчэй за ўсё гэтыя гісторыі скончацца так : з Турцыяй на памідорах усё і скончыцца, нягледзячы на грозныя словы;  бунт дальнабойшчыкаў будзе падаўлены подкупам, засланымі правакатарамі, і,вядома ж, сілавікамі. Расследаванне Навальнага будзе пакінута без усялякіх наступстваў – ну, у горшым выпадку заменяць генпракурора, дык колькі іх ужо мянялі!

І ўсё застанецца як было.

Але застануцца і трэшчынкі ў падмурку…

Алег Аблажэй
Беларускае Радыё РАЦЫЯ