Бетон



Аднойчы польскія сябры зладзілі нам экскурсію да Wolfschanze, „Воўчага логава” Гітлера. Уразіла якасць бетону, з якога быў адліты гэты бункер, – здавалася, яго не можа пабурыць ніякая сіла. Цвёрды, як дыямент, гладкі, бы адпаліраваны, нават лішайнікі і мох да яго не прыставалі. Фюрэру, праўда, гэта не дапамагло.

А мне падумалася – што на свеце ёсць рэчы, яшчэ больш трывалыя, чым гэты бетон. Адна з іх – чалавечае глупства, супраць якога, здаецца, няма сродкаў. Напрыклад, колькі ўжо пісана – перапісана пра астралогію – і што на справе не існуе ніякіх сузор’яў, такімі яны выглядаюць толькі з Зямлі, і што ніякіх дзеянняў на людзкія лёсы яны не аказваюць. Аднак жа астролагі гора не ведаюць па гэты дзень, нягледзячы на ідыятызм іхніх „прароцтваў”.

Славуты Павел Глоба прадказваў, што Расея, Украіна і Беларусь „зліюцца ў адзіным славянскім моры”. Як Расея і Украіна „зліваецца” ў братэрскай любові з Украінай, вядома. І што – людзі па-ранейшаму сочаць за гараскопамі, вераць ім… А колькі яшчэ прыкладаў веры ў самыя неверагодныя глупствы?

Яскравым  прыкладам з’яўляецца віленская гісторыя з „дамкамі”, якая даўно ўжо абрыдла, навязла ў зубах, але ўсё ніяк не канчаецца. Я доўга думаў – якія ж патаемныя пружыны, матывы, выклікалі гэты канфлікт. Адзін з асноўных, калі не галоўны, – зайздрасць шэрай бяздарнай молі да асобы шырокай, гасціннай, паспяховай. Гэтых якасцяў былому старшыні ТБК Хведару Нюньку не даравалі ніколі. А грамада ўсё гэта ўспрыняла безкрытычна таму, што большасць людзей вельмі неахвотна думае, супастаўляе факты.

Паспрабуйма ж „уключыць галаву” і задаць простыя пытанні тым, хто ўсю гэту кашу заварыў.

Яны цвердзяць, што беларусам належалі ўсе тры дамкі. Паверым, хоць гэта і цяжкавата. У свой час Сойм Літвы прыняў закон аб вяртанні ўласнасці нашчадкам тых, у каго яна была канфіскавана пры Саветах. Бацькі вядомага віленскага паэта Рамуальда Мячкоўскага мелі некалькі гектараў зямлі ў вёсцы Пашылайчы, дзе цяпер збудаваны аднайменны мікрараён. Пан Рамуальд з братам сем гадоў судзіўся за вяртанне надзелу. Урэшце ім выдзелілі 1 (адзін!) квадратны метр зямлі на месцы былой гаспадаркі…

А тут беларусам адным росчыркам пяра, без усялякіх судоў, і нават без адпаведнага закону, перадаюць не проста пустую дзялку ў цэнтры горада, а разам з забудовамі, у якіх жывуць людзі! Што ж гэта за такія беларусалюбы прабраліся ў віленскія ўлады?

Добра, аддалі дык аддалі. Паверым. Але які ж тады стаўся статус жыхароў? Або ім дзяржава была абавязана выдзеліць новыя кватэры, або яны павінны былі заключыць дамовы аб арэндзе з новым уласнікам, Таварыствам беларускай культуры. Але ж нічога падобнага і блізка не было. Людзі жылі сабе, як жылі. І настолькі не падазравалі, што іх дамы „належаць” нейкім беларусам, што ў адным з іх жыхары зрабілі рамонт, і не абы які, а капітальны, замянілі дах, выбраўшы найбольш дарагі на той час варыянт з фінскай металачарапіцай. Стаў бы хтось так рупіцца чужой маёмасцю? І ці ж не дзіўна, што арганізацыя, якая здае жыхарам паўтара дома, не мае грошай памяняць унітаз ва ўласным памяшканні?

Ідзём далей. Выказваецца думка, як трэба было вырашыць усе праблемы – прадаць маёмасць на Жыгіманту за рэальны кошт, і гэтых грошай хапіла б не на адну кватэру, як на Бролю, а прынамсі на тры такія.

Так здарылася, што мы пра тагачаснае становішча на рынку нерухомасці ведаем з першых рук. Мы, дзве сям’і, жылі тады ў двухпакаёвай кватэры ў мікрараёне Шашкіне. Пяць чалавек на такой прасторы – цесна. Каб размяняць на дзве аднапакаёўкі, сродкаў не было, даплата патрабавалася немалая. І ўзнікла ідэя – прадаць кватэру, і на гэтыя грошы купіць дамок, хай сабе без выгодаў, але прастарнейшы. Як шукалі – асобная гісторыя, якую цікава апавядаць пры чарцы, а тут шкода месца. Былі ўсялякія прыгоды, але ўражвала мноства варыянтаў. Каб не займаць шмат часу, адразу скажу, што ў 1997 годзе можна было прыдбаць за двухпакаёвую кватэру ў блочным доме, ад якога 40 хвілін язды да цэнтру. Прыдбалі ж мы за кошт гэтай кватэры ў раёне Павільніс, што 7 хвілін ад Вострай Брамы, двухпавярховы цагляны дом (па два пакоі з кухняй на кожным паверсе), які стаяў на дзялцы, дзе быў мураваны гараж, велізарная цяпліца з металаканструкцый, сад. Вядома ж, прыбіральня была тыпу „С”, і на вуліцы. А грошай хапіла яшчэ й на тое, каб купіць суседнюю дзялку з садам і маленькім дамком!

Такія тады былі суадносіны коштаў прыватных дамоў і кватэраў. Фантастыка, але так было. Тое, што можна было азалаціцца, прадаўшы нежылую руіну, хай сабе і ў самым цэнтры, – мякка кажучы, хворая фантазія. Такіх „дамкоў”, і ў значна лепшым стане ў Вільні тады было, і ёсць дагэтуль, безліч. Гэта цяпер, калі разгарнулася масавая будоўля, на авансцэну выйшлі буйныя будаўнічыя фірмы, што распараджаюцца саліднымі капіталамі, кошты на дзялкі, „дамкі” іх не цікавяць, узляцелі пад нябёсы. Дзялку з дамком у Павільнісе мы купілі за 3000 даляраў, сёння ідэнтычная суседняя каштуе ўжо 60 000 „зялёных”!

Але што, ТБК мела сядзець на вуліцы і чакаць, пакуль вырастуць кошты? Ды за гэты час ці не трэць старэйшых сяброў перабралася ў іншыя, вечныя, кватэры…

Цяпер давайце зірнём, як жа распарадзілася маёмасцю на вул. Бролю новая, высокамаральная Рада ТБК. Найперш яны выкінулі з статуту арганізацыі пункт аб забароне камерцыйнай дзейнасці. І пераўтварылі сядзібу ТБК у нешта сярэдняе паміж савецкай камуналкай і горкаўскай начлежкай. Усюды, дзе толькі можна, стаяць ложкі. Вядома ж, ніякіх імпрэзаў тут больш не адбываецца, шараговым сябрам ТБК рабіць тут няма чаго. Але і жадаючых жыць ва ўмовах такой казармы няшмат. Новых гаспадароў можна зразумець – у Вільні за камунальныя паслугі ў чатырохпакаёвай кватэры, асабліва халоднай зімой, прыходзяць такія рахункі, што валасы ўстаюць дыбам. Як яны выкруцяцца з аплатай – пытанне.

Але ж гэтыя людзі пераконваюць нас, што, маючы гэткія самыя ўмовы, але яшчэ і ладзячы сустрэчы, імпрэзы, многія са славутай „чаркай і скваркай”, перадаўшы маёмасць без адзінага цэнта доўгу, былы старшыня здолеў яшчэ й нейкім чынам на гэтай справе зарабіць для ўласнай кішэні больш як 32 000 еўра!

Вы ўсё яшчэ ў гэта верыце?

Бетон…

Алег Аблажэй
Беларускае Радыё РАЦЫЯ