Памяць і бяспамяцтва



У Гародні зноў былі прысуджаны велізарныя штрафы мясцовым актывістам толькі за тое, што яны ўшанавалі памяць змагароў за Беларусь. Адзін з удзельнікаў акцыі пракаментаваў гэта так: памяць пра змагароў будзе вечнай, а пра тых, хто займаецца цяпер рэпрэсіямі, гадоў праз пяць ніхто і не ўспомніць.

Гэта думка выдаецца правільнай толькі на першы погляд. У яе мусяць быць унесены карэктывы.

У Польшчы падчас „ваеннага стану”, калі „Салідарнасць” была загнана ў падполле, мясцовыя міліцыянты любілі гульню, якую самі ж здзекліва называлі „сцежка здароўя”. Выглядала гэта так – паабапал лесвіцы выстройваліся „праваахоўнікі” з гумовымі дручкамі, а арыштаваны апазіцыянер мусіў бегаць уверх – уніз пад градам удараў.

Як вядома, справа скончылася перамогай „Салідарнасці”, і ў Польшчы ўсталяваўся дэмакратычны лад. Але прайшло нямала часу, перш чым спахапіліся – дык жа тыя, хто ў свой час біў людзей гумовымі палкамі, цяпер атрымліваюць пенсіі, у разы большыя, чым людзі, якіх яны білі! Здаецца, гэту несправядлівасць цяпер выправілі, але што было, тое было.

Вось што значыць „забыцца” пра тых, хто здзяйсняў рэпрэсіі. Не, іх усіх трэба добра запомніць. Каб яны ўжо цяпер ведалі – пры новай уладзе ім не свеціць кар’ера вышэй дворніка, а іх пенсія будзе толькі сацыяльнай, як у бамжа. А для гэтага трэба ўжо цяпер фармаваць агульнадаступную Чорную кнігу рэпрэсій, дзе паіменна будуць пералічаны ўсе тыя, хто цяпер імі займаецца. Прычым у многіх выпадках з уласнай ініцыятывы.

Тое, што адбываецца за ўсходняй мяжой, сведчыць – мы жывём напярэдадні вялікіх пераменаў. Пераменаў, якія будуць нечаканымі для правых і левых, вярхоў і нізоў.

Расейская недаімперыя прагніла ўжо да такой ступені, што яе далейшае існаванне робіцца немагчымым. Здавалася, галоўнай сенсацыяй апошняга часу стане расследаванне Аляксея Навальнага, дзе былі паказаны повязі сям’і Генеральнага пракурора Расеі з бандытамі. Высветлілася, што і гэта не ўсё. Дзевяць гадоў іспанскія следчыя расследавалі дзейнасць і сувязі расейскай мафіі ў Іспаніі. Аказалася, што не хто іншы, а сам генерал Бастрыкін, старшыня Следчага камітэта Расеі, – стаўленік мафіі. Якога ў гэтым асяроддзі пяшчотна звалі „Саша”, і ён у свой час у знак удзячнасці да сваіх прыхільнікаў, „накрываў ім паляну”…

Куды ўжо далей? Гэта крайняя ступень распаду і дэградацыі дзяржавы. Так бывае толькі перад канцом. А калі абрынецца маскоўскі рэжым, менскі марыянетачны таксама доўга не праіснуе.

І мы павінны памятаць, хто  на якім баку, і за што змагаўся.

Каб адпаведныя ўзнагароды знайшлі сваіх герояў.

Алег Аблажэй
Беларускае Радыё РАЦЫЯ