Рубікон



Савецкая ўлада любіла красамоўна апавядаць пра росквіт нацыянальных культур пад яе кіраўніцтвам. Вядома ж, ніякі не сакрэт, што пад прыкрыццём гэтых прыгожых фраз вялася і адкрытая, і паўзучая русіфікацыя. і ўсё ж нешта рабілася і ў добрым кірунку. Былі яшчэ, прынамсі, у вёсках, беларускія школы (я сам меў шчасце такую скончыць, і захаваў пра яе не найгоршыя ўспаміны). Было беларускае радыё, выдаваліся беларускія газеты, часопісы і кнігі. Толькі ў Наваградку, невялікім горадзе, былі дзве кнігарні, спрэс застаўленыя беларускай літаратурай. Вядома, не ўсе тварылі на ўзроўні Караткевіча і Быкава, але пісаць па-беларуску не было сорамна. Існавала літаратурная крытыка, даследаваўся фальклор. А што зрабілі для беларушчыны адны толькі „Песняры”, і дагэтуль не асэнсавана як след.

Вядома ж, Масква, і яе верны і адданы слуга Машэраў, коса глядзелі на гэтыя працэсы, але адкрыта пайсці супраць „ленінскай нацыянальнай палітыкі” не адважваліся.

І вось настаў момант, калі ўсе маскі, усё крывадушнае слоўнае шалупінне рэзка адкінута. Уладар Крамля адкрыта сказаў, што Ленін „падклаў бомбу” пад СССР сваімі ідэямі аб праве нацый на самавызначэнне ды стварэннем „саюзных рэспублік”.

І азваліся падбрэхічы – ужо нават „трыадзіны народ” аб’яўлены крамолай. Няма ніякага „трыадзінага”, а толькі „единый и неделимый русский народ”. І трэба прыкласці ўсе намаганні, разгарнуць „мощную” прапаганду, каб усім гэтым так званым „беларусам” стала сорамна належаць да нейкага мізэрнага самазванага племені, а быць часткаю велічнага „русского мира”.

Утварыўся нават адмысловы камітэт, які будзе гэтым займацца, у які ўвайшлі, сярод іншых, ваенны злачынец Стралкоў-Гіркін, пісьменнік-парнограф Лімонаў, інтэрнэт-пагромшчык Прасвірнін… Фігуры аднак не дужа значныя, гэта вам не тое, што Ленін ды Сталін, а нават і не Мураўёў-вешальнік.

Але ж і становішча іншае. Беларушчына выпалена амаль датла. Ні паўстанцам, ні касінерам, няма адкуль узяцца. Вёска, гэты апошні агмень беларускасці, спрэс русіфікавана.

Нядаўна быў на адным семінары недзяржаўных беларускіх суполак. Шчупленькія хлапцы і дзяўчаты, якія амаль нічым не розняцца міжсобку. Ці не траціна ў модных кілаграмовых, на паўтвару, акулярах. Цененькія ножкі, абцягнутыя аднолькавымі джынсікамі колеру бруду. Так, гэта не адкормленыя дубаломы-амонаўцы ў плямістай форме. Але менавіта гэта з выгляду кволая моладзь – апошні шанец Беларусі. Менавіта ім наканавана стаяць на беразе Рубікона, – і, або выстаяць і перамагчы, і адрадзіць Беларусь, або – згінуць.

І прыхадні іх баяцца. І ўжываюць супраць іх усе даступныя ім метады, самыя нягодныя і „гібрыдныя”. У ход ідзе ўсё – рэпрэсіі, паклёп, ачарненне…

Але гэта ўжо тэмы для наступных допісаў. Жыццё, на жаль, падкідвае ўсё новыя і новыя факты…

Алег Аблажэй
Беларускае Радыё РАЦЫЯ