Стратэгія сніткі



„Не – е – е ! Быць таго не можа, звяду я гэту траву!” – чуўся голас суседкі, якая шчыравала на сваёй дзялцы з рыдлёўкай, віламі і граблямі.

І праўда – неўзабаве паверхня зямлі зрабілася стэрыльнай – роўнай, пушыстай, ідэальна вычышчанай ад усялякай расліннасці. А ўсе выкапаныя карэнні ўрачыста спалены.

А праз некаторы час я пачуў праз вакно бурны паток ненарматыўнай лексікі – суседка гаротна глядзела на свае грады, дзе гарэзліва павылазілі зялёныя язычкі. Снітку – а гэта й была тая трава, – перамагчы практычна немагчыма. Дастаткова амаль нябачнага воку кавалачка кораня, каб з яго вырасла новая расліна.

Як вядома, паэты апелі і выбралі сімвалам Беларусі васілёк. Што ж, кветка яркая,адметная, і вяночкі з яе прыгожыя. Але я б выбраў сімвалам Беларусі якраз непрыкметную снітку.

Беларусь – гэта не крэпасць. Гэта луг, які выкошваюць, вытоптваюць, дратуюць, — а ён усё роўна адрастае і зелянее. І ў першую чаргу расліна снітка. Яна такая ж сціплая, непрыкметная і стойкая, як беларусы. Нічога напаказ – хоць карысных якасцяў у яе нямала – яна і ў ежу гадзіцца, і крыніца вітамінаў, і немач розную лечыць. Так, як беларусы, не лезе на першае месца, дзе ёсць вольны лапік, там і расце. Але і за сябе пастаяць можа – ніхто ж яе не палівае, не даглядае, а глядзіш – летам кожны лужок, кожны ўскраек лесу як бы пакрываецца белымі воблачкамі, якія злёгку пахнуць мёдам, – гэта снітка расцвіла. Любяць яе мушкі, пчолкі, чмялі – а чалавек або не звяртае ўвагі — у нас яе ўвогуле звалі проста маркаўніком, або спрабуе змагацца. А са сніткай трэба сябраваць, вучыцца ў яе, як выжываць у самых неспрыяльных, варожых умовах.

Бо менавіта цяпер для Беларусі настаў ці не самы крытычны за ўсю яе гісторыю момант. Лёгка ніколі не было – заваёўвалі і выразалі, выпальвалі і руйнавалі, даводзілі, што такога народа, як беларусы, увогуле не існуе… І ўсё ж Беларусь датрывала да нашых дзён. Датрывала, але ў якім стане – што ні вазьмі, усё чыстая фікцыя – „незалежнасць”, „рэспубліка”, „выбары”, і гэтак далей. „Вы ўжо ў мяшку, засталося толькі завязаць!” – казаў у 1940 годзе майму бацьку нейкі „чырвоны камісар”.

На што ж нам цяпер абаперціся? Нашы гістарычныя сімвалы загнаны ў падполле, мова занядбана, карыстаюцца ёю нешматлікія энтузіясты, якія нават паміж сабой не могуць дамовіцца, якой граматыкай карыстацца – гэта ў ХХІ стагоддзі!. Самыя выдатныя дзеячы або ў турмах, або ў выгнанні, або пад пагрозаю таго ці другога. Войска ў нас чужое, не гаворачы ўжо пра органы бяспекі, якія выконваюць ролю злейшага ворага Беларусі.

Урад, міліцыя, – што там казаць, усім вядома, чые правы яны бароняць. І, ўрэшце, нязменны і непераможны, як Кашчэй, антыбеларускі „прэзідэнт”.  Ды яшчэ пасля украінскай трагедыі стала зразумела – у разе чаго па вялікім рахунку ніхто не прыйдзе на дапамогу, ніякі Захад, ніякае НАТО. Ды нас і акупаваць не трэба – мы даўно ўжо акупаваныя, заглынутыя. Ідзе працэс пераварвання, стрававання.

„Мы тожа рускія, тока са знакам качаства”, – такую думку, нібы чып, намагаюцца ўжывіць у мазгі кожнаму беларусу.  Іншым народам, напрыклад, палякам,магутным рычагом адраджэння служыла хрысціянства. Нас жа хрысціяне спрадвеку разрывалі на „рускіх” і „палякаў”. Цяпер, праўда, з’явіўся слабы струменьчык беларускамоўнага хрысціянства, – але менавіта струменьчык, і гэтым усё сказана.

Дык што ж рабіць, калі апускаюцца рукі і затуманьваецца, гасне позірк?

Спакойна падлічыць, узважыць,як на папялішчы, што засталося, з якіх карэньчыкаў можа адрасці і зазелянець наша Беларусь.

Так, мы практычна страцілі мову і самасвядомасць – але не свае нацыянальныя рысы, працавітасць, і нават тую ж славутую памяркоўнасць.

Няма ў нашым народзе тупой і дзікай агэсіўнасці, прагі да чужога, як у так званага „старэйшага брата”.Няма й не было хваробы месіянства, як

у ва ўсходніх і заходніх суседзяў. Яшчэ не страчана й гаспадарлівасць — далі б ёй толькі разгарнуцца!

А часы насоўваюцца грозныя. Зусім не выключана, што незалежнасць давядзецца адстойваць са зброяй у руках. Але на дадзены момант ёсць у Беларусі для крамлёўскіх імперцаў вораг страшнейшы „шахіда” з выбухоўкай. Вораг гэты — настаўнік з падручнікам беларускай мовы.

Беларуская мова, гістарычная памяць, самасвядомасць — наша магутная зброя, легальная, пры гэтым. Пакуль што, трэба дадаць. Бо калі ўкраінцы, што гавораць на роднай мове, сталі „фашыстамі”, то й нас не пашкадуюць.

Мы бачым, як расейская агрэсія абудзіла і згуртавала ўкраінцаў. Чаго ж чакаць нам — абуджэнне беларускай свядомасці – першачарговая задача.

Мы не ў стане, як нашы продкі пад Воршай, перамагчы ворага ў адкрытай бітве. Але мы можам і павінны прарвацца, прарасці праз чужынскі

бетон, як тая снітка, выкарыстоўваючы любую трэшчынку, любую прарэшыну.

Усё можа змяніцца раптоўна і нечакана. Крамлёўскі монстр не такі ўжо ўсясільны, якім хоча здавацца. Нядаўні Марш міру паказаў, што

далёка не ўсе заражаны імперскім вірусам. А арышт аднаго з самых буйных мільярдэраў распачаў працэс узаемапажырання крамлёўскай эліты.

Але нашы справы за нас ніхто не зробіць. Так, мы шмат займаліся і асэнсоўвалі ўласную гісторыю. Але пара галоўны вектар мыслення

скіраваць не ў мінулае, а ў будучыню. А для гэтага – вучыцца ў суседзяў. Не нам першым наканавана адраджацца практычна з нуля. Хто цяпер памятае, што не так ужо й даўно фінаў грэбліва называлі „ўбогімі чухонцамі”? Чаму ж мы зусім нічога не ведаем пра тое, як яны дасягнулі сённяшняга ўзроўню? Чаму няма не тое што грунтоўнага даследавання, а нават артыкулаў на гэту тэму? Сваю гісторыю мы збольшага ведаем. Пара брацца за гісторыю Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі.

Не трэба траціць надзеі. У нас падрастае таленавітая і баявая моладзь, новыя сілы ў літаратуры і ў мастацтве. Гэта – будучая эліта нацыі.

Успомнім, што зрабіў для сваёй Калумбіі адзін – адзіны чалавек, якога звалі Габрыэль Гарсія Маркес!

А для адраджэнскай справы няма дробязяў – усё істотна : беларуская песня і вышыванка, прыгожая дзіцячая кніжка, беларуская этыкетка на бутэльцы і пачку запалак, і так далей, і так далей.

Беларусь жыла, жыве і будзе жыць. Нашай, а не чыёй іншай воляй і працай.

 

Алег Аблажэй
Беларускае Радыё РАЦЫЯ