Своечасовыя кнігі



 Так атрымалася,што толькі цяпер я пазнаёміўся з творамі Віктара Казько, – у „Дзеяслове”,  і ў зборніку „Час збіраць косці”. Даўно не даводзілася чытаць такой насычанай, багатай сэнсамі і адценнямі прозы. Не скажу, што я надта абазнаны з сучаснай беларускай лтаратурай, але, здаецца, як стыліст, Віктар Казько не мае сабе роўных. Гэтыя тэксты можна параўнаць толькі са старым, добра вытрыманым віном.
Аднак найбольшае ўражанне на мяне зрабіла аповесць „І нікога, хто ўбачыць мой страх”. Сюжэт яе просты – стары Майстар (мы так  і не даведваемся, у якой галіне культуры ён дзейнічаў), абсыпаны ўзнагародамі і адзначэннямі, але ўжо цяжка хворы, рыхтуецца да свайго юбілею. І падводзіць вынікі свайго жыцця, як бы пражывае яго нанова. І справаздача гэта нярадасная, яна становіцца хронікамі распаду, дэградацыі, змагання з самім сабой. Усё апісана аўтарам так пераканаўча і наглядна, што гэта жыццёвая трагедыя няўзнак, бы туман, абступае цябе самога, паглынае і тваю, чытача, натуру.
Ачомаўшыся ад такога цяжкога ўражання, мне падумалася – вядома, добра, што такая аповесць з’явілася менавіта цяпер, як разлічэнне з мінулай эпохай, дыягназ, прысуд. Ды яшчэ так па-майстэрску напісаны. Але як жа хацелася б сёння прачытаць і нешта іншае – што  давала б надзею, мабілізавала да дзеяння, бадзёрыла, заклікала да барацьбы. Прачытаць пра героя, які быў бы ідэалам, узорам для многіх.
Але такія кнігі нельга замовіць. Для іх з’яўлення патрэбна супадзенне як жа многіх фактараў – выдатнага таленту, патрабаванняў часу,  і шмат чаго яшчэ. Гэткія кнігі нібы крышталізуюцца з насычанага раствору эпохі. Так узніклі ў свой час „Трылогія” Сянкевіча, „Новая зямля” Коласа, „Спартак” Джаваньёлі, „Каласы пад сярпом тваім”, кнігі Васіля Быкава. Нялішне ўспомніць, якую верную службу саслужыў камуністычнай
ідэі раман Мікалая Астроўскага „Як гартавалася сталь”.
Але паўторымся яшчэ раз – на ўзнікненне такіх твораў практычна нельга паўплываць звонку, пакуль нейкая таямнічая сіла не скажа аўтару, напрыклад – „Сядзь  і пішы!” – і на паперу выліваюцца радкі – „Магутны Божа…”, радкі простыя і геніяльныя, якім наканавана вечнае жыццё.
Затое кнігі, аб якіх гаворка пойдзе ніжэй, не толькі можна, але і трэба пісаць на патрэбу, на замову,  – і як найхутчэй.
Ці варта паўтараць у соты раз, што ў наш час беларусы, як нацыя, апынуліся на шляху ў нябыт, на мяжы знікнення. Але такое было не толькі з намі. І іншыя народы гэты крызіс паспяхова пераадолелі на зайздрасць іншым. Амаль з нуля, з поўнага ўпадку адрадзілася анямечаная Чэхія. Фіны, якіх у Расейскай імперыі грэбліва звалі „убогімі чухонцамі”, не толькі адрадзілі сваю мову і культуру, але і эканамічна пакінулі далёка ззаду сваіх былых прыгнятальнікаў.
Дык вось і трэба вывучаць досвед нашых паспяховых суседзяў, вывучаць грунтоўна, падрабязна, каб лішні раз не вынаходзіць веласіпед. І гэта задача нашых гісторыкаў і публіцыстаў – стварыць кнігі пра адраджэнне суседніх народаў, кнігі, якія нам цяпер патрэбны, як жыццядайнае паветра, як інструкцыя да дзеяння. Трэба толькі некалькі энтузіястаў, а чэхі і фіны дапамогуць, у гэтым няма сумнення. Бо маюць чым ганарыцца, а ў такім стане людзі ахвотна дзеляцца  здабыткамі.
То до працы, шаноўныя калегі!
Алег Аблажэй
Беларускае Радыё РАЦЫЯ