Як з гуся кампрамат?..



Ва ўсім свеце скандал з Panama papers нарабіў нямала  шуму. Прэм’ер-міністр Ісландыі быў вымушаны сысці ў  адстаўку, многія высокапастаўленыя дзеячы, сярод іх Дэвід Кэмеран і Пятро Парашэнка мусілі доўга апраўдвацца перад сваімі грамадзянамі. Распачаліся новыя, больш падрабязныя расследаванні выпадкаў „адмывання” вялікіх  капіталаў і ўхіленняў ад выплаты падаткаў у сваёй  краіне.

Адзначылася і Расея – рэпрэсіямі супраць журналістаў „Новай газеты”, якія прымалі ўдзел у панамскім  расследаванні, і канала РБК Міхаіла Прохарава, які, на думку ўладаў, няправільна асвятляў падзеі.

Імя Пуціна не ўзгадвалася ні ў адным дакуменце. Але ж варта ўспомніць, што зусім нядаўна з’явіўся фільм Бі-Бі-Сі  пра каламутныя акалічнасці жыцярысу расейскага лідара, фільмы і іншыя матэрыялы  пра бліжэйшых паплечнікаў Пуціна – пракурора Чайку і ягоных дзетак, паказаны палацы міністра абароны Сяргея Шайгу,  галоўнага чыгуначніка краіны Уладзіміра Якуніна, і іншых, у тым ліку засакрэчаных дачок самога прэзідэнта. І што? А нічога. Увесь гэты паток кампрамату з іх, як з гуся вада. У любой іншай цывілізаванай краіне гэта прывяло б да маштабных скандалаў, адставак і  судоў.  Тут жа – практычна нуль рэакцыі.

Не абураецца і  насельніцтва. Такія расейскія традыцыі  –  улада павінна быць моцная, жорсткая і дазваляць сабе ўсё. Паводле летапісаў, Лжэдзмітрый І якраз і пагарэў на тым, што нікога не пераследаваў, не катаваў і не сек галовы. Адразу стала зразумела – такі цар несапраўдны!

Больш двух дзесяцігоддзяў  мы назіраем, як усеўладдзе і ўседазволенасць, якімі карыстаюцца абодва апошнія дыктатары Еўропы, ператвараюць жыццё сваіх народаў у абсурд. Усё падменена фікцыяй – выбары, суды, інфармацыйная палітыка. Ім, дыктатарам, можна ўсё – таптаць уласныя Канстытуцыі, бясконца і нахабна ілгаць сваім грамадзянам, абкрадваць іх, прысвойваючы не толькі фінансы, але і будучыню, перспектывы.

І ўсё ім зыходзіць з рук. Разбэшчвае і натхняе на новыя крокі ў гэтым жа кірунку. Бо за імі – сіла, карныя і рэпрэсіўныя органы, а на службе ў іх легіёны прадажных прапагандыстаў, гатовых апраўдаць любы ўчынак уладаў.

На дадзены момант міжнародная супольнасць не мае дзейсных сродкаў уплыву на дыктатарскія рэжымы. Успомнім, як беспакарана Пол Пот вынішчаў народ уласнай краіны. Як Муамар Кадафі ўзяў у закладніцы ні ў чым не вінаватых балгарскіх медсясцёр. Фідэль Кастра без перашкодаў ператварыў свой „Востраў Свабоды” у незатапляльную турму. А Паўночная Карэя, над якой здзекуецца ўжо трэцяе пакаленне сямейкі Кімаў.

Што ўжо казаць пра шматлікія ісламскія і зусім людажэрскія афрыканскія рэжымы.

Вядома, выкарыстоўваюцца  розныя санкцыі, але іх дзеянне  мінімальнае, бо на жыццёвы ўзровень тых, хто мае ўладу, яны маюць невялікі ўплыў. А замбаваныя прапагандай „масы” ва ўсім вінавацяць замежных і ўнутраных „ворагаў”.

Найбольш яскравы выпадак сваволі Крамля – гісторыя Надзеі Саўчанкі. Выкрасці жанчыну, афіцэра Узброеных Сілаў суседняй краіны, судзіць яе за тое, што яна выконвала свой доўг, баронячы Айчыну ад агрэсара. Прысудзіць нялюдскі тэрмін зняволення, 22 гады, нягледзячы на шматлікія пратэсты і звароты самых вядомых і ўплывовых дзеячаў планеты, – ці  ж гэта не дастаўляе садысцкае задавальненне недамерку, якога не так даўно ўласныя калегі  звалі за вочы „Моллю” і „Акуркам”…

Што рабіць, дзе выйсце з гэтай сітуацыі, не ведае ніхто. Усё часцей і часцей у тэкстах нешматлікіх апазіцыйных дзеячаў мільгае думка, што спадзявацца застаецца толькі на ўсемагутнага „дэмакратызатара” з пустымі вачніцамі і касой у касцістых руках…

Сумная перспектыва.

Алег Аблажэй
Беларускае Радыё РАЦЫЯ