Чарговая правакацыя ў Менску



Аўтакалона актывістаў расейскай арганізацыі «Национально-освободительное движение» (НОД) праехала ўвечары 18 верасня праз цэнтр Менска.

Аўтамабілі, аздобленыя партыйнай сімволікай і сцягамі, георгіеўскімі стужкамі і выявамі Уладзіміра Пуціна, без перашкод праехалі праз увесь горад.

Гэтай вясной, у гонар далучэння Крыма да Расеі, арганізацыя абвясціла аўтапрабег «Вялікая Расея», мэта якога — збор гуманітарнай дапамогі жыхарам акупаваных Расеяй Данецкай і Луганскай абласцей Украіны з наведваннем «святых месцаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы нашага рускага/савецкага/расейскага народа па абароне суверэнітэту Айчыны».

Наколькі вядома на сенняшні момант, правакатары прыехалі ў Беларусь інкогніта. Прынамсі, першапачаткова яны не абвяшчалі Менск у якасці аднаго з пунктаў для наведвання. Фармальна ўдзельнікі адмаўляюць палітычны чыннік свайго візіту ў беларускую сталіцу. Алё ё колькі момантаў, якія дазваляюць сцвярджаць, што ў дадзеным выпадку мы маем справу менавіта з палітычнай і медыйнай правакацыяй.

Па-першае, НОД – гэта палітычная структура, якая часта выкарыстоўвалася Крамлем дзеля супрацьдзеяння расейскім дэмакратам, у тым ліку – і з ужываннем гвалту. Без аніякіх юрыдычных наступстваў. То бок НОД падкантрольны расейскім ўладам і з вялікай верагоднасцю патрануецца расейскімі спецслужбамі. А таму і самастойнасць гэтай арганізацыі пад вялікім пытаннем.

Па-другое, НОД – структура маргінальная. Нават па расейскіх мерках гэта дно. Такой колькасці адкрыта псіхічнанеадэкватных людзей, мабыць, няма ні ў воднай іншай расейскай арганізацыі. Ідэалогія НОДа – гэта дзікая сумесь сталінізму, праваслаўнага фундаменталізму, антыамерыканізму. І шчырай любові да Уладзіміра Пуціна. Пра псіхічны стан шэраговых чальцоў арганізацыі можна судзіць па выказваннях ейнага лідара: Яўген Фёдараў сцвярджаў, што культавая рок-кампазіцыя савецкіх часоў аўтарства Віктара Цоя “Мы ждём перемен” была напісаная пад ўздзеяннем ЦРУ. Уплыў НОДа на расейскую палітыку па факте нулявы.

Па-трэцяе, НОД актыўна вербаваў і накіроўваў баевікоў на ўкраінскі Данбас.

Па выніку маем: маргінальная малаўплывовая расейская палітычная структура, схільная да гвалтоўных дзеянняў, праводзіць у цэнтры горада сваю акцыю без ўзгаднення з беларускімі ўладамі, праехаўшы пры гэтым праз палову краіны.

Аляксандр Рыгоравіч, вы там сапраўды кантралюеце абстаноўку? Хто наступным разам і што правядзе ў Менску? Дзе былі шматлікія пасты ДАІ на шашы Берасце-Масква і на менскіх праспектах?

Адказ на гэтыя пытанні для знешніх назіральнікаў будзе вельмі простым: Лукашэнка не кантралюе беларускія сілавыя структуры, беларускія сілавікі настроены прамаскоўскі. І калі раней расейскія спецслужбы рабілі што хочуць у Гомелі, скраўшы ўкраінца Паўла Грыба, то зараз Масква прадэманстравала, што менскія ўлады настолькі слабыя, што нават расейскія маргіналы могуць сваволіць у беларускай сталіцы.

Дарэчы, гэта не першая правакацыя такого кшталту. Нагадаю, што ў лютым бягучага года пасля заканчэння перамоваў па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны чацвёра невядомых пачалі выкрыкваць абразы на адрас прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, скандаваць «Данбас — у склад Расеі». Таксама яны раскідалі ўлёткі з заклікам да кіраўніцтва Расеі спыніць перамовы з Украінай і накіраваць войскі ў Данецкую і Луганскую вобласці Украіны. Пазней высветлілася, што хуліганы былі актывістамі іншай маргінальнай групоўкі з Расеі – нацыянал-бальшавікоў. А адбывалася ўсё ў “Прэзідэнт-гатэлі”. Які месціцца насупраць працоўнай адміністрацыі А. Лукашэнкі. Службу бяспекі гатэлю ўзначальвае былі міністр ўнатраных спраў Беларусі. Правакатары таксама сышлі беспакаранна.

Беларускія ўлады любяць размаўляць пра сваю суверэннасць і самастойнасць. Можа, настаў час не толькі словы казаць, але і справы рабіць? І калі дацягнуцца да Крамля – рукі кароткія, то хаця б маргіналам-правакатарам адлуп даваць.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ