Беларусь узмацняе кантроль над мяжой з Расеяй



20.10.2017 прадстаўнік МУС Расеі заявіў пра гатоўнасць сваёй краіны ўсталяваць часовыя пагранпасты на мяжы з Беларуссю на час чэмпіянату свету па футболе 2018 года, калі краіны не ўніфікуюць міграцыйнае заканадаўства да сакавіка. Кантроль будзе ажыццяўляцца не толькі на аўтатрасах (што ўжо практыкуецца) але і на чыгунцы. Пры гэтым прадстаўнік расейскага ўрада заявіў пра рост наркатрафіку з Беларусі ў Расею. Пазней Федэральная служба бяспекі Расеі публічна пацвердзіла фактычную забарону перамяшчэння грамадзянаў трэціх краін праз беларуска-расейскую мяжу на сушы. Нагода: няўзгодненасць паміж Расеяй і Беларуссю рэжыму ўезду, выезду і знаходжання грамадзян трэціх краін на іх тэрыторыях. Рэальнай прычынай дзеянняў расейскага боку з’яўляецца спроба прымусу афіцыйнага Менска да стварэння адзінай візавай прасторы. Што на практыцы будзе азначаць адмову Беларусі ад суверэннага права самастойна вызначаць парадак уезду і знаходжання на нацыянальнай тэрыторыі замежнікаў.

Расейскія прэтэнзіі да Беларусі па частцы наркатрафіку выглядаюць дзіўна: гэта Расея для Беларусі з’яўляецца краінай ўвозу наркотыкаў. Акрамя таго, стварэнне адзінага візавага прастору запатрабуе многіх гадоў перамоў. Тое, што расейскі бок ставіць заведама недасяжныя часовыя рамкі сведчыць толькі аб адным: Расея адгароджваецца ад Беларусі і гэта палітычнае рашэнне на вышэйшым узроўні. Наркотыкі і адсутнасць адзінай візавай палітыкі – толькі нагода, але не прычына.

Беларускае памежнае ведамства ўстрымліваецца ад публічных каментароў заяў з Расеі. Але гэта не азначае пасіўнасці.

Так, 2 лістапада ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці ў 300 метрах ад мяжы з Расеяй, супрацоўнікамі органаў памежнай службы Беларусі была спынена спроба незаконнага вывазу лому чорнага металу.

3 лістапада, у памежным Добрушскім раёне памежнікі спынілі незаконны ўвоз тавараў з Расеі ў Беларусь.

У той жа дзень супрацоўнікі памежнага спецназу і Гомельскай памежнай групы ў 12 кіламетрах ад мяжы з Расейскай Федэрацыяй спынілі спробу ўвозу ў Беларусь 120 кг насвая.

На дзеянні расейскага боку, накіраваныя на зніжэнне празрыстасці беларуска-расейскай мяжы, Менск адказвае узмацненнем фактычнага кантролю ў прыгранічных раёнах. Гэта патрабуе дадатковых фінансавых выдаткаў і арганізацыйных намаганняў з беларускага боку. Аднак значна большай праблемай з’яўляецца высокі ўзровень залежнасці насельніцтва мяжуючых з Расеяй беларускіх раёнаў ад гандлёва-эканамічных сувязяў (у тым ліку і нелегальных) з суседняй краінай. У выпадку разрыву якіх сацыяльная сітуацыя можа рэзка абвастрыцца, што пацягне за сабой рост пратэстных настрояў мясцовых жыхароў. Якое знаходзіцца пад расейскім інфармацыйным уплывам і ў большасці сваёй з сімпатыяй ставіцца да Уладзіміра Пуціна і ў значнай меры з антыпатыяй – да Аляксандра Лукашэнкі.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ