Чаму Лукашэнка нервуецца?



Сёння хацелася б працягнуць размову адносна таго, як можа выглядаць умяшанне Расеі ва ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі.

Традыцыйна лічыцца, што Менск – гэта горад з пераважна апазіцыйнымі поглядамі. А правінцыя – апірышча і асноўная крыніца падтрымкі беларускіх уладаў. У адсутнасці палітычнай сацыялогіі даводзіцца апераваць уласнымі назіраннямі.

Беларуская правінцыя жыве не проста горш сталіцы – яна жыве бедна. Гэта следства правалу рэгіянальнай палітыкі ўладаў. Але гэтая беднасць не перашкода для набыцця спадарожнікавых тэлеантэнаў. І ў 90% выпадкаў гэта расейскія сістэмы спадарожнікавага тэлебачання Трыкалор або НТВ +, якія папулярныя з прычыны таннасці і вялікага аб’ёму забаўляльнага кантэнту. Беларусы ў правінцыі ў значна большай ступені жывуць у расейскай інфармацыйнай прасторы, чым сталічныя жыхары. На фоне ўласнай беднасці і нарастаючых сацыяльных праблем яны бачаць Расею, якая паўстала з каленаў, якая ўсіх амаль перамагла пад мудрым кіраўніцтвам Пуціна. На сённяшні дзень не Аляксандр Лукашэнка, а менавіта Уладзімір Пуцін – самы аўтарытэтны палітык у Беларусі.

Паводле маіх асабістых уражанняў, узровень падтрымкі Лукашэнкі ў Менску цяпер значна вышэйшы, чым у правінцыі. Бываючы ў беларускіх рэгіёнах і размаўляючы з людзьмі, магу сказаць, што я даўно не чую ў Менску настолькі жорсткіх выказванняў на адрас Лукашэнкі, як у правінцыі. Прычым людзі рэальна злыя на яго і адкрыта абвінавачваюць у сваіх праблемах.

Гэтая злосць пакуль яшчэ не дайшла да кропкі кіпення, г. зн. рэвалюцыйнай сітуацыі ў палітычным плане, як гатоўнасць выйсці на публічны пратэст, пакуль не вельмі назіраецца. Але людзі гатовыя галасаваць за іншага кандыдата. І людзі хочуць іншага. Стомленасць ад Лукашэнкі з яго гіпертрафаванай цягай да публічнасці ў любой сітуацыі – вялізная.

З’яўляецца ўсё больш ўскосных прыкметаў таго, што ў Беларусі могуць быць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. І гэта дае магчымасць Крамлю пры наяўнасці жадання канвертаваць аўтарытэт Пуціна ўнутры Беларусі ў канкрэтны палітычны праект, які можа дэманстраваць альтэрнатыву Лукашэнку на ўзроўні персанальным. Публічная падтрымка Пуціным альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі можа прывесці да электаральнай мабілізацыі тых, хто ад Лукашэнкі стаміўся. Людзі, асабліва ў правінцыі, убачаць у гэтым магчымасць змяніць сваё жыццё і масава пойдуць на выбары. Сталіца, дзе падтрымка Лукашэнкі вышэй, як звычайна, будзе галасаваць млява. І што горш, наяўнасць кандыдата ў прэзідэнты, які карыстаецца падтрымкай Крамля, можа дэзарыентаваць бюракратычны апарат. І паставіць пад пагрозу функцыянаванне сістэмы фальсіфікацыі выбараў.

У выніку можа скласціся сітуацыя, калі Лукашэнка выбары рэальна не выйграе. Гэта не значыць, што іх выйграе прапуцінскі кандыдат. Але для сістэмы, створанай Лукашэнкам, адсутнасць перамогі ў першым туры азначае амаль паразу. Таму што гэта, з аднаго боку, выкліча мабілізацыю яго праціўнікаў, а з другога, можа пацягнуць поўную дысфункцыю сістэмы дзяржаўнага кіравання.

Таму цяпер Лукашэнка вельмі зацікаўлены ў сустрэчы з Пуціным, каб паспрабаваць гарантаваць яго неўмяшальніцтва ў беларускую палітыку. Пытанне ў тым, што Крэмль захоча ад Менска. Але гэта тэма іншай размовы.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ