Дысцыпліна ў сілавых структурах наводзіцца жорсткімі метадамі



Беларускае кіраўніцтва заклапочанае станам законнасці ў сілавых структурах. І відавочна мае намер вырашаць існуючыя праблемы праз жорсткасць пакарання вінаватых і ідэалагічную апрацоўку.

25 ліпеня судом Барысаўскага раёна разгледжана крымінальная справа па абвінавачванні былога камандзіра 60-га асобнага палка сувязі арміі Беларусі палкоўніка Сяргея Гарадзінскага ва ўтойванні злачынства, здзейсненага ягоным падначаленым. Выракам суда яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады са штрафам і пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Палкоўнік быў узяты пад варту наўпростава ў залі суда.

Гэта не першы выпадак судовага разбіральніцтва па факце парушэння заканадаўства вайскоўцамі за апошнія месяцы. Так, у Гомлі былі асуджаныя вайскоўцы Дзяржпагранкамітэта Беларусі за нестатутныя паводзіны. У красавіку ў суд Барысаўскага раёна былі накіраваны для разгляду яшчэ тры крымінальныя справы ў дачыненні да вайскоўцаў. Адна з іх у дачыненні да афіцэра па факце ўжывання ім гвалту да падначаленых разгледжаная. Абвінавачаны прызнаны вінаватым, вырак – тры гады пазбаўлення волі і пазбаўленне вайсковага звання. У траўні ў Гародне па абвінавачанні ў здзяйсненні вайсковых злачынстваў асуджаныя на 3,5 і 4 гады пазбаўлення волі двое вайскоўцаў беларускай арміі.

Паводле дадзеных судовай статыстыкі, у першым паўгоддзі 2018 года за здзяйсненне вайсковых злачынстваў па крымінальных справах аб нестатутных ўзаемаадносінах ва Ўзброеных Сілах асуджана 28 чалавек, а за ўвесь 2017-ы – 31 чалавек.

З іх 16 чалавек асуджаныя за дзедаўшчыну. Дарэчы, за ўвесь 2017 год па гэтым артыкуле былі асуджаныя толькі 9 чалавек. Дванаццаць чалавек асуджаныя за злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады. Хутчэй за ўсё, гэта афіцэры, якія хавалі дзедаўшчыну. У судах знаходзяцца 12 крымінальных спраў аб нестатутных узаемаадносінах у арміі ў дачыненні да 19 чалавек.

Праблемы дысцыпліны і законнасці ў сілавых структурах Беларусі носяць сістэмны характар. І не могуць быць вырашаныя толькі за кошт ўгавораў або жорсткасці пакаранняў. Неабходны шырокі пералік мер матывацыі (і не толькі матэрыяльнай) сілавікоў да належнага выканання службовых абавязкаў. А таксама змяненне самой культуры кіравання ўнутры сілавых структур і іх адносін з грамадствам. Напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў беларускія ўлады не пойдуць на хоць якую значную трансфармацыю сектара нацыянальнай бяспекі, баючыся незадаволенасці грамадзян прывілеямі сілавікоў і паслаблення сілавых ведамстваў. Асноўны ціск і далей будзе рабіцца на жорсткасць пакарання за парушэнні законнасці і ідэалагічную апрацоўку сілавікоў, што разглядаецца кіраўніцтвам Беларусі як універсальныя інструменты кантролю і кіравання.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ