Галоўны вынік 2017 года: Беларусь губляе Украіну



2017 год быў багаты на падзеі. І пералічваць іх усё – не хопіць фармату праграмы. Таму спынюся на самым галоўным трэндзе, які будзе мець наступствы цягам доўгага часу: беларуска-ўкраінскія адносіны абваліліся ў глыбокі крызіс, выхаду з якога не праглядаецца.

Украіна крытычна важная для Беларусі. Па-першае, Кіеў быў да нядаўняга часу галоўным палітычным лабістам афіцыйнага Менска на Захадзе. Па-другое, на ўкраінскім рынку Беларусь зарабляе грошы. Шмат грошаў. Па-трэцяе, Украіна з’яўляецца важнай крыніцай тэхналогій для Беларусі. Перш за ўсё – авіяцыйных і ракетных.

У Кіеве сцвярджаюць, што Беларусь цалкам перадала Расеі стратэгічную ініцыятыву ў фармаванні архітэктуры бяспекі ў рэгіёне. Менск ў пагоні за ўласнай выгадай пачаў грэбаваць інтарэсамі і наносіць шкоду сваім украінскім партнёрам. Украіна бачыць, што Беларусь атрымлівае выгады эканамічнага, палітычнага і іміджавага характару ад двухбаковых адносінаў.

Але што атрымала Україна? Украінскага тэлеканала ў Беларусі па ранейшаму няма. Нядаўні шпіёнскі скандал б’е па Пятру Парашэнка. Рэгулярныя затрыманні ўкраінцаў у Беларусі ці адмова грамадзянам Украіны ва ўездзе ў нашу краіну. Беларускі бок галасуе супраць праўкраінскіх рэзалюцыяў ў ААН. Матэматыка яўна не на карысць Кіева. Праблема ў тым, што Беларусь і Украіна на сучасным этапе – занадта розныя дзяржавы. Нас ужо больш падзяляе, чым аб’ядноўвае. Прыярытэты П. Парашэнкі, вымушанага забяспечваць баланс інтарэсаў сваёй адміністрацыі, бізнес-груп і грамадзянскай супольнасці, ляжаць у плоскасці нівелявання рэпутацыйных пагроз і атрымання палітычных дывідэндаў. Прыярытэты А. Лукашэнкі – максімальная капіталізацыя свайго транзітнага патэнцыялу і адносінаў з Крамлём.

Ва Украіне лічаць, што Беларусь страціла магчымасць збалансаваць інтарэсы Масквы і Кіева на сваёй тэрыторыі. Пры любых самых цёплых пачуццях Лукашэнкі да Ўкраіны, ва ўмовах расейска-ўкраінскага канфлікту не магчыма захаваць двухбаковыя адносіны як партнёрскія. На ўзроўні сілавых ведамстваў ужо ідзе адкрытае супрацьстаянне. На ўзроўні палітычнай камунікацыі – фактычна «халодная вайна» з рэгулярнымі скандальнымі заявамі ўкраінскіх палітыкаў. А пазітыўная інфармацыйная павестка фармавалася толькі ў ходзе камунікацыі прэзідэнтаў.

У выніку на сённяшні дзень ў Кіеве усё гучней галасы за перанос «Менскай перамоўнай пляцоўкі». Аднак найбольш сумныя наступствы для Беларусі могуць быць на эканамічным трэку. Цэлыя беларускія гарады залежаць ад гандлю з Украінай. Для прыкладу: год таму ў Крычаве на цэментавым заводзе сярэдні заробак быў 350 руб. Зараз, дзякуючы экспарту ва Украіну беларускага цэменту – 800.

Улічваючы фактычную адсутнасць сумесных праектаў на палітычным і дыпламатычным узроўнях, эканамічны трэк становіцца ключавой перамоўнай пляцоўкай і на кон будуць ставіцца бізнес-праекты. Перш за ўсё пацерпяць рынкі канфліктнай групы тавараў (цэмент, соль, будматэрыялы), там дзе беларуская актыўнасць сутыкаецца з інтарэсамі буйных украінскіх бізнес-груп, якія маюць сваё палітычнае лобі. Недружалюбныя паводзіны беларускіх сілавікоў у дачыненні да ўкраінцаў могуць быць выкарыстаны супернікамі П.

Парашэнкі з патрабаваннем увесці эканамічныя санкцыі супраць «саюзніка агрэсара», які праводзіць несяброўскую палітыку ў дачыненні да ўкраінскіх грамадзян. Пры існуючай сітуацыі, для Парашэнкі выбар паміж сяброўствам з Лукашэнкам і ўласнай палітычнай будучыняй – відавочны.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ