Галоўныя падзеі лістапада ў галіне нацбяспекі



Узгадайма сёння галоўныя падзеі мінулага месяца ў сферы бяспекі. Бо як кажуць: “Вялікае лепш бачыцца здалёк.”

Падзея лістапада – арышт КДБ Беларусі па абвінавачванні ў шпіянажы грамадзяніна Украіны Паўла Шаройка. Само затрыманне адбылося яшчэ 25.10.2017. Першапачаткова паміж уладамі Беларусі і Украіны была дасягнутая дамоўленасць не надаваць шпіёнскай гісторыі агалоскі, каб не нашкодзіць беларуска-украінскім адносінам. Украінскі бок вымушаны быў парушыць маўчанне і арганізаваць уцечку інфармацыі аб затрыманні П. Шаройкі пасля таго, як у Менску стала распаўсюджвацца інфармацыя аб тым, што адбылося. У Кіеве баяліся, што беларускія ўлады пачалі сваю гульню.

Асноўным пытаннем зараз з’яўляецца не тое, шпіён Шаройка ці не, а па чыёй віне канфідэнцыйная палітычная інфармацыя стала здабыткам галоснасьці. Круг чыноўнікаў у Кіеве і ў Менску, якім былі вядомыя падрабязнасці таго, што адбылося, вузкі. Ёсць абгрунтаваныя падставы сцвярджаць, што інфармацыя аб шпіёнскім скандале была ўкінутая ў колы беларускіх недзяржаўных палітычных аналітыкаў з Масквы. Такім чынам, у верхнім эшалоне ўлады ў Кіеве і / ці ў Менску маюцца інфарматары, якія перадаюць Расеі палітычна-адчувальныя звесткі.

Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў наведаў Пекін. Цікава адзначыць розніцу ў асвятленні візіту з беларускага і з кітайскага боку. Першыя акцэнтавалі ўвагу на  дапамозе, якую КНР аказвае беларускай арміі. Другія – на тым, што двухбаковыя ваенныя адносіны развіваюцца ў рамках беларуска-кітайскіх палітычных адносін і ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях». Відавочна, што для КНР адносіны з Менскам ператвараюцца ў элемент геапалітычнага вялікадзяржаўнага статусу.

Федэральная служба бяспекі Расеі ў лістападзе публічна пацвердзіла фактычную забарону перамяшчэння грамадзян трэціх краін праз беларуска-расейскую мяжу на сушы. Рэальнай прычынай дзеянняў расейскага боку з’яўляецца спроба прымусу афіцыйнага Менска да стварэння адзінай візавай прасторы.

Беларускія ўлады щстрымліваюцца ад публічных каментароў. Адначасова прадпрымаючы крокі па ўсталяванні кантролю на беларускай-расейскай мяжы са свайго боку.

Зніжэнне празрыстасці беларуска-расейская мяжы ўяўляе пагрозу для сацыяльна-палітычнай стабільнасці прыгранічных беларускіх рэгіёнаў, якія залежаць ад гандлёва-эканамічных сувязяў (у тым ліку і нелегальных) з суседняй краінай.

Беларуская армія рыхтуецца да баявых дзеянняў у гарадах. Падчас збору з афіцэрамі органаў ідэалагічнай работы арміі сярод іншых пытанняў вывучаліся асаблівасці вядзення ідэалагічнай працы пры баявых дзеяннях у горадзе. Адзначаецца, што такі від бою патрабуе высокага ўзроўню псіхалагічнай устойлівасці вайскоўцаў. Так як прыходзіцца весці бой у атачэнні, ва ўмовах цяжкасцяў ці адсутнасці радыёсувязі.

ВПК Беларусі пашырае геаграфію супрацоўніцтва. 12-16 лістапада ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) знаходзілася дэлегацыя беларускіх збраяроў. Пра важнасць падзеі сведчыць той факт, што беларускую дэлегацыю узначальваў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Алег Двігалеў.

16-17 лістапада 2017 года ў Гаване адбылося пасяджэнне Сумеснай Беларуска-Кубінскай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Беларуская дэлегацыя наведала прадпрыемствы ваеннай прамысловасці Кубы. З высокай доляй упэўненасці можна сцвярджаць, што асноўныя праекты ў галіне беларуска-кубінскага ваенна-тэхнiчнага супрацоўнiцтва тычацца капітальнага рамонту, аднаўлення і мадэрнізацыі кубінскай ваеннай авіяцыі і сродкаў СПА, а таксама беспілотнай авіяцыі.

29.11.2017 было падпісана міжурадавае беларуска-казахстанскае пагадненне аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі арганізацый абаронных галін прамысловасці.

Як бачым, лістапад быў багатым на важныя падзеі.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ