Інфармацыйная атака на Беларусь: як гэта можа выглядаць



У канцы мінулага тыдня наш сайт Беларусь Security Blog быў узламаны. Змест аднаго з матэрыялаў быў зменены такім чынам, каб пасеяць нацыянальную варожасць. Зараз тэхнічныя спецыялісты «чысцяць» сайт і ліквідуюць наступствы ўзлому. Але некаторыя выяўленая тэхнічныя дэталі дазваляюць сцвярджаць, што схема, ужытая супраць нас, аналагічная ўзлому сайта баранавіцкай газеты Інтэкс-прэс вясной гэтага года. У абодвух выпадках паміж самім узломам і пачаткам шкодніцтва на сайце прайшоў некаторы час. Мадыфікацыі падвергліся не самыя новыя матэрыялы, а тыя, якія адышлі ўніз стужкі. Пасля чаго ілжывыя звесткі, незаконна размешчаныя на сайце, пачалі распаўсюджвацца ў інтэрнэце праз фэйкавыя акаўнты ў сацыяльных сетках.

Я не схільны звязваць атаку на наш сайт з блакаваннем «Белпартызана» — гэта розныя гісторыі. І іх ініцыятары — ў розных краінах. Але я наўпрост звязваю ўзлом твітэр-акаўнта радыё «Свабода» з нашай сітуацыя. А таксама і восеньскія зломы акаунтаў у сацыяльных сетках тэрытарыяльных упраўленняў міліцыі. Я лічу, што ўся гісторыя ад атакі на Інтэкс-Прэс да нядаўняга ўзлому твітэра «Свабоды» — гэта трэніроўка нашых «стратэгічных саюзнікаў». Перад вясёлай другой паловай 2018 года. Чаму другая палова 2018-га? Таму што ў Расеі да гэтага часу пераабяруць Пуціна, перафарматуюць “Крамлёўскі двор” і ўспомняць, што ў Беларусі таксама неўзабаве адбудуцца выбары. Прэзідэнцкія і парламенцкія. Прычым першыя вельмі можа быць — ужо ў першым квартале 2019 года.

Лукашэнку трэба будзе калі не падтрымка, то хаця б нейтралітэт Масквы. Таму як за наступны год адносіны Беларусі з Захадам прынцыпова не палепшацца, адносіны з Украінай — прынцыпова пагоршацца. Кітай далёка. Г.зн. як звычайна знешнія падпоркі для рэжыму акрамя як у Маскве шукаць будзе па вялікім рахунку няма дзе. І ў Крамлі гэта разумеюць. А таму цэннік прызначаць Аляксандру Рыгоравічу такі, што ў яго апошнія валасы дубам ўстануць. А каб ён быў больш падатлівымі, арганізуюць цэлую сістэму правакацый і актаў ціску на афіцыйны Менск. Ад гандлёвых войнаў да вылучэння адкрыта падтрыманага Масквой кандыдата ў прэзідэнты. Адной з найважнейшых будзе інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя. Чаму? Таму што моцная ўлада абапіраецца на грамадства (пры любым палітычным рэжыме) і надзейнасць сістэмы дзяржкіравання. У Беларусі няма ні першага, ні другога. Улада адарваная ад народу і не жыве праблемамі людзей, разглядаючы іх толькі ка кармавую базу і крыніцу рэсурсаў. Пры гэтым чыноўнікі на месцах, у раёнах, цьмяна разумеюць, што наогул адбываецца ў Менску, якім курсам рухаецца карабель беларускай дзяржавы. А менскае начальства гэтак жа цьмяна ўяўляе сітуацыю ў рэгіёнах. Гэта дзве кропкі напружання, якія ў стане абрынуць усю дзяржаўную сістэму і падарваць волю і магчымасці афіцыйнага Менска да супраціву.

Уявім сітуацыю, пры якой паралізуецца праца асноўных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў. А заадно і сайтаў афіцыйных органаў улады. Людзі спрабуюць атрымаць інфармацыю аб тым, што адбываецца. Адной з крыніц становяцца сайты «другой лініі»: рэгіянальныя і спецыялізаваныя. Якія на той момант будуць ўзламаныя і пачнуць трансляваць фэйкавую інфармацыю з мэтай дэзарыентаваць людзей і выклікаць паніку. А распаўсюджваць гэтую хвалю будуць праз фэйкавыя акаўнты ў сацсетках. Буйныя сайты лягчэй заблакаваць, чым ўзламаць. Таму ламацца будуць малыя інфармацыйныя рэсурсы. Больш за тое, я падазраю, што дзесяткі іх ужо ўзламаныя. Проста зламыснікі скарыстаюцца гэтым у гадзіну Х. А колькасць фэйкавых акаўнтаў у беларускай сегменце таго ж Фэйсбука ужо вылічаецца сотнямі.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ