КДБ хоча любові, а нам патрэбен кантроль



Сёння мне хацелася б вярнуцца да спробы КДБ Беларусі палепшыць свой імідж у грамадстве. Ідэя гэтая пазітыўная і вартая падтрымкі. Ва ўмовах гібрыдных пагроз нашай краіне патрэбныя эфектыўныя і высокапрафесійныя спецслужбы. Якія б карысталіся павагай і абапіраліся на падтрымку грамадства. Чаго немагчыма дабіцца без даверу. І кантролю грамадства над спецслужбамі. Безумоўна, спецыфіка дзяржбяспекі не прадугледжае поўную адкрытасць і абсалютны кантроль. Патрабуецца нейкі прамежкавы варыянт, які, з аднаго боку, карыстаецца даверам падаткаплацельшчыкаў, а з іншага – не ставіць пад пагрозу дзеяздольнасць саміх спецслужбаў.

І такі механізм у Еўропе ўжо даўно выпрацаваны і адносна паспяхова функцыянуе. Гаворка ідзе пра парламенцкі кантроль за дзейнасцю спецслужбаў. З аднаго боку, яго ажыццяўляюць народныя прадстаўнікі, якія надзеленыя даверам падаткаплацельшчыкаў. З іншага, выразныя працэдуры кантролю не ставяць пад пагрозу функцыянаванне спецслужбаў.

Усё пачынаецца з таго, што спецслужбы рэгулярна і падрабязна даюць справаздачу аб выніках сваёй дзейнасці перад парламентам. Таму што ў дэмакратычных прававых дзяржавах менавіта парламент вызначае, куды і на што ідуць народныя грошы. А эфектыўныя спецслужбы таннымі не бываюць. Ім патрэбныя грошы. І нямала. А значыць – патрэбна падтрымка парламента.

Парламент рэалізуе свае кантрольныя функцыі праз спецыяльную парламенцкую камісію па кантролі за спецслужбамі. У абавязковым парадку ў склад камісіі ўключаюцца і прадстаўнікі апазіцыйных партый.

Усе сябры камісіі павінны атрымаць неабходныя допускі да дзяржаўных сакрэтаў. На сябраў камісіі накладаюцца ўсе прадугледжаныя заканадаўствам абмежаванні як на сакрэтаносьбітаў. І яны нясуць адказнасць за разгалошванне сакрэтных звестак.

Парламенцкія камісіі па кантролі за спецслужбамі валодаюць шырокімі паўнамоцтвамі. Яны манітораць захаванне законнасці ў дзейнасці спецслужбаў і адпаведнасць ўнутрыведамасных нарматыўных дакументаў заканадаўству. Вызначаюць памер бюджэтнага фінансавання спецслужбаў. Даюць згоду на прызначэнне кіраўнікоў спецслужбаў і іх намеснікаў. Праводзяць праверкі па найбольш рэзанансных скаргах на дзеянні спецслужбаў і выяўленых у іх працы недахопах. Адсочваюць супрацоўніцтва сваіх спецслужбаў з замежнымі. Даюць заключэнні адносна законапраектаў, якія закранаюць дзейнасць спецслужбаў. Таксама камісія рэкамендуе вышэйшаму кіраўніцтву краіны як палепшыць дзейнасць спецслужбаў.

Безумоўна, парламенцкія камісіі не ўсемагутныя. З улікам таго, што большая частка дзейнасці спецслужбаў працякае па-за полем грамадскай увагі, трэба разумець, што і большасць парушэнняў заканадаўства і правалаў спецслужбаў застаецца пад покрывам таямніцы. А на паверхню выплывае толькі тое, што схаваць немагчыма. Выведка і дзяржбяспека – сфера гранічна цяжкая для любога кантролю і рэгулявання. Таму скандалы, звязаныя са спецслужбамі, скалынаюць перыядычна нават старыя дэмакратыі.

Тым не менш, парламенцкі кантроль застаецца найбольш дзейсным механізмам стрымлівання спецслужбаў у рамках закона. І адначасова, нароўні з незалежным правасуддзем, з’яўляецца найважнейшым механізмам урэгулявання адносін паміж грамадзянінам і спецслужбамі як прадстаўнікамі дзяржавы.

Праўда, для гэтага і сам парламент павінен быць паважаным, што абапіраецца на народны давер, інстытутам.

У выпадку Беларусі тут непачаты край работы. Я і пра парламент, і пра спецслужбы.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ