Крэмль больш не лічыць Лукашэнку хаўруснікам?



20 верасня афіцыйна завяршылася беларуска-расейскае стратэгічнае вучэнне “Захад-2017”. Традыцыйна падчас сумесных вучэнняў адбываюцца сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краін. Аднак у гэты раз Аляксандр Лукашэнка не сустрэўся з Уладзімірам Пуціным для інспектавання сумеснай баявой падрыхтоўкі войскаў. Кіраўнікі дзяржаў назіралі актыўную фазу вучэння кожны на сваім палігоне.

Нагадаем, што раней прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў пра магчымасць сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна на адным з расейскіх палігонаў. Пазней беларускі бок заявіў, што афіцыйнае запрашэнне наведаць Расею Аляксандр Лукашэнка не атрымліваў. А таму і пытанне аб ягоным візіце ў суседнюю краіну не разглядаецца. У сваю чаргу беларускі бок сцвярджае, што накіроўваў Уладзіміру Пуціну запрашэнне наведаць Беларусь падчас вучэння. Якое, як атрымліваецца, той праігнараваў.

Больш за тое ад візіту ў Беларусь адмовіўся і міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Толькі ў апошні дзень вучэння “Захад-2017″ стала вядома, што ў нашу краіну ён не прыедзе. Хоць яшчэ напярэдадні паведамлялася аб тым, што С. Шайгу разам з А. Лукашэнкам будзе прысутнічаць на адным з эпізодаў вучэння. Нагадаю, што міністр абароны уваходзіць у пяцёрку самых уплывовых чыноўнікаў Расеі. Ён займае міністэрскія пасады ва ўрадзе з 1991 года. І з’яўляецца рэкардсменам-доўгажыхаром сярод расейскіх міністраў. Больш за тое, С. Шайгу таксама і адзін з найбольш папулярных расейскіх палітыкаў. І разглядаецца ў якасці аднаго з магчымых пераемнікаў У. Пуціна на пасадзе прэзідэнта Расеі.

Крайні раз С. Шайгу меў двухбаковую сустрэчу з А. Лукашэнкам летам 2013 года. Нагадаем, што ў тым жа годзе расейскі міністр абароны, знаходзячыся ў Менску, публічна абвясціў пра дасягнутае пагадненне па размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай авіяцыйнай базы. Аднак пазней А. Лукашэнка дэзавуяваў гэтую заяву. Чым паставіў С. Шайгу у вельмі няёмкае становішча. І нажыў сабе яшчэ аднаго (як мінімум) ўплывовага ворага ў Крамлі.

Адмова В. Пуціна і С.Шойгу ад візіту ў Беларусь ніяк не звязаны з занятасцю ў Расеі. Гэта адкрыты палітычны дэмарш і прыкмета крайняй незадаволенасці Крамля афіцыйным Менскам. Відавочна, А. Лукашэнке публічна далі зразумець, што ён больш не з’яўляецца крытычна значным саюзнікам для Масквы. І не факт, што ў Крамлі яго ў прынцыпе лічаць за сябра. Нізка інфармацыйных і палітычных правакацый супраць Беларусі да і пад час «Захаду-2017» могуць значна ўскладніць адносіны Беларусі з Украінай і з Захадам.

У Крамлі відавочна разлічваюць, што Менск паспрабуе ўзнавіць ранейшыя адносіны з Расеяй. І будзе гатовы пайсці на шэраг саступак. І пералік расійскіх чаканняў ад Беларусі А. Лукашэнкі вядомы. І ён вельмі ня малы. Фактычна Масква хоча ператварыць Беларусь у свайго васала па прыкладзе Паўднёвай Асеціі ці Абхазіі.

Сумняваюся, што А.Лукашэнка так ужо проста капітулюе перад Масквой. Ён занадта баіцца, што пачаўшы адступаць пад ціскам Расеі, ён страціць самае важнае ў сваім жыцці – уладу. А таму крызіс у беларуска-расейскіх адносінах у бліжэйшы час будзе паглыбляцца і прымаць усё больш вострыя формы. Хоць у ваеннае сутыкненне я не веру. Маскве яно не трэба: там лічаць, што змогуць дамагчыся свайго без прымянення сілы.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ