Менск і Кіеў не жадаюць сварыцца. Але магчыма прыйдзецца



Беларусь і Украіна, нягледзячы на ​​праблемы ў двухбаковых адносінах, дэманструюць гатоўнасць аднаўляць супрацоўніцтва ў пытаннях бяспекі. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра прагматычны інтарэс бакоў. Праблемы палітычнага парадку паміж Кіевам і Менскам застаюцца.

01.03.2018 намеснікі кіраўнікоў пагранічных ведамстваў Беларусі і Украіны Ігар Буткевіч і Васіль Сервацюк падчас рабочай сустрэчы ў Кіеве, абмеркавалі асноўныя напрамкі развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне памежнай бяспекі. У прыватнасці бакі запланавалі на бягучы год правядзенне сумеснай спецыяльнай пагранічнай аперацыі, маюць намер працягнуць правядзенне ўзгодненых мерапрыемстваў па спыненні супрацьпраўнай дзейнасці на мяжы.

6 сакавіка ў Менску прайшла сустрэча Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Анатоля Лапо і Амбасадара Украіны Ігара Кізімы. Разглядаліся актуальныя пытанні забеспячэння функцыянавання беларуска-ўкраінскай мяжы, прыцягнення міжнароднай дапамогі для арганізацыі памежнай бяспекі на сумеснай мяжы. Бакі разглядаюць эфектыўнае супрацоўніцтва ў памежнай сферы ў якасці неабходнага элемента добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Украінай.

На працягу ўсяго 2017 года беларуска-ўкраінскія адносіны ў сферы бяспекі мелі ўстойлівую тэндэнцыю да пагаршэння. Можна казаць пра глыбокае падзенне ўзроўню даверу паміж Кіевам і Менскам па віне абодвух бакоў. Гатоўнасць развіваць прагматычную супрацу ў галіне бяспекі сігналізуе, што ні Беларусь, ні Украіна не маюць намеру ўскладняць двухбаковыя адносіны. Пры гэтым чакаць нейкага цеснага міждзяржаўнага партнёрства падставаў няма. Менск і Кіеў будуць узаемадзейнічаць пераважна на міжведамасным узроўні. І толькі там, дзе гэта не проста выгадна абодвум бакам, але і не стварае для іх дадатковых і істотных праблем з трэцімі краінамі.

Праўда, ёсць адзін момант, які можа перашкодзіць стабілізацыі беларуска-ўкраінскіх адносінаў. Ва Украіне ў бліжэйшы час пачнецца выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта і Вярхоўнай рады, якія павінны адбыцца ўжо ў наступным годзе. Ва ўмовах, калі ў дзеючай ўкраінскай улады поспехаў не вельмі шмат, у Пятра Парашэнкі можа быць вялікая спакуса зрабіць жорсткія крокі. Якія станоўча ўспрыме электарат. Але яны могуць дрэнна адбіцца на адносінах з Беларуссю. Ні для каго не сакрэт, што ва Украіне бізнес і палітыка цесна ўзаемазвязаны. Буйны ўкраінскі бізнес з незадаволенасцю назірае за пранікненнем беларускіх вытворцаў на ўкраінскі рынак. Напрыклад, той жа беларускі цэмент – актуальная тэма для ўкраінскіх вытворцаў гэтага тавару. Ёсць пагроза, што скарыстаўшыся выбарчай кампаніяй ва Украіне, мясцовыя бізнес-колы паспрабуюць палітызаваць чыста эканамічную праблематыку і вырашыць яе на сваю карысць з ужываннем палітычных рычагоў. Ва Украіне Беларусь ужо адкрыта называюць «саюзнікам краіны-агрэсара» (г.зн. Расеі). Пад лозунгам «Хопіць карміць!» і можа быць разгорнута кампанія супраць беларускіх вытворцаў. Якая па сутнасці будзе мець эканамічныя прычыны. Але наступствы яе стануць палітычнымі.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ