Навошта ў Менск прыязджаў генерал Гасанаў



Напачатку тыдня з візітам у Беларусі знаходзіўся Міністр абароны Азербайджанскай Рэспублікі генерал-палкоўнік Закір Гасанаў. Азербайджанскі чыноўнік правёў сустрэчы з Міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым, кіраўніцтвам Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі і Савета Бяспекі нашай краіны.

9 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прыняў азербайджанскага Міністра абароны.

А.Лукашэнка пацвердзіў намер Беларусі развіваць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Азербайджанам. Пры гэтым беларускі кіраўнік заявіў, што «… Мы суверэнная незалежная дзяржава, і мы маем права вызначаць тыя напрамкі супрацоўніцтва, якія адпавядаюць духу часу, запытам нашых дзяржаў». Падчас сустрэчы Лукашэнка сказаў, што калі Беларусь нешта можа зрабіць для бяспекі Азербайджана – то яна гэта зробіць.

Варта нагадаць, што раней падчас беларуска-расейскіх „газавых войнаў” Азербайджан аказваў Беларусі экстраную фінансавую падтрымку, выдаючы крэдытныя рэсурсы хутка, на значныя сумы і на ільготных умовах. І А. Лукашэнка гэта памятае. Акрамя таго, добрыя асабістыя адносіны беларускага кіраўніка і Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева дазваляюць разглядаць стасункі паміж Менскам і Баку як стратэгічныя. Год таму, падчас выставы ўзбраенняў ADEX-2016, Прэзідэнт Азербайджана асабіста прыняў толькі тры дэлегацыі: турэцкую, пакістанскую і беларускую. А Беларусь на выставе прадставіла варыянт ракетнага комплексу «Паланэз» з далёкасцю прымянення 300 км.

Падчас візіту ў Менск, генерал-палкоўнік З.Гасанаў адзначыў, што ў ваенна-тэхнічнай галіне ёсць добрыя праекты і вынікі супрацоўніцтва. І заявіў, што ўся беларуская тэхніка, якая раней была атрымана Азербайджанам, высокай якасці і паспяхова эксплуатуецца ва Узброеных Сілах Азербайджана. Таму, азербайджанскі бок гатовы і далей працягваць і нават пашыраць супрацоўніцтва.

А далей пачынаецца самае цікавае. Як паведаміла афіцыйная азербайджанская крыніца 8 кастрычніка (то бок ў нядзелю) «… Міністр абароны Азербайджанскай Рэспублікі генерал-палкоўнік Закір Гасанаў наведаў прадпрыемства абароннай прамысловасці і ваенны палігон». Менавіта так: адно канкрэтнае прадпрыемства. Дзе азербайджанская дэлегацыя азнаёмілася з баявой тэхнікай і іншай прадукцыяй ваеннага прызначэння, што вырабляецца ваеннай прамысловасцю Беларусі, а таксама пацікавілася ўзбраеннем і ваеннай тэхнікай, здольнай падвысіць моц арміі Азербайджана. І прыкладваецца здымак азербайджанскага Міністра на фоне «Паланэза».

Раней стала вядома, што галоўны праціўнік Азербайджана Арменія атрымала з Расеі некалькі аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр» з далёкасцю пуску ў 280 км. І хоць да канца незразумела, ці з’яўляецца гэта ўзбраенне на самой справе ўласнасцю Арменіі, або на ім толькі армянскія апазнавальныя знакі, у Баку паабяцалі знайсці адэкватны адказ. Цалкам магчыма, што такім адказам якраз і можа быць беларускі «Паланэз» з далёкасцю прымянення ў 300 км. Альбо нават яго наступная мадыфікацыя, аснашчаная кітайскімі балістычнымі ракетамі М20.

Так што візіт генерала Гасанава ў Беларусь – гэта не проста знак ветлівасці.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ