Навошта Украіне аўтакефальная царква



Кіеў абвясціў адной са сваіх палітычных мэтаў стварэнне ўласнай, самастойнай памеснай праваслаўнай царквы.

Ва Украіне, дзе рэгулярна наведваюць царкву больш за палову насельніцтва, фактар царкоўнай палітыкі з’яўляецца часткай агульнанацыянальнага палітычнага парадку дня ўжо амаль 30 гадоў. А цяпер яго важнасць ўзрасла яшчэ больш у сувязі з вайной. І незалежнасць царквы стала пытаннем нацыянальнай бяспекі.

Прызнанне самастойнасці ўкраінскага праваслаўя ставіць пад пытанне лідэрства Масквы ў праваслаўным свеце. Расея больш не зможа прэтэндаваць на манаполію на гістарычную спадчыну Кіеўскай Русі, цэнтральным элементам якой з’яўляецца факт прыняцця хрысціянства ўсходняга абраду ў 988 годзе. Гэта выбівае шэраг апор з-пад сучаснай расейскай прапаганды. Тое, што Кіеў быў ахрышчаны ў часы, калі Масквы яшчэ і не існавала — ужо важны элемент ўкраінскай нацыянальнай самасвядомасці. Ва Украіне ўсё гучней галасы тых, хто імкнецца замацаваць ўкраінскую манаполію на гістарычную спадчыну Кіеўскай Русі. Пакінуўшы Расеі магчымасць весці сваю гісторыю ад улуса Залатой Арды, які атрымаў самастойнасць ў 1480 годзе.

Незалежная памесная ўкраінская царква азначае, што ў Расеі рэзка зніжаюцца магчымасці па выкарыстанні царкоўных арганізацый для збору інфармацыі аб сітуацыі ва Ўкраіне. У Кіеве існуе меркаванне, што расейскія спецслужбы актыўна выкарыстоўваюць клірыкаў для збору звестак рознага характару і вядзення схаванай і адкрытай прарасейскай прапаганды. Акрамя таго, царкоўныя арганізацыі выступаюць рычагом уплыву на ўзровень грамадскай напружанасці ва Ўкраіне. Таму фактар незалежнай праваслаўнай царквы ў Кіеве разглядаецца як неабходны элемент ўмацавання ўкраінскай дзяржаўнасці.

Руская праваслаўная царква, пазбавіўшыся сваіх украінскіх «уладанняў», губляе статус найбуйнейшай у праваслаўным свеце па колькасці прыходаў. А апроч статусу, і шэраг даходаў, якія генеруюцца царкоўнай маёмасцю. Узяць тую ж Кіева-Пячэрскую лаўру.

Прызнанне права на незалежнасць ўкраінскага праваслаўя ад Масквы пацягне ўзмацненне тэндэнцый на аддзяленне ад РПЦ і ў іншых краінах. У першую чаргу – у Малдове, дзе расейскае праваслаўе змагаецца з румынскім. А гэта азначае абвастрэнне і без таго не лепшых расейска-румынскіх адносін пры адначасовым ўмацаванні адносін паміж Украінай і Румыніяй.

Для Беларусі, дзе уцаркоўленымі з’яўляюцца толькі 6% насельніцтва, пытанне арганізацыі рэлігійнай іерархіі першарадным ніколі не было. Статусу РПЦ на Беларусі нішто не пагражае. Прычым – пры любой уладзе, нават самай праэўрапейскай і прадэмакратычнай. Хаця б па той прычыне, што праваслаўная царква ў нас – гэта частка дзяржаўнага апарату. Прычым, далёка не самая ўплывовая частка. Беларускі экзархат у сённяшнім сваім стане не здольны стаць інструментам небяспечнай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. І яшчэ большае ўмацаванне кантролю дзяржавы над праваслаўнай царквой можна было б толькі вітаць.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ