Не ўсе летувісы супраць АЭС у Астраўцы



У Астраўцы поўным ходам ідзе будаўніцтва Беларускай АЭС. А паралельна з ім працягваецца палітычны і медыйны канфлікт паміж афіцыйнымі Вільняй і Менскам вакол праблемы бяспекі атамнага аб’екта.

На афіцыйным узроўні мы чуем гранічна рэзкія выказванні з боку летувіскага  кіраўніцтва, якое тлумачыць сваю жорсткасць жаданнем гарантаваць бяспеку жыхарам сваёй краіны. Калі ж справа даходзіць да канкрэтыкі і рэальных аргументаў, зарыентавацца даволі складана, паколькі мы не бачым пазіцыю летувіскіх энергетыкаў, а ім ёсць што сказаць.

І іх меркаванне не заўсёды супадае з пазіцыяй дзяржавы. Да гэтага часу ўлады Літвы на ўсіх узроўнях сцвярджалі, што БелАЭС — гэта пагроза, але адмаўляліся апублікаваць імёны энергетыкаў, якія б змаглі пацвердзіць дадзенае сцвярджэнне.

Парадокс заключаецца ў тым, што цэлы шэраг летувіскіх спецыялістаў-энергетыкаў выступаюць супраць пазіцыі ўладаў сваёй краіны. Па іх словах, БелАЭС бяспечная і будуецца яна менавіта ў тым месцы, у якім і павінна.

Гэта ў прыватнасці прафесар Юргіс Вілемас і Альгірдас Стумбрас. Абодва яны з’яўляюцца ганаровымі сябрамі летувіскага камітэту Сусветнай энергетычнай рады.

Па словах прафесара Вілемаса, ключавая памылка Літвы ў тым, што яна адмаўляецца ад дыялогу з суседзямі. У інтарэсах Вільні было б наадварот знаходзіць кропкі супрацоўніцтва з Беларуссю па пытанню АЭС. Таму што БелАЭС будзе пабудавана нягледзячы на пратэсты. Пры гэтым суседняя Латвія не выступае супраць АЭС. На думку летувіскіх спецыялістаў праект БелАЭС — адзін з самых надзейных і якасных ў свеце. Аналагічныя станцыі цяпер будуюцца ў Фінляндыі і Вугоршчыне. Асноўнае пытанне – арганізацыя кантролю за якасцю будаўнічых работ.

Галоўная праблема вакол будаўніцтва БелАЭС — гэта крайняя палітызацыя пытання. З выключна тэхнічнай сферы, дзе і маглі б супрацоўнічаць кампетэнтныя спецыялісты суседніх краін для бяспекі электрастанцыі, фокус дыскусіі змясціўся ў сферу палітычную. Дзе замест фактаў і аргументаў – гучныя і ні да чаго не абавязваючыя заявы і лозунгі. На жаль, пакуль няма перадумоў для таго, каб Менск і Вільня зрабілі крокі на сустрэчу адзін аднаму. Летувіскія палітыкі сказалі занадта шмат, каб цяпер адмовіцца ад сваіх слоў. А беларускія ўлады баяцца страціць твар і паказаць слабасць. А таму схільныя наогул замоўчваць сітуацыю вакол будаўніцтва БелАЭС. Дарэчы, 13 лютага ў ходзе пасяджэння Рады бяспекі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за тое, што недастаткова намаганняў прыкладаецца для інфармацыйнага суправаджэння нацыянальнага ядзернага праекту.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ