Непрыкметны візіт Лукашэнкі ў Індыю



У апошнія тыдні ўвага грамадскасці была накіравана на вучэнні «Захад-2017». Таму неяк зусім незаўважна прайшоў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю. Фармальна вандроўка была прысвечана 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Менскам і Нью-Дэлі. Сустракаючыся з кіраўніцтвам Індыі, беларускі лідар зрабіў шэраг заяў, якія заслугоўваюць пільнай увагі.

«Мы бачым, як Вялікая Індыя і ідэя Слаўнай Новай Індыі аб’ядноўваюцца ў рэальным увасабленні. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб Індыя стала вялікай, магутнай краінай. Таму, што мы прасоўвалі, абвяшчалі і падтрымліваем дагэтуль ідэю шматпалярнасці. І мы хацелі б, каб Індыя стала магутным полюсам нашай планеты», — заявіў беларускі кіраўнік.

«Вялікая Індыя немагчымая без вашай прысутнасці на той тэрыторыі, на якой размешчана Беларусь – паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрапейскай уніяй», —падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

І прапанаваў Індыі стварыць на Беларусі навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк.

«Я прапанаваў Прэм’ер-міністру Індыі стварыць у Беларусі – на шляху перасячэння з усходу на захад і з поўдня на поўнач – навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк, дзе будуць створаны самыя выгадныя ўмовы для інвеставання і дзе індыйскія кампаніі разам з іншымі сусветнымі кампаніямі, калі будзе такое жаданне, змогуць размяшчаць сваю вытворчасць і рэалізоўваць тавары і паслугі на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўразвязу”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Узнікае адчуванне дэжавю. Усё гэта мы ўжо чулі раней. Спачатку «вялікай» была Расея. Потым адносіны з Масквой пагоршыліся, і «вялікім» стаў Кітай. Зараз «вялікай» стала Індыя. І ўзнікае пытанне: ці азначае гэта незадаволенасць афіцыйнага Менска дынамікай развіцця адносін з Пекінам?

Сапраўды гэтак жа, як раней Кітай, Лукашэнка кліча ў Беларусь ужо Індыю. І ідэя з індыйскім індустрыяльным паркам не новая: ужо ёсць беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Надзеі на які ўскладаліся вялікія, але вынікі дзейнасці парку пакуль не ўражваюць. Не спяшаюцца кітайскія інвестары укладваць грошы і перадаваць тэхналогіі ў Беларусь. Дарэчы, нішто не перашкаджае ствараць ў гэтым парку прадпрыемствы і індыйскім інвестарам. Было б жаданне.

Канешне, нельга цалкам выключаць магчымасць таго, што рыторыка А. Лукашэнкі ў Нью-Дэлі была выкліканая расчараваннем ад супрацоўніцтва з Пекінам. Але магла быць і іншая прычына, супрацьлеглая: Лукашэнка як раз задаволены адносінамі з кітайцамі і спрабуе паўтарыць такі самы трук і з індыйцамі. Выкарыстоўваючы тыя ж славесныя формы і прапановы.

Але як на гэта адрэагуюць ў Пекіне? Кітай з фабрыкі свету ператвараецца ў грамадства спажывання. Паступова адкрываючы свой унутраны рынак для замежнай прадукцыі. А вось Індыя можа стаць новым глабальным індустрыяльным лакаматывам. І пакуль прытрымліваецца палітыкі пратэкцыянізму, абмяжоўваючы імпарт.

Варта нагадаць і то, што Індыя з’яўляецца сапернікам Пекіна. Абедзве краіны ваявалі адна з адной і маюць нявырашаныя тэрытарыяльныя спрэчкі. Ды і цяпер нярэдкія узброеныя сутычкі на мяжы паміж дзвюма гаспадарствамі.

Вядома, Беларусі неабходна развіваць адносіны з Індыяй. Але «Усход-рэч далікатная» і шаблоны там не працуюць. Бо можна і з кітайцамі адносіны сапсаваць, і з індыйцамі іх не палепшыць.

Андрэй Паротнікаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ